З гэтых прыкладаў пра стан свабоднага сялянства можна зрабіць пэўную выснову і пра стан «непахожага» сялянства. У першай палове ХVІ стагодзьдзя яно фактычна ўжо было прымацаванае да зямлі й да сваіх гаспадароў - прыватных земляўласьнікаў ці дзяржаўнага скарбу, што аднак ня трэба разумець у катэгарычнай форме. Прыкладам, на сваіх землях Райгорадчыны й Ганязчыны Радзівіл у 1536 годзе ўводзіць аднадзённую паншчыну на тыдзень з валокі зямлі. У 1540-х гадох на землях аднаго з паноў Хадкевічаў была ўжо 3-дзённая паншчына на тыдзень з валокі зямлі, а на землях віленскага каталіцкага архідыякана Ясінскага паншчына даходзіла нават да 5 дзён на тыдзень з тае ж валокі зямлі. Зразумела, што пры павелічэньні паншчыны зьмяншалі, або зусім ня бралі чынш, які сплочваўся прадуктамі й грашыма.
Ад 1553 і 1557 гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім праводзіцца вядомая валочная зямельная рэформа на дзяржаўных землях. Яе пачала праводзіць маці вялікага князя Бона, а тады й сам Жыгімонт Аўгуст. Арганізуюцца фальваркі памерам у адну валоку зямлі (21,36 га) і сялянскія гаспадаркі такога ж памеру з разьлікам, каб на кажны гаспадарскі фальварак прыпадала 7 сялянскіх валочных гаспадарак. Гэтыя 7 сялянскіх валочных гаспадарак мусілі апрацоўваць гаспадарскую валоку з разьлікам 2 дні паншчыны на тыдзень і 4 талакі на год. Да фальваркаў прымацоўваліся і былыя нявольнікі, якія цяпер станавіліся гэтак званымі «агароднікамі». Яны атрымлівалі зямлю памерам 3, 6, 9 і больш моргаў і мусілі з 3 моргаў зямлі адрабляць аднадзённую паншчыну на тыдзень, а іхныя жонкі - па 6 дзён на год. Чыншу яны ніякага не плацілі, а паншчыну павінны былі выконваць пешаходнай працай. На «агародніцтва» садзіліся таксама зусім зьбяднелыя сялянскія сем'і, якія ня былі ў стане даць рады з валокай зямлі. Лішнія сялянскія валочныя гаспадаркі вызваляліся ад паншчыны, апрача талакі й гвалтаў (рамонт дарог, замкаў і г.д.), і пераводзіліся на грашовы й прадуктовы чынш. Яны называліся «асаднікі». Кажная сялянская гаспадарка, калі яна была заможная, магла атрымаць і дзьве валокі зямлі з адпаведным павялічэньнем паншчыны й чыншу. Валочнай рэформай былі закранутыя гарады й мястэчкі, якія не карысталіся магдэбурскім правам - самакіраўніцтвам. Абавязкі гарадзкога й местачковага жыхарства, якое мела зямлю, былі нашмат лягчэйшыя і звычайна абмяжоўваліся чыншам.
Валочная зямля дзялілася на чатыры катэгорыі: добрая, сярэдняя, благая й зусім благая, у залежнасьці ад чаго зьмяншаўся ці ўзрастаў чынш грашыма і прадуктамі. Спачатку, апрача згаданае паншчыны й талакі, валочны чынш у пераліку на грошы складаў адпаведна для кажнае катэгорыі: 54, 45, 31 і 14 літоўскіх грошаў. «Асаднікі» да гэтага яшчэ сплочвалі 30 грошаў гэтак званае «асады», ці за вызваленьне ад паншчыны (г.зн. гадавая паншчына тады ацэньвалася ў 30 грошаў), і маглі яшчэ за 22 грошы выкупляцца ад талакі й гвалтаў. Значыць, для іх гадавыя падаткі зводзіліся адпаведна да 106, 97, 83 і 66 грошаў - залежна ад якасьці зямлі. Да паншчыны й чыншу яшчэ дадаваліся агульнадзяржаўныя падаткі - ваенны падатак «сярэбшчына», што накладаўся ў часе войнаў, і звычайны падатак «пагалоўшчына», велічыня якіх заўсёды мянялася ў залежнасьці ад пастановаў соймаў.
Апрача названых тут катэгорыяў дзяржаўнага сялянства асабліва выдзяляліся «панцырныя» й «путныя» баяры. Гэта былі сяляне, якія паклікаліся на вайсковую службу конна й пехатой, а мірным часам выконвалі розныя даручэньні: пасланцоў, праводнікаў ды іншых. Яны звычайна асаджваліся на дзьвюх свабодных валоках; маглі браць і трэйцюю валоку, але зь яе мусілі плаціць чынш і выконваць іншыя павіннасьці. Зь першых дзьвюх валокаў у ваенных часох яны не плацілі ніякіх падаткаў, а мірным часам давалі невялікі сымбалічны грашовы падатак. З гэтых баяраў пасьлей паўстала дробная засьцянковая шляхта. На свабодных адной, дзьвюх і трох валоках асаджваліся таксама конюхі, лесьнікі, стральцы-заганятыя, мельнікі, бортнікі, кавалі дый усе іншыя майстры. У некаторых выпадках частка іхнае зямлі абкладалася чыншам ды іншымі павіннасьцямі, але звычайна падатак плацілі з узятых імі дадатковых валокаў.