Выбрать главу

І тут стае ў прыгодзе вельмі прымітыўная канцэпцыя гісторыі Беларусі. Зь яе вынікае, што ў мінулым беларускі народ ня меў ні свае дзяржавы, ні свае гісторыі, ды ён ніколі й не імкнуўся да самастойнага дзяржаўнага жыцьця. У эпоху Кіеўскай Русі ён тварыў адзінае цэлае супольна з «древнерусским» народам і «древнерусской» дзяржавай. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага над ім панавалі «литовские феодалы» (трэба разумець - сучасныя летувісы), і беларускі народ «томился в условиях национального порабощения». Змаганьне беларускага народу з «угнетением литовских феодалов» і адпаведная «помощь» з боку Расеі прывялі нарэшце да ягонага «национального освобождения» і «воссоединения в едином русском государстве» - у складзе Расеі. «Упершыню» сваю дзяржаўнасьць беларускі народ набыў у выніку гэтак званай Кастрычніцкай рэвалюцыі, дый у гэтым выпадку ён атрымаў яе з рук Леніна (некалі гаварылася пра «рукі» Сталіна).

Кепска было тым, хто наважваўся абыйсьці лягічную «стройнасць» гэтае канцэпцыі. Прыкладам, савецкі гісторык І.Б.Грэкаў у адной з сваіх працаў[5] неяк пазытыўна адгукнуўся пра Вялікае Княства Літоўскае, назваўшы яго дзяржавай, што выступіла ў якасьці задзіночнага цэнтру на ўсходзе Эўропы ды з гэтае прычыны сутыкнулася з Маскоўшчынай. Грэкаў быў далёкі ад таго, каб уважаць Вялікае Княства Літоўскае за чыста беларускую дзяржаву. Дарэчы, ён паслугоўваецца толькі тэрміналёгіяй «русские» ці «западнорусские земли» і «западнорусские княжества». Разам з гэтым, аднак, называе Вялікае Княства «Литовско-Русским государством» і падкрэсьлівае, што гэтае княства «было построено на русской (исторически и этнографически русской) территории» й склалася ня гэтак у выніку «прямой вооруженной экспансии литовских феодалов», як з прычыны «наличия в самих западнорусских землях определенных тенденций к объединению». Паводле меркавання Грэкава, таксама «международное и внутриполитическое положение западнорусских и литовских земель часто ставило перед ними общие задачи» й вымагала іхнага «сближения». У далейшым Вялікае Княства Літоўскае сталася рэальным цэнтрам «собирания русских земель».

Як жа адгукнулася на гэта савецкая крытыка? У адмыслова прысьвечаным гэтаму пытаньню артыкуле І.Б.Грэкаву найперш нагадалі, што ён «скатывается на позиции белорусских буржуазных националистов». Далей сьцьвярджалася:

«Наличие в составе Великого княжества Литовского русских земель и завоевательная политика литовских феодалов на востоке не дают основания ставить знак равенства между княжествами Московским и Литовским, определять их как два равнозначных центра объединения русских земель и соответственно ставить вопрос о «двух путях сложения русской феодальной государственности» в Восточной Европе в ХІV-ХV вв., как это получается у И.Б.Грекова...

В одном случае мы имеем дело с действительным центром объединения русских земель и тесно связанным с этим процессом образования Российского централизованного государства. В другом - также с центром, но с центром экспансии, завоевания и порабощения русских, украинских и белорусских земель»[6].

Адначасна савецкая крытыка не забылася адзначыць, што «вонкавая палітыка Маскоўскай дзяржавы ў канцы ХVІ - пачатку ХVІІ ст. (і тым больш у ХІV-ХVІ стагодзьдзях) не была агрэсіяй, а была змаганьнем за зварот земляў, што былі страчаныя ў эпоху паслабленьня Русі пад мангольскім гнётам».

Калі маладыя гісторыкі ў БССР пачалі паказваць на супярэчнасьць гэтае афіцыйнае канцэпцыі гісторыі Беларусі гістарычным фактам, дык і тут з даручэньня кампартыі ўзялі голас «аспіранты» БДУ В.Люкевіч і Я.Трашчонак. Пераказаўшы трафарэтным спосабам гэтую канцэпцыю, яны адначасна згусьцілі свой аўтэрытэтны голас:

«Измышления о том, что Великое княжество Литовское было белорусским государством, что в этом государстве народ благоденствовал, что уния была специфически белорусской религией, не оригинальны и не новы. Полная научная несостоятельность и сомнительный политический смысл их давно разоблачены советскими историками. Поэтому появление на страницах «Полымя» этих ложных утверждений не может не вызвать удивления»[7].

Як ведама, годны адказ Люкевічу й Трашчонку, а таксама тым, хто стаяў за іхнай сьпіной, даў Мікола Аляксютовіч (памёр без пары ў красавіку 1967 г.). У сваім артыкуле «А дзе ж ісьціна аб'ектыўная?» ён найперш назваў гэтую маскоўска-партыйную канцэпцыю гісторыі Беларусі сьведамым палітычным махлярствам і простым абкраданьнем гісторыі беларускага народу. Адначасова, спасылаючыся на гістарычныя факты, ён высьмеяў бубненьне пра тое, быццам бы БССР - першая ў гісторыі беларуская дзяржава. Беларуская дзяржава, як пісаў Аляксютовіч, вымоўна выступае яшчэ ў гісторыі Полацкага княства, а затым і ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Каб прыйсьці да гэтае высновы, трэба нарэшце разьвітацца з закасьцянелымі канцэпцыямі й догмамі ды заняцца аб'ектыўным вывучэньнем гісторыі Беларусі. Аляксютовіч высьмеяў таксама й практыку «раўнаньня» на расейскіх цароў ды праваслаўе, намаганьне бачыць у Расеі гэтак званую «вызвольніцу» ад «нацыянальнага» й «сацыяльнага» прыгнечаньня[8].