Выбрать главу

Вышэй згадвалася, што сялянская сям'я, якая складалася зь пяці працаздольных чалавек, пазычыўшы 2 рублі, не магла разьвітацца з «халопскай службай» на 13-м годзе, адпрацоўваючы працэнты ад пазычанае сумы. Гэта можа сьведчыць пра тое, як цяжка было сялянскай сям'і скарыстаць з свайго права на свабодны выхад. Таму зразумелым робіцца факт, што яшчэ ад ХV стагодзьдзя «свабодны выхад» пераходзіць у «вываз», г.зн. звычайны выкуп тае ці іншае сялянскае сям'і зацікаўленым земляўласьнікам. Гэткі выкуп, аднак, спрычыняўся да яшчэ большага ўціску «вывезенае» сялянскае гаспадаркі.

Апрача «старажыльцаў» і «навапарадчыкаў» у Маскоўшчыне былі яшчэ пашыраныя катэгорыі сялянаў, якія зваліся «сярэбраньнікамі», «палаўнікамі» й «бабылямі». Сярэбраньнікаў можна прыраўнаваць да «закупаў» у Вялікім Княстве Літоўскім. Яны паходзілі зь зьбяднелага сялянства. Ня могучы разьлічваць на свае сілы й магчымасьці, такія сяляне рабіліся наймітамі-парабкамі, убіраючыся пры гэтым у грашовую запазычанасьць («серабро»). Зь зьбяднелага сялянства выходзілі й палаўнікі, якія, аднак, адрозна ад сярэбраньнікаў, арандавалі зямлю «напалову», г.зн. палову сабранага ўраджаю аддавалі сваім гаспадаром. Арандаваную зямлю яны апрацоўвалі сваёй жывёлай і інвэнтаром, забавязваліся добра даглядаць гаспадарку, а за няўдалы ўраджай, у тым ліку й у выніку засухі, расплочваліся з гаспадарамі з свае «паловы». У ХVІ стагодзьдзі палаўнікі ўвесь час павялічваліся, і пад канец ХVІ - на пачатку ХVІІ стагодзьдзя зямля шмат якіх манастыроў апрацоўвалася вылучна палаўнікамі.

«Бабылі», а таксама «манастырскія дзеці», сваім парадкам выходзілі зь зьбяднелага сялянства, з адпушчаных на волю нявольнікаў і з гарадзкое беднаты. Гэта - найміты й парабкі, якія ня мелі свайго прытулку.

Усе сяляне апошняй катэгорыі карысталіся правам на свабодны выхад, аднак бальшыня іх не магла яго зрэалізаваць з прычыны высокае сумы «пожилого» адшкадаваньня.

Гады «апрычніны» за Іванам Жахлівым прынесьлі страшэнныя спустошаньні і сялянству Маскоўскае дзяржавы. Зьнішчаючы фізычна або высылаючы на Поўнач і ў Сібір баяраў, князёў дый іншых, апрычнікі Івана Жахлівага адначасна зьнішчалі ці выганялі іхных сялянаў і нявольнікаў. Пры гэтым забаранялася пад карай сьмерці даваць такім выгнанцам прытулак, ежу і г.д. Так, прыкладам, было зьнішчана 240 сялянаў і нявольнікаў, якія належалі толькі аднаму баярыну І.П.Фёдараву. У Кліне апрычнікі ўчынілі крывавую расправу над рыбакамі й «агароднікамі», пад час якой было замардавана больш за 3 тысячы чалавек. Найбольш жахлівым прыкладам можа быць зьнішчэньне больш за 40 тысяч гарадзкога жыхарства Ноўгараду і сялянаў, што жылі каля гораду. Паводле тагачасных апісаньняў, у адным толькі Ноўгарадзе на працягу 5 тыдняў штодня апрычнікі тапілі ў Волхаве ад 1000 да 1500 чалавек. Падобную дзікую расправу яны ўчынілі тады і ў Цьверы[99]. Апрача таго, сялянства зганялася зь земляў прыватных земляўласьнікаў дзеля асаджэньня на «апрычных» землях, або раздавалася апрычнікам за іхную крывавую службу.

Гэта, ведама, не магло ня выклікаць галадоўлі й эпідэміяў. У шмат якіх раёнах Маскоўшчыны землі апусьцелі ад 60 да 95 працэнтаў.

Каб неяк наладзіць разбураную разгулам апрычніны сельскую гаспадарку, ад 1580 году пачалося апісаньне земляў, а ў найбольш разбуранных мясьцінах краю (гэткіх была бальшыня) былі ўведзеныя «заповедные годы», у якія зусім забараняўся сялянскі выхад. Забарона гэтая паўтаралася штогоду. Нарэшце пастановамі 1592, 1593 і 1597 гадоў забарона сялянскага выхаду пашыраецца на цэлы край, а земляўласьнікам розных катэгорыяў дазваляецца расшукваць беглых і вывезеных сялянаў 5-гадовае даўнасьці. Праўда, у выніку вялікага голаду ды сялянскіх забурэньняў Барыс Гадуноў у 1601 і 1602 гадох выдае «ўказы», зноў дазваляючы сялянскі выхад. Аднак у цэлым Маскоўскім «уезьдзе» ён і цяпер не дазваляўся, сялянам нельга было выходзіць таксама з усіх іншых дзяржаўных земляў і земляў найбуйнейшых сьвецкіх і духоўных земляўласьнікаў. Але якраз на гэтых землях і сядзела пераважная бальшыня сялянства. Дарэчы, пра тое, што гэты дазвол на выхад быў звычайнай фікцыяй, гаворыць наступны факт. Згаданымі «ўказамі» Барыс Гадуноў «вызваляў» усё сялянства ад дзяржаўных падаткаў. Тым ня менш разам з «указамі пра свабодны выхад» ён разаслаў па краі і «тайны ўказ», які патрабаваў зараз жа зьдзіраць з гэтага сялянства агульнадзяржаўныя падаткі вялічынёй папярэдніх гадоў. Гэтак званае «Соборное Уложение» 1607 году зноў пацьвярджае забарону сялянскага выхаду на ўсёй тэрыторыі Маскоўшчыны, дазваляючы расшукваць беглых і вывезеных сялянаў 15-гадовае даўнасьці. Далей на практыцы дзеіў «указ» 1597 году з правам росшуку беглых і вывезеных сялянаў 5-гадовае даўнасьці. Згодна з законам 1637 году тэрмін росшуку павялічыўся да 9 гадоў, а паводле закону 1641 году - да 10 гадоў. Ведамае «Соборное Уложение» 1649 году адмовілася і ад «заповедных лет» і ад таго ці іншага тэрміну на росшук беглых і вывезеных сялянаў. Яно проста падсумоўвала ранейшую практыку ды ўводзіла поўнае прыгоннае права - звычайную паншчыну.