Выбрать главу

У іншых актах 1430-1434 гадоў таксама згадваліся: Якуб з Кабылян - маршалак дворны, Страміла - пан-радца вялікага князя Вітаўта, Юрай - галоўны пасьцельны Вялікага Княства, Нашута - ваявода драгічынскі ды іншыя. Паўторна названыя імёны знаходзяцца варыянтамі ў іншых актах. Наагул, трэба падкрэсьліць, гэтыя імёны дайшлі да нас пераважна ў лацінскай транскрыпцыі з польскім моўным адценьнем і яны, можна сказаць, перадаюцца не зусім дакладна. Возьмем, прыкладам, імя Судзівой. У актах яно часта згадваецца, як Сандывогі й да т.п., а таму й выходзіць, што сын гэтага Судзівоя выступаў ужо як Станька-Станіслаў Сандывугавіч замест Станька Судзівоевіч (намесьнік Горадзенскі ў канцы 1460 - на пачатку 1470-х гадоў). Гэты прыклад можна перанесьці на шмат якія іншыя імёны ды прозьвішчы. Трэба зазначыць, што бальшыня носьбітаў згаданых тут імёнаў пасьля наагул зьнікне з палітычнае арэны. Дарэчы, імёны з заўважанымі тут «балцкімі» фіналямі сустракаліся ва ўсіх народаў Эўропы.

Беларускія шляхоцкія роды

Ня ставячы перад сабой заданьне прасачыць генэалёгію кожнага з гэтых імёнаў і родаў, зьвернемся цяпер да праблемы, хто ж, нарэшце, палітычна панаваў у Вялікім Княстве Літоўскім у ХV і, скажам, на пачатку ХVІ стагодзьдзя?

Паны, пасьля князі Радзівілы - гэтыя сама «буйныя літоўскія феадалы», якія запраўды варочалі палітыкай гаспадарства. Свой род яны вялі не ад Радзівіла Вайшвідавіча з акту 1401 году й, магчыма, не ад Радзівіла Гарадзельскага прывілею, але ад Осьціка, які паводле акту 1401 году быў кашталянам ашмянскім і паводле акту 1434 году - кашталянам віленскім ды трапіў і ў Гарадзельскі прывілей. У 1440-х гадох ён згадваўся таксама на пасадзе маршалка земскага. Паводле акту 1434 году адзін Радзівіл тады быў маршалкам земскім Вялікага Княства, а ў 1440-х гадох ён выконваў дыпляматычную місію ў Крыме. Гэты Радзівіл, як вынікае, быў сынам памянёнага Осьціка, бо ў актах 1469 і 1472-1474 гадоў выступае ўжо Радзівіл Осьцікавіч, які ад 1466 году займаў пасаду ваяводы троцкага быў адначасна кашталянам троцкім і тым жа маршалкам земскім. Ён памёр у 1477 годзе. Пан Мікалай Радзівіловіч, або Радзівіл, які, бясспрэчна, быў сынам Радзівіла Осьцікавіча, ад 1481 году займаў пасаду намесьніка смаленскага, а ад 1486 году быў кашталянам троцкім і намесьнікам наваградзкім і бельскім. Дзесьці ад 1492 году, ці нават раней, Мікалай Радзівіл быў ужо ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства, застаючыся на гэтых пасадах да 1510 году. Ягоны сын Мікалай Мікалаевіч Радзівіл, знаны як Радзівіл ІІІ, дзесьці ад 1488 году быў крайчым, пасьля падчашым Вялікага Княства і намесьнікам бельскім, тады ад 1505 году - маршалкам земскім і ваяводам троцкім, а ў 1510-1522 гадох - ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Пан Юрай Мікалаевіч Радзівіл (1480-1541) у 1511-1515 гадох займаў пасаду ваяводы кіеўскага, пасьля быў намесьнікам горадзенскім, тады кашталянам троцкім (1522-1527), віленскім (ад 1527 году) і вялікім гетманам Вялікага Княства (ад 1531 году). Іншы - Ян Мікалаевіч Радзівіл у гэтым часе быў маршалкам земскім, старастам дарагічанскім і слонімскім.

Дарэчы, дзяржаўна-палітычная роля Радзівілаў даволі ведамая ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва Мікалая Юравіча Радзівіла Рудога (1512-1584), які займаў пасады ваяводы троцкага (1550-1566), віленскага (1566-1584), канцлера Вялікага Княства (1566-1579) і вялікага гетмана (1553-1566 і 1576-1584), і Мікалая Радзівіла Чорнага (1515-1565), які быў у 1551-1565 гадох ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Князі Радзівілы - каталікі, у сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя далучылісяі да кальвінізму, тады зноў перайшлі ў каталіцтва.

Вышэй мы згадвалі «чыста славянскія» імёны - Радзіл і Радзіла. Было яшчэ імя Радзім. Імя Радзівіл фактычна належыць да тае ж сям'і імёнаў. Тое сама можна сказаць і пра імя Осьцік або пра імя Осьцікава брата - Дарагі-Драгі. Таму тут асаблівую вагу набывае тое асьведчаньне Сымона Буднага, паводле якога Радзівілы - прадстаўнікі народу «слаўнае славянскае мовы».