Выбрать главу

Як і ў выпадку Вялікага Княства, у Маскоўшчыне сялянства найперш дзялілася на тых жа дзяржаўных, што станавілі бальшыню, і прыватнаўласьніцкіх (тут вялікую групу станавіла царкоўнае й манастырскае сялянства). Ўсё гэтае сялянства дзялілася далей на «непахожых», якія ў Маскоўскай дзяржаве зваліся «старажыльцамі», і на «пахожых», якія тут зваліся «новопорядчиками». Старажыльцы яшчэ зваліся «чорнымі», бо абкладаліся агульнадзяржаўнымі падаткамі ды іншымі павіннасьцямі. «Чорнымі» маглі быць таксама й «навапарадчыкі», калі яны ўладкоўваліся на зямлі і прыцягваліся да выкананьня агульнадзяржаўных падаткаў. Былі яшчэ і «белыя» сяляне, галоўна царкоўныя й манастырскія, калі яны часова ці стала вызваляліся ад дзяржаўных падаткаў і павіннасьцяў.

Расейскі гісторык М.А.Дзяканаў, які спэцыяльна займаўся пытаньнем сялянства, уважаў, што «старажыльцы» ад даўнейшых часоў ня мелі права на выхад і былі «первыми нашими крепостными крестьянами». Таксама Б.Д.Грэкаў у сваёй згадванай вышэй працы падае шмат прыкладаў зь ХV стагодзьдзя, якія сьведчаць пра тое, што вялікія і ўдзельныя князі проста забаранялі сваім «старажыльцам» пераходзіць на прыватнаўласьніцкія землі, забаранялі прыватным земляўласьнікам вывозіць іх, а калі гэта здаралася, дык вымагалі звароту іх пад страхам штрафу. Тое ж рабілі і прыватныя земляўласьнікі. Такая практыка тым болей узмацнілася ў ХVІ стагодзьдзі. З гэтага Грэкаў высноўвае, што, калі нават старажыльцы яшчэ й карысталіся правам на выхад, дык права гэтае ім было вельмі цяжка рэалізаваць. Аднак у адным месцы свае працы ён кажа, што, будучы «залежнымі» ад сваіх гаспадароў і падлеглымі ім «юрыдычна», у ХV стагодзьдзі старажыльцы яшчэ маглі карыстацца правам на выхад, што, праўда, пад канец ХV стагодзьдзя ўжо абмяжоўвалася драконаўскім спосабам. Кранаючы абмежаваньні Судзебніка 1497 году, у іншым месцы ён нібы дае зразумець, што старажыльцы маглі пераходзіць зь зямлі на зямлю яшчэ і ў ХVІ стагодзьдзі (гл. б.97), але на б.384 Грэкаў зноў выразна канстатуе, што ў ХVІ стагодзьдзі правам на выхад маглі карыстацца толькі «новопорядчики», або «новоприходцы».

Магчыма, што тут Б.Д.Грэкаў мяшае дзьве рэчы. Як і ў нашым гаспадарстве для «непахожых», у Маскоўскай дзяржаве «старажыльцам» дазваляўся пераход, але толькі ў межах вялікакнязеўскіх і прыватнаўласьніцкіх земляў. Гэтакі пераход ня мог спрычыніць якое-колечы шкоды, бо сяляне зноў садзіліся адпаведна на дзяржаўных і прыватнаўласьніцкіх землях. Забараняўся пераход зь дзяржаўных на прыватнаўласьніцкія землі, або наадварот. З другога боку, як і ў Княстве, забарона гэтая магла быць ня гэткай суворай, бо вялікі князь быў шчыльна зьвязаны з прыватнымі земляўласьнікамі, а апошнія зь вялікім князем і дзяржавай.

Аднак застаецца той факт, што ў Маскоўшчыне ўжо ад ХV стагодзьдзя асноўная маса сялянства - старажыльцы - сацыяльна й юрыдычна прымацоўваецца да зямлі й да сваіх гаспадароў. Калі ж сялянская гаспадарка гэтай катэгорыі сялянства тым ці іншым парадкам атрымлівала права на выхад, у тым ліку ў межах дзяржаўных ці прыватнаўласьніцкіх земляў, дык паводле Судзебніка 1497 году яна мусіла выплаціць 1 рубель гэтак званага «пожилого», або «выхаду». Згодна з падлікам знанага расейскага гісторыка В.О.Ключэўскага, рубель канца ХV стагодзьдзя ў пераліку на валюту канца ХІХ стагодзьдзя быў роўны 100 рублям. Як можам канстатаваць, сума «выхаду» была даволі высокай. Паводле Судзебніка 1550 году плата за «выхад» узьнялася да 1 рубля і 6 капеек, але ў гэтым выпадку трэба ўлічваць і зьніжэньне вартасьці рубля, які, калі паслугоўвацца падлікам таго ж Ключэўскага, спаў да 63-83 рублёў у пераліку на валюту канца ХІХ стагодзьдзя. Названы тут «выхад» мог адбыцца толькі раз на год - за тыдзень перад і тыдзень пасьля гэтак званага «Юр'евага дня», які прыпадаў на глыбокую восень.

«Новопорядчики» («пахожыя», калі карыстацца тэрміналёгіяй Вялікага Княства) былі ў асноўным зьбяднелыя сяляне, якія не маглі плаціць падаткі й выконваць іншыя павінасьці. Яны ці проста выганяліся з адпаведных земляў, ці атрымоўвалі права на свабодны выхад. Аднак так ці інакш яны варочаліся да тае ж зямлі, але ўжо былі свабодныя дамаўляцца з новымі гаспадарамі. Да «навапарадчыкаў» належалі таксама каляністыя, або, прыкладам, сяляне з Вялікага Княства Літоўскага, якія пераважна вывозіліся адсюль у часе войнаў. Частка гэткага сялянства пераходзіла ў катэгорыю старажыльцаў, а частка далей вяла сваю вандроўку. Аднак пры пераходзе «навапарадчыкі» мусілі ў той жа «Юр'еў дзень» выплочваць «пожилого» сумай 1 рубель (ад 1550 году - 1 рубель 6 капеек), калі пакідалі сваіх гаспадароў пасьля 4-гадовага тэрміну, і крыху менш, калі выходзілі раней.