Князі Жаслаўскія - праваслаўныя. У актах яны часамі зваліся таксама Заслаўскімі, але іх ня трэба блытаць з князямі Заслаўскімі, што былі адгаліненьнем князёў Астроскіх і жылі на Валыні. Князі Жаслаўскія свой радавод вялі ад смаленскага князя Юр'я Сьвятаславіча, якога яшчэ Вітаўт вывеў з Смаленску й пасадзіў у Заслаўі каля Менску. Князь Міхайла Іванавіч Жаслаўскі ад 1488 і да 1497 году быў намесьнікам Віцебскім. Ягоны брат князь Фёдар Іванавіч Жаслаўскі дзесьці ад 1489 і да 1499 году займаў пасаду намесьніка бранскага. Іншы - князь Васіль Іванавіч Жаслаўскі - да 1495 году быў намесьнікам менскім, у 1507 годзе згадваўся як дзяржаўца ў Кернаве. Яшчэ адзін, князь Багдан Іванавіч Жаслаўскі, у 1507 годзе згадваўся як дзяржаўца менскі.
Князі Пуцяты - праваслаўныя. Князь Дзімітра Пуцята ў 1480-х гадох быў намесьнікам мцэнскім і любуцкім, пасьля намесьнікам бранскім. Ад 1489 і да 1505 году ён займаў пасаду ваяводы кіеўскага. Памёр у 1505 годзе. Магчыма, ягоны сын або брат, князь Іван Пуцяціч, у 1495 годзе згадваўся пры двары князя К.І.Астроскага.
Князі Глінскія - праваслаўныя, паходзілі з татарскага роду. У актах пачатку 1480-х гадоў згадваліся князь Іван Барысавіч Глінскі - намесьнік чарнігаўскі; князь Багдан Фёдаравіч Глінскі - намесьнік пуцілаўскі; князь Юрай Барысавіч Глінскі - намесьнік аўруцкі. Калісьці князь Барыс Глінскі падтрымліваў вялікага князя Сьвідрыгайлу і ў 1437 годзе падпісаў акт прырачэньня апошняга на вернасьць польскаму каралю Ўладзіславу ІІІ. Яшчэ адзін Глінскі - князь Іван Глінскі - быў замешаны ў «змове князёў» 1481 году супраць Казіміра й тады ж уцёк у Маскву. Ён быў намесьнікам смаленскім, зьмяніўшы там нейкага пана Івана Вяжэвіча. Гэты Івашка Вяжэвіч, або Вязевіч, у 1430-х гадох падтрымліваў вялікага князя Сьвідрыгайлу, тады дзесьці ад 1469 году згадваўся на пасадзе намесьніка смаленскага.
Згаданыя тут князі Глінскія гэтыя свае пасады ўтрымлівалі за сабой і ў 1490-х гадох. Праўда, князь Багдан Фёдаравіч Глінскі нейкі час быў зьмешчаны на намесьніцтва чэркаскае, але ад 1495 году ён ізноў быў намесьнікам пуцілаўскім. Князь Юрай Барысавіч Глінскі загінуў дзесьці на пачатку ХVІ стагодзьдзя ў бітве з крымскімі татарамі пад Аўручам. Князь Іван Львовіч Глінскі ў 1495-1505 гадох быў маршалкам Вялікага Княства і намесьнікам пераломскім і ожскім, тады ад 1505 году - ваяводам кіеўскім, а ад 1507 году - ваяводам наваградзкім. Здаецца, ён трагічна загінуў у часе ведамага бунту і князя Міхайлы Львовіча Глінскага. Князь Васіль Львовіч Глінскі ад 1499 году згадваўся яшчэ «дваранінам», тады ад 1501 году быў падчашым Вялікага Княства і намесьнікам у Васілішках, а ад 1505 году - таксама дзяржаўцам слонімскім. Ён уцёк у Маскву пасьля няўдалага бунту свайго брата. Яшчэ адзін - князь Міхайла Іванавіч Глінскі - ад 1505 году згадваўся ў актах «дваранінам».
Найвыдатнейшы зь іх быў князь Міхайла Львовіч Глінскі. Праўдападобна, што ён вучыўся ў адным з заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтаў ды ў тым жа часе служыў пры дварох заходнеэрапейскіх манархаў. Каля 1499 году ён вярнуўся на бацькаўшчыну й тады ж заняў пасаду намесьніка ўценскага. У 1500 годзе князь Міхайла Львовіч Глінскі быў ужо маршалкам дворным ды намесьнікам уценскім і мярэцкім, ад 1504 году - тым жа маршалкам дворным і намесьнікам уценскім і бельскім. Сваімі здольнасьцямі ён здабыў асаблівую павагу вялікага князя Аляксандра ды тады стаўся фактычна адным зь першых дзяржаўна-палітычных дзеячоў у краіне. Дзяржаўныя акты пачатку ХVІ стагодзьдзя найбольш падпісваліся ім самым ды ягонымі братамі й сваякамі; адным зь першых ягоны подпіс стаяў таксама на ўсіх іншых актах. За самаадданую службу князь Міхайла Львовіч Глінскі тады атрымаў вялікія зямельныя надзелы, у тым ліку Тураў і Мазыр. З гэтае прычыны ён здабыў шмат варагоў з асяродзьдзя іншых магнатаў, і найперш сутыкнуўся з панамі Забярэзінскімі й Ільлінічамі. Паўсталая сьмяротная спрэчка спэцыяльна разглядалася вялікакнязеўскім судом і судом Паноў-Рады, у сувязі з чым пан Ян Юравіч Забярэзінскі страціў пасаду ваяводы троцкага. Варажнеча, аднак, не заціхала і Міхайла Глінскі дамагаўся ўладжаньня яе ў спосаб двубою. З гэтае прычыны вялікі князь Аляксандар прыгразіў, што ў такім выпадку зьляцяць галовы абодвух праціўнікаў. Выдатны разгром князем Міхайлам Глінскім крымскіх татараў пад Клецкам у 1506 годзе яшчэ болей узвысіў ягоны аўтарытэт і зайздрасьць з боку непрыхільнікаў. Тым часам памёр вялікі князь Аляксандар, а стаўленьне да Міхайла Глінскага новага вялікага князя Жыгімонта ІІ Старога значна пахаладнела, да чаго спрычыніліся таксама й ягоныя палітычныя супернікі.
Рэч у тым, што вялікага князя Жыгімонта пры першым ягоным зьяўленьні ў Княстве князь Міхайла Львовіч Глінскі сустрэў, маючы пры сабе «прыватную армію», якая складалася зь 7 тысячаў коньніцы й 3 тысячаў пяхоты. У тым часе Міхайла Глінскі выконваў функцыі вялікага гетмана, а таму гэтакая дэманстрацыя зь ягонага боку была зусім натуральнай. Аднак гэты факт быў выкарыстаны незычліўцамі для абвінавачваньня яго ў тым, быццам ён імкнуўся захапіць вялікакнязеўскі пасад. З гэтае прычыны ў Наваградку была скліканая адмысловая нарада з удзелам самога Жыгімонта і прадстаўнікоў Польшчы, якая таксама спрэчку «князёў Глінскіх - паноў Забярэзінскіх» пакінула неразьвязанай. Тады ж Міхайла Глінскі й прыгразіў, што яму застаецца ўладзіць гэтую спрэчку прыватным спосабам.