Адгаліненьнем паноў Хадкевічаў былі паны Валовічы, таксама праваслаўныя. Апошнія, здаецца, свой род вялі ад пана Багдана Іванавіча Хадкевіча. Паны Валовічы таксама адыгрывалі выдатную палітычную ролю ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, пан Астафей Багданавіч Валовіч яшчэ перад 1563 годам быў маршалкам дворным, падскарбным земскім, пісарам Вялікага Княства і старастам магілеўскім, тады займаў пасады падканцлера Вялікага Княства і кашталяна троцкага (1566-1579, пасаду кашталяна ад 1569) ды канцлера Вялікага Княства і кашталяна віленскага (1579-1587). Рыгор Грынькавіч Валовіч у 1566-1587 гадох быў кашталянам наваградзкім.
Паны Пацы - праваслаўныя, як гэта вынікае з «Плачу» М.Сматрыцкага, але яны аднымі зь першых у ХVІ стагодзьдзі перайшлі ў каталіцтва. У акце 1434 году згадваўся Пац - маршалак дворны. Юрай Пац, што памёр у 1506 годзе, ад 1486 году займаў пасаду ваяводы кіеўскага, тады дзесьці ад 1492 году быў кашталянам, а крыху пасьля і намесьнікам наваградзкім. У 1497-1499 гадох Юрай Пац быў намесьнікам полацкім, пасьля зноў нейкі час намесьнікам наваградзкім. Ягоны сын Мікола Пац ад 1488 году згадваўся на пасадзе маршалка Вялікага Княства. Паны Пацы не зыходзяць з палітычнай арэны і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, Станіслаў Мікалаевіч Пац у 1566-1588 гадох быў ваяводам віцебскім, а пан Паўла Мікалаевіч Пац тады займаў пасады кашталяна віцебскага (1566-1578) і ваяводы амсьціслаўскага (1578-1593).
Паны Глябовічы - праваслаўныя ды паходзілі з Магілеўшчыны. Яны таксама ў ХVІ стагодзьдзі перайшлі ў каталіцтва й захапляліся рэфармацыйнымі рухамі. Пан Юрай Глябовіч у 1480-х гадох згадваўся на пасадзе маршалка Вялікага Княства, тады ў 1493-1499 гадох быў маршалкам і намесьнікам смаленскім, у 1499-1501 гадох - маршалкам і намесьнікам полацкім ды ад 1501 году - маршалкам Вялікага Княства і ваяводам віцебскім, застаючыся на гэтых пасадах да 1511 году, калі ён, праўдападобна, памёр. Ягоны сын Мікола ў 1500 годзе трапіў да маскоўскага палону пасьля бітвы на Вядрошы. Пан Станіслаў Глябовіч (імя гэтае, хоць і стала «каталіцкім», мае той жа корань, што й «праваслаўнае» Станька) дзесьці ад 1492 году быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам мярэцкім, у 1497-1501 гадох - маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам віцебскім, ад 1501 году займаў пасады маршалка Вялікага Княства і ваяводы полацкага ды памёр дзесьці пасьля 1509 году. Ягоны сын Пётра Станіслававіч Глябовіч ад 1501 году быў намесьнікам наваградзкім ды пасьля нейкі час займаў таксама пасаду ваяводы полацкага. Пан Ян Юравіч Глябовіч у 1526-1531 гадох быў маршалкам Вялікага Княства і ваяводам віцебскім, тады ад 1532 году - ваяводам полацкім, пасьля да 1551 году - ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства. Ягоны сын - Ян Янавіч Глябовіч - у другой палове ХVІ стагодзьдзі займаў пасады кашталяна менскага (1571-1585), троцкага (1585-1586) ды падскарбнага земскага Вялікага Княства (1580-1586). Яшчэ паводле вайсковага попісу 1529 году паны Глябовічы выстаўлялі 279 узброеных коньнікаў.
Паны Ільлінічы - праваслаўныя ды паходзілі з Наваградчыны. Пан Іван Ільлініч яшчэ згадваўся ў 1450-1460-х гадох як вайсковы дзяяч. Ад 1479 году ён ужо быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам віцебскім, у 1486-1493 гадох - маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам смаленскім, пасьля займаў пасаду маршалка Вялікага Княства і намесьніка ваўкавыскага ды памёр блізу 1499 году. Ягоны сын - Мікола Іванавіч Ільлініч - ад 1495 году быў намесьнікам менскім, тады ў 1499-1500 гадох - намесьнікам смаленскім. Іншы - Юрай Іванавіч Ільлініч ад 1500 году займаў пасады маршалка дворнага й намесьніка лідзкага, а дзесьці ад 1510 году - маршалка дворнага й старасты берасьцейскага ды заставаўся на гэтых пасадах яшчэ на пачатку 1520-х гадоў.
Паны Зяновічы - праваслаўныя ды паходзілі з Полаччыны. У акце 1401 году згадваўся пан Братоша й ягоны сын Зянові. Братоша быў панам-радцам у вялікага князя Вітаўта, а як склаўся жыцьцёвы шлях ягонага сына - няведама. У адным з актаў 1486 году паведамлялася, што Юрай Іванавіч Зяновіч адпісаў частку свайго майна для Кіеўскага Пячорскага манастыра. Да 1495 і пасьля 1497 году ён быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам браслаўскім (беларускага Браслава). Тады кароткі час згадваўся на пасадзе намесьніка полацкага ды, здаецца, ад 1504 году нейкі час быў ваяводам смаленскім. Пан Мікола Зяновіч у 1500 годзе трапіў да маскоўскага палону пасьля бітвы на Вядрошы. Іншы - Іван Зяновіч ад 1501 году, а можа й раней, займаў пасаду намесьніка краснасельскага. Паны Зяновічы не зыходзяць зь дзяржаўна-палітычнае арэны і ў ХVІ стагодзьдзі. Прыкладам, у другой палове гэтага стагодзьдзя пан Крыштоп Юравіч Зяновіч быў кашталянам берасьцейскім, а пан Юрай Мікалаевіч Зяновіч - намінальным кашталянам смаленскім. У 1566-1579 гадох ён займаў пасаду кашталяна полацкага.