Выбрать главу

З гэтых ведамак вынікае, што пачынаючы ад другой паловы ХVІ стагодзьдзя найменьне «Белая Русь» з Маскоўшчыны перавандроўвае далей на захад - на сучасныя ўсходнія беларускія й украінскія землі. Гэтае ягонае перамяшчэньне было зьвязанае з новым наступам Маскоўшчыны супраць Вялікага Княства Літоўскага, які тады выліўся ў ведамую Інфлянцкую (Лівонскую) вайну. Запраўды, у працы польскага гісторыка Кромэра «Пра паходжаньне й гісторыю палякаў», што выйшла ў 1568 годзе, пад «Белай Русяй» ужо разумеюцца сучасныя паўночна-ўсходнія беларускія землі, якія былі тады захопленыя Маскоўшчынай або на якія яна мела прэтэнзіі. У данясеньні ў Рым папскага нунцыя ў Польшчы, якое датуецца 26 траўнем 1569 году і ў якім паведамлялася пра падзеі на Люблінскім сойме, Кіеў называўся «сталіцай Белай Русі»[84]. Такім парадкам, ужо тады назовам «Белая Русь» пачалі пакрывацца і ўсходнія землі Ўкраіны, тым больш Кіеўшчына зь Кіевам, якія так імкнулася захапіць Маскоўшчына. «Белая Русь», прытарнаваная да Ўкраіны, асабліва ўвыпукляецца ў сярэдзіне ХVІІ стагодзьдзя - у эпоху гэтак званае «освободительной борьбы украинского и белорусского народов за воссоединение с Россией». У сувязі з гэтым тады ж гетман Багдан Хмяльніцкі выступаў і як «гетман Белай Русі». Паводле азначэньня ягонага пісара Івана Выгоўскага, якое дайшло да нас у пераказе маскоўскіх паслоў, гэтая «Белая Русь» тады прасьцягалася «от Смоленска к Киеву, и к Чернигову, и к Белой Церкве, и к Старому Констентинову», улучаючы гэтак у сябе Цэнтральную Ўкраіну ды ўразаючыся нават у Падольле[85].

Назоў «Белая Русь» зусім не сустракаецца ні ў дзяржаўных актах Вялікага Княства, ні ў гэтак званых «літоўскіх летапісах», улучна з Быхаўцавай і Баркулабаўскай кронікамі. Няма яго і ў ведамых мэмуарах А.С.Радзівіла, пісаных у 1632-1656 гадох[86]. Дарэчы, знаны прыхільнік маскоўскіх цароў манах зь Берасьцейшчыны Апанас Філіповіч, які шмат вандраваў па Вялікім Княстве Літоўскім і пабываў у Маскоўшчыне, у сваім «Дыярыюшы», пісаным у 1640-х гадох, пад «Белай Русяй» яшчэ разумеў Маскоўшчыну. Усё гэта сьведчыць пра тое, што тэрмін «Беларусь» у ХVІ і ў першай палове ХVІІ стагодзьдзя зусім ня быў пашыраны ў нашым народзе.

Праўда, у 1632 годзе зьяўляецца «беларускі біскуп» у асобе Язэпа Бабрыковіча, які ўзначаліў новазаснаваную праваслаўную амсьціслаўскую епархію, але пра гэта будзе гутарка далей. Назоў «Белая Русь» ненадоўга трапляе таксама ў акты Рэчы Паспалітай пад час вайны з Мскоўшчынай 1654-1667 гадоў. Але ў гэтым выпадку ён быў накінуты маскоўскай дыпляматыяй. Захапіўшы з дапамогай украінскіх казакоў блізу ўсе землі Вялікага Княства, у верасьні 1655 году маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч абвяшчае сябе ў Вільні «самодержцем всея Великія, Малыя и Белыя Россіи и Литвы», залічаючы да гэтае «Белыя Россіи» Полаччыну, Віцебшчыну, Смаленшчыну, Магілеўшчыну, Гомельшчыну, а да «Литвы» - землі з гарадамі Вільня, Трокі, Коўна, Горадня, Берасьце, Пінск, Менск, Тураў ды іншымі. У гэтых абставінах і дыпляматыя Рэчы Паспалітай змушаная была прыняць гэтую тэрміналёгію, тым больш, што адначасна йшла вайна з Швэдыяй. У пачатых перамовах Маскоўшчына тады дамагалася ня толькі далучэньня ўсяе гэтае «Белае Русі», але й акупацыі на 20 гадоў вылучанае з Вялікага Княства Літоўскага «Літвы». У верасьні-кастрычніку 1656 году з боку Рэчы Паспалітай быў прапанаваны плян пакліканьня сына маскоўскага цара на пасад караля й вялікага князя з умовай, калі да Рэчы Паспалітай адыйдзе ня толькі гэтая «Літва», але й «Белая Русь», што адмяжоўвалася ракой Бярэзінай. З гэтае прычыны, прыкладам, «Белая Русь» фігуравала ў складзе Вялікага Княства і ў пастановах Варшаўскага сойму 1662 году, што датычыліся шкодаў, прычыненых пастоямі й пераходамі войска. Гэтае найменьне, аднак, зьнікае з выгнаньнем маскоўскае арміі з нашае краіны. Яна не захавалася і ў актах Андрусаўскага міру між Маскоўшчынай і Рэчай Паспалітай 1667 году.