Выбрать главу
Незалежнасьць Полацкага княства ад Кіеўскай Русі

Далей, прафэсар імкнецца давесьці, што пачынаючы ад сівое мінуўшчыны і канчаючы на ХІV стагодзьдзі ня можа быць мовы пра апрычонае нацыянальнае й дзяржаўнае разьвіцьцё беларускага народу. Ён катэгарычна цьвердзіць, што культурна, моўна, рэлігійна й дзяржаўна тады йснавалі «старажытнарускі» народ і «старажытнаруская» дзяржава, непадзельныя ў сваёй існасьці. Гэтае «старажытнарускае» адзінства не пакрыжавалася нават фактам канчальнага распаду Кіеўскай Русі на пачатку ХІІ стагодзьдзя. Іншыя пагляды ён залічвае да «хлуслівых сцвярджэнняў сучасных фальсіфікатараў гісторыі Беларусі», што пушчаюцца ў ход дзеля таго, каб «супрацьпаставіць беларускі народ рускаму», «стварыць бачнасць, што ў далёкім мінулым сучасныя брацкія ўсходнеславянскія народы не мелі нічога супольнага». Свае сьцьверджаньні прафэсар Абэцэдарскі будуе, фактычна, на сыпкім пяску, тым жа часам выступаючы й супраць паглядаў (у асобных выпадках) некаторых аўтарытэтных савецкіх гісторыкаў. Гэтак, прыкладам, згадваны Рыбакоў, усяляк абараняючы гэтае «старажытнарускае» адзінства, усёткі павінны быў прызнаць, што распад Кіеўскае Русі на шмат незалежных княстваў «тыпу заходняэўрапейскіх каралеўстваў» быў спрычынены хісткай палітычнай структурай гэтае «старажытнарускае» дзяржавы, папярэднім адасобненым разьвіцьцём і традыцыйнай варожасьцяй да яе ейных паасобных кампанэнтаў. Пры гэтым Рыбакоў даволі часта нагадваў пра «раньняе адасабненьне» Полацкага княства, хоць ён і ўлучае гэтае княства ў склад Кіеўскае Русі недзе ў ІХ стагодзьдзі ды нават і раней.

Вышэй мы гаварылі пра «балцкую тэорыю» паходжаньня беларускага народу В.В.Сядова й іншых савецкіх гісторыкаў. З гэтай тэорыяй, якая не пакідае й сьледу ад канцэпцыі пра гэтак званы «адзіны старажытнарускі народ», не пагаджаецца, прыкладам, П.Н.Трацьцякоў. Але ж і ён канстатуе:

«Очевидно, правы были те историки ХІХ в., которые считали кривичей «наполовину литовцами». И недаром наименование этой группировки - кривичи - имеет балтийское происхождение. Криве - это имя одного из персонажей литовской языческой мифологии»[20].

Тут Трацьцякову трэба было б выходзіць з адваротнага боку, бо ня трэба забывацца, што да канца ХІІ стагодзьдзя старажытныя ліцьвіны знаходзіліся ў залежнасьці ад крывічоў і ад апошніх толькі маглі пазычыць свой гэты «мифологический персонаж» - Крывэ-Крывэйта. Відаць, гарады Крэва ці Крыўгорад (што стаяў на месцы пазьнейшае Вільні) таксама былі заснаваныя гэтымі крывічамі. Але й гэтае прызнаньне, што крывічы былі «наполовину литовцами», сустракаецца з той жа «балцкай тэорыяй» на некарысьць канцэпцыі пра непадзельную «старажытнарускую народнасць», праблемам якой і прысьвяціў цытаваную тут працу Трацьцякоў.

Аднак вернемся да непадзельнае «старажытнарускае» дзяржавы. Прыкладам, у сваёй працы «Полацкая зямля», спэцыяльна прысьвечанай Полацкаму княству, рэдактарам якое быў акадэмік Б.Рыбакоў, маскоўскі гісторык і архэоляг Л.Аляксееў прыходзіць да такое высновы:

«Итак, Полоцкое княжество представляло наиболее самостоятельную политическую единицу древней Руси, обладавшую к тому же и оригинальной культурой. Во внутриполитической жизни княжества это проявилось прежде всего в известном своеобразии социального строя, выразившемся в развитии вечевого начала в ХІІ в. и в слабости княжеской власти... Во внешнеполитической жизни княжества обособленность начала проявляться весьма рано. Уже Брячислав овладел торговыми путями у волоков пути «из варяг в греки» (1021 г.), обеспечивая тем самым контроль товаров, идущих в южную Русь и обратно, а при Всеславе Полоцкая земля почти полностью освободилась от власти Ярославичей в течение всей второй половины ХІ в. Феодальная раздробленность, захватившая Полотчину в ХІІ в. и ослабившая власть князей, ищущих в борьбе с горожанами союзников в среде враждующих между собой княжеских группировок южной Руси, не сломила прежних сепаратистских устремлений Полоцкой земли. Киевским князьям не удается навязать Полоцку своих ставленников; в деле мира, войны и приглашения князей полоцкие бояре и именитые горожане ведут свою самостоятельную политику»[21].