У 1640-х гадох у Княстве ў цэлым, а на захадзе Беларусі яшчэ ад канца ХVІ стагодзьдзя, пачаўся перавод паншчынных сялянскіх гаспадарак на звычайны чынш, або на асадную сыстэму гаспадаркі. Гэта рабілася і на дзяржаўных і на прыватнаўласьніцкіх землях. Працэс гэты прысьпешыўся пасьля вайны 1654-1667 гадоў, трываў да сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя. Памянёная вайна з Маскоўшчынай прынесла нашай Бацькаўшчыне страшэнныя спустошаньні. Паводле апісаньняў 1661 году[94], увесь край ляжаў у руінах, спалены й разрабаваны. Маскоўскія і казацкія акупацыйныя войскі палілі гарады й вёскі, асабліва шляхоцкія ды дзяржаўныя фальваркі, рабавалі і разганялі сялянства. З гарадоў у Маскоўшчыну вывозіліся ўсялякія каштоўнасьці, жыхарства, асабліва майстры розных галінаў[95]. Так, прыкладам, паводле некаторых дадзеных, з аднае толькі Магілеўшчыны было вывезена 200 шляхоцкіх сем'яў і блізу 12.000 вольнага гарадзкога жыхарства[96]. Край рабавалі і найміцкія войскі Рэчы Паспалітай. Усё гэта спрычынілася да разгулу эпідэміяў і, зразумела, галадоўлі. У выніку жыхарства Вялікага Княства зьменшылася на 46%, а шмат у якіх раёнах - нават да 75%[97]. Невыпадкова гады тае вайны народ назваў «патопам». Раней распрацаваныя землі цяпер запусьцелі на 35-80%. Так выглядала «освобождение», якое быццам несла тады Беларусі Маскоўшчына!
Падобнае разбурэньне прынесла нашай краіне і Паўночная вайна пачатку ХVІІІ стагодзьдзя. У гэтай вайне Рэч Паспалітая ўважалася за хаўрусьніка Расеі супраць Швэдыі. Аднак Рэч Паспалітая тым часам была ўжо аслабленая, і маскоўскія войскі ў сапраўднасьці былі гаспадарамі ў Княстве. Пад час адступленьня з Вялікага Княства перад арміяй Карла ХІІ у 1707 годзе Пётр І загадаў спальваць і зьнішчаць усё, што траплялася на шляху: вёскі, засевы, збожжа, жывёлу й г.д., і гэта рабілася пачынаючы ад Горадні. І вось новыя вынікі: жыхарства краіны зьменшылася на 40%, а землі запусьцелі на 60-70%[98].
У такіх жахлівых абставінах даводзілася ратаваць тое, што яшчэ можна было ўратаваць. Дзеля гэтага была пашыраная палітыка касаваньня паншчыны й пераводу сялянскіх гаспадарак на чысты чынш. У шмат якіх выпадках выбар пакідаўся самым сялянам. Пад канец ХVІІ стагодзьдзя чыншавікі (раней яны зваліся асаднікамі), пры скасаваньні ўсіх іншых павіннасьцяў, плацілі ад валокі найлепшае зямлі максымум 12 копаў літоўскіх грошаў (капа - 60 грошаў), ад найгоршае зямлі - 4 капы. Звычайна, аднак, грашовы падатак чыншавікоў вагаўся ад 8 і менш копаў на год. Пры адбудове гаспадарак зьбяднелыя сяляне на колькі гадоў атрымлівалі вялікія палёгкі. Прыблізна такія падаткі чыншавікоў заставаліся і ў першай палове ХVІІІ стагодзьдзя. Чыншавікі прыватнаўласьніцкіх земляў плацілі крыху большы грашовы падатак, і тут мацней трымалася паншчына, якая ўсьцяж павялічвалася.
Ад сярэдзіны ХVІІІ стагодзьдзя пачаўся адваротны працэс - перавод на паншчыну, узмацненьне паншчыны да нявыноснасьці, ды наагул пачалося звычайнае рабаваньне сялянства, асабліва прыватнымі земляўласьнікамі.
Цяпер ізноў зьвярнемся да сацыяльнага стану сялянства ў Маскоўшчыне, які, паводле Абэцэдарскага, быў нашмат лагаднейшы дый лагаднейшы яшчэ і з тае прычыны, што быццам «закрепощение» сялянства настала тут адно ў 1649 годзе.