Так узьнікае ведамы «бунт князёў Глінскіх» 1508 году, які ў савецкай гістарыяграфіі трактуецца «вялікім паўстаньнем беларускіх феадалаў супраць прыгнёту літоўскіх феадалаў». Першай ахвярай гэтага бунту быў пан Ян Юравіч Забярэзінскі, замардаваны на пачатку лютага 1508 году каля Горадні. Зразумела, рыхтуючыся да бунту, Міхайла Глінскі тады ж навязаў кантакты з Маскоўшчынай. Аднак, перш, чымся канчаткова пайсьці на гэтакі крок, ён яшчэ й яшчэ зьвяртаўся ня толькі да вялікага князя Жыгімонта, але й да ягонага брата Ўладзіслава - караля Чэхіі й Вугоршчыны, змушаючы іх аб'ектыўна палагодзіць узьніклую спрэчку. Нарэшце, не атрымаўшы ад іх якога-колечы адказу, 15 сакавіка 1508 году князь Міхайла Львовіч Глінскі паддаўся маскоўскаму гаспадару і ўзьняў запраўдны бунт. Гэты бунт хутка быў задушаны, а князь зь некаторымі сваімі сваякамі ўцёк у Маскоўшчыну.
Апынуўшыся ў Маскоўшчыне, у 1514 годзе Міхайла Глінскі дапамог ёй здабыць Смаленск. Аднак тады ж ён зьвязаўся з Жыгімонтам ІІ Старым, забавязаўшыся вярнуць Смаленск Вялікаму Княству Літоўскаму, праўдападобна, за цану пераняцьця пасады ваяводы смаленскага. Дзякуючы перахопу ганцоў, змова гэтая была выкрытая, і Міхайла Глінскі быў схоплены па дарозе да злучэньня з арміяй Вялікага Княства, якую вёў на Смаленск князь Канстантын Астроскі. Міхайла Львовіч Глінскі пасьля гэтага 13 гадоў прасядзеў у падзямельлі ў Маскве.
Над гэтым эпізодам мы затрымаліся з тае прычыны, што ён, як і змова князёў 1481 году, у савецкай гістарыяграфіі раздзімаецца як прыклад «пакутніцтва за рускую справу», як імкненьне «нацыянальных герояў» тыпу князя Глінскага «аб'яднаць прыгнечаную Беларусь з сваёй роднай сястрой - Маскоўшчынай».
Што ж можна дадаць да гэтага? А тое, што сам князь Міхайла Львовіч Глінскі ў тым часе быў каталіком. Якая «антыпатрыятычная ерась»! Ён прыняў праваслаўе ў часе згаданае маскоўскае няволі, што, магчыма, і ўратавала яму жыцьцё.
Можна яшчэ зрамантызаваць гэты эпізод. Перад сваёй сьмерцяй вялікі маскоўскі князь Васіль ІІІ, які перад гэтым ажаніўся з князёўнай Аленай Глінскай (дачкой князя Васіля Львовіча Глінскага), рэгентамі будучага Івана Жахлівага прызначыў князёў Міхайлу Львовіча Глінскага й Дзімітра Фёдаравіча Бельскага, таксама ўцякача зь Вялікага Княства Літоўскага і праўнука Альгерда. Аднак гэтае «палітычнае багацьце» так і засталося нявыкарыстанае, бо ўжо ў 1534 годзе Міхайла Глінскі зноў быў кінуты ў падзямельле, а ў 1538 годзе тут была зьнішчаная й сама вялікая княгіня Алена Глінская. За гэтак званую «выбраную маскоўскую свабоду» ў 1547 годзе заплацілі сваім жыцьцём і іншыя Глінскія, што апынуліся ў Маскоўшчыне або тут нарадзіліся. Тады яшчэ ацалелі сам Міхайла Львовіч Глінскі ды маці Алены - Ганна Глінская, але яны ніякае ролі не адыгрывалі.
Да гэтых паноў і князёў, што варочалі дзяржаўна-палітычнымі справамі Вялікага Княства Літоўскага, можна далучыць яшчэ іншых, як, прыкладам, пана Алізара Шыловіча, які ад 1450 да 1486 году быў старастам луцкім і маршалкам Валынскае зямлі, або ягонага сына - Сеньку Алізаравіча, што ад 1488 году быў маршалкам Вялікага Княстваи і намесьнікам берасьцейскім. У ХVІ стагодзьдзі, як ведама, узвышаюцца таксама паны Цішкевічы, Гарнастаі, Гарабурды дый іншыя. Прыкладам, да 1569 году пан Васіль Цішкевіч быў ваяводам падляскім і старастам менскім, ў 1569-1571 гадох - намінальным ваяводам смаленскім. Ягоны сын, Юрай Васілевіч Цішкевіч, у 1566-1576 гадох займаў пасаду ваяводы берасьцейскага. З свайго боку, пан Гаўрыла Іванавіч Гарнастай быў ваяводам менскім (1566-1576) і берасьцейскім (1576-1588).
Усе тут згаданыя паны й князі адначасна ўваходзілі ў склад Паноў-Рады Вялікага Княства Літоўскага. Да яе належалі таксама буйныя ўдзельныя князі, як, прыкладам, князі Слуцкія, Мажайскія (апошнія былі ўцякачамі з Маскоўшчыны) ды іншыя. Абэцэдарскі мае рацыю, калі гаворыць, што да яе не належалі прадстаўнікі вышэйшага праваслаўнага духавенства. Што ж да іншых сяброў Паноў-Рады, дык між іх ніякае розьніцы не рабілася. Тым часам гэтая Рада абмяжоўвала ўладу вялікага князя й неўзабаве фактычна сталася найвышэйшым органам улады. Да таго ж яшчэ дайшла іншая інстытуцыя - сойм, які наагул не прызнаваў якое-колечы дыскрымінацыі ды выпрацоўваў адпаведныя інструкцыі як для Паноў-Рады, гэтак і для вялікага князя.