Паны Осьцікі - каталікі. Як і Радзівілы, свой радавод яны вялі ад згаданага Осьціка. Дзесьці ад 1492 году, а можа й раней, пан Рыгор Станіслававіч (Станьковіч) Осьцікавіч, або Осьцік, быў маршалкам дворным і намесьнікам у Анікштах, пасьля намесьнікам у Мерачы. У 1500 годзе ён трапіў да маскоўскага палону пасьля прайгранае бітвы на рацэ Вядрошы. Вярнуўшыся з палону, Рыгор Осьцік дзесьці ад 1510 году быў ваяводам троцкім і тым жа маршалкам дворным. Ягоны сын Юрай Рыгоравіч Осьцік, які быў дзяржаўцам упіцкім, у 1566-1578 гадох займаў пасаду ваяводы амсьціслаўскага, а ў 1578-1579 гадох намінальна лічыўся ваяводам смаленскім. Паводле вайсковага попісу 1529 году паны Осьцікі (у Рыгора быў таксама сын Станіслаў, што памёр у 1520 годзе) выстаўлялі 337 узброеных коньнікаў, а Радзівілы - 621, што сьведчыць пра магутнасьць гэтых магнатаў.
Паны Сапегі - праваслаўныя ды паходзілі з Смаленшчыны. Пан Сямён Сапега быў пісарам вялікага князя Казіміра. Ягоны сын - Івашка Сямёнавіч Сапега (1450-1517) - ад 1486 году таксама стаўся пісарам Вялікага Княства. Пры канцы ХV стагодзьдзя ён займае ўжо пасады пісара, намесьніка бранскага й жыжморскага, тады ад 1501-1502 гадоў - пісара й маршалка Вялікага Княства, намесьніка браслаўскага (беларускага Браслава) і жыжморскага, а таксама канцлера канцылярыі вялікае княгіні-каралевы (апошнюю пасаду займаў да 1508 году). У 1506-1517 гадох Івашка Сямёнавіч Сапега быў найвышэйшым сакратаром Вялікага Княства, ваяводам віцебскім (1511-1514) і падляскім (1514-1517). Ён меў братоў Васіля й Багдана. Пан Багдан Сапега да 1494 і пасьля 1496 году быў намесьнікам мцэнскім і любуцкім, тады дзесьці ад 1501 году - маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам высакадворскім. Пан Івашка Багданавіч Сапега ў 1517-1526 гадох займаў пасаду ваяводы віцебскага. Іншыя - Мікалай Паўлавіч Сапега спачатку быў маршалкам бельскага павету, а тады ў 1576-1588 гадох ваяводам менскім, а ягоны бацька Паўла Іванавіч Сапега ў 1558-1579 гадох займаў пасаду ваяводы наваградзкага. Найбольш знаны ў гісторыі - Леў Іванавіч Сапега - у 1580-1585 гадох быў пісарам і сакратаром Вялікага Княства, пасьля займаў пасады падканцлера (1585-1589) і канцлера (1589-1623), тады быў ваяводам віленскім (1623-1633) і вялікім гетманам (1625-1633).
Як і шмат якія праваслаўныя магнаты таго часу, пан Івашка Сямёнавіч Сапега быў прыхільнікам царкоўнага задзіночаньня. У 1491 і 1501 гадох ён наведаў Рым і на аўдыенцыі ў папы адкрыта выказаўся пасьлядоўнікам царкоўнае вуніі, у выніку чаго сустрэўся зь непрыемнасьцямі на бацькаўшчыне. Ён, магчыма, вучыўся ў адным з заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтаў, бо ў тым часе моладзь зь Беларусі масава імкнулася да навучаньня ў гэтых унівэрсытэтах[82]. Здаецца, што ў 1514 годзе Івашка Сямёнавіч Сапега перайшоў у каталіцтва, але іншыя паны Сапегі трымаліся праваслаўя. У сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя яны далучыліся да рэфармацыйных рухаў, а тады перайшлі ў каталіцтва.
Паны Хадкевічы - праваслаўныя. У гістарычнай літаратуры яны часам выводзяцца ад «кіеўскіх баяраў», што быццам прыйшлі да ўлады пры канцы 1470-х гадоў. Гэта, аднак, не адпавядае праўдзе. Як мы маглі канстатаваць, у акце 1434 году выступаў Ходзька Юравіч, які мог быць сынам Юр'я Шліўровіча з акту 1401 году. У акце 1434 году таксама згадваліся два Івашкі - стараста наваградзкі й стараста горадзенскі, але рызыкоўна казаць, што адзін зь іх быў будучым дзеячом Івашкам Хадкевічам, хоць гэта й дапушчальна. Адным словам, у 1450-1470-х гадох пан Івашка Хадкевіч згадваўся на пасадах маршалка земскага, гетмана Вялікага Княства і намесьніка віцебскага, тады ад 1479 году быў ваяводам кіеўскім, а ад 1486 году - старастам луцкім і памёр каля 1490 году. На пачатку ХVІ стагодзьдзя найбольш згадваўся ягоны сын Аляксандар, які займаў тады пасаду дзяржаўцы пуньскага. Але ў Івашкі Хадкевіча быў яшчэ, здаецца, сын Багдан. У ХVІ стагодзьдзі на палітычнай арэне выступалі добра ведамыя ў гісторыі: Гаранім Аляксандравіч Хадкевіч - стараста жамойцкі, кашталян троцкі, дзяржаўца плоцельскі й цяльшоўскі, які памёр перад 1563 годам; Ян Гаранімавіч Хадкевіч - стольны Вялікага Княства, стараста плоцельскі й дзяржаўца цяльшэўскі да 1563 году, тады стараста жамойцкі (1563-1579) і кашталян віленскі (1574-1579); Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч - кашталян троцкі, спраўца стараства жамойцкага й гетман дворны да 1564 году, тады кашталян віленскі (1564-1572) і найвышэйшы гетман (1566-1572); Юрай Аляксадравіч Хадкевіч, які ў тым часе быў крайчым Вялікага Княства і старастам бельскім. Ян Гаранімавіч Хадкевіч быў таксама маршалкам земскім, адміністратарам і гетманам ліфлянцкім. Яшчэ паводле вайсковага попісу 1529 году паны Хадкевічы выстаўлялі 198 узброеных коньнікаў, пасьлей яны маглі выстаўляць у некалькі разоў болей.