На прыватнаўласьніцкіх землях пры канцы ХVІ стагодзьдзя паншчына даходзіла да апрацоўкі 5 дзесяцінаў на сялянскую гаспадарку памерам 5-6 дзесяцін. Прыкладам, паводле адпаведных граматаў 1580 і 1590 гадоў сама багатага ў Маскоўшчыне Тройца-Сергіеўскага манастыра з «выці» зямлі памерам звычайна 5 дзесяцін сялянская гаспадарка або плаціла 3 рублі грашовага чыншу, або, калі сядзела на чыстай паншчыне, апрацоўвала 5 дзесяцін манастырскае зямлі. Апрача таго, як чыншавікі («оброчники»), так і прыгоньнікі за год плацілі адміністратару («прикащику») па 12 капеек і ад цэлае воласьці 1 рубель, давалі яму жыта й авёс, а для манастыра касілі сена, звычайна па 20 копаў. Калі ж паншчына спалучалася з чыншам, дык сялянская гаспадарка з «выці» зямлі памерам 5 дзесяцінаў апрацоўвала 1 дзесяціну манастырскае зямлі (ад 1590 году - ад 1,5 да 2 дзесяцінаў, а ад 1601 году - зноў 1 дзесяціну, але нядоўгі час, бо хутка паншчына зноў узрасла). Чыншу яна плаціла 50 капеек, вывозіла 80 вазоў гною, касіла для манастыра 20 копаў сена, а таксама мусіла вывозіць лес, будаваць манастырскія будынкі, абгароджваць землі, забясьпечваць манастыр дрывамі, рабіць для яго крупы й талакно. Валасной адміністрацыі яна плаціла за год па 12 капеек грашыма, давала жыта, авёс, курэй, яйкі. Часам чынш падвышаўся да 1 рубля. Апрача таго, калі манастырскія сяляне не вызваляліся часова ці настала ад агульнадзяржаўных падаткаў, яны плацілі і гэтыя падаткі. Усё сялянства - чыншавікі, паўчыншавікі й прыгоньнікі - з «выці» зямлі павінна было таксама даваць фурманкі (ад 10 і больш фурманак на год) для адвозу манастырскага майна ў Маскву й іншыя гарады.
Прыблізна такі, ці нават горшы, быў стан сялянства на іншых прыватнаўласьніцкіх землях, г.зн. на землях сьвецкіх «фэўдалаў» і «помещиков»[104]. Пры гэтым пры канцы ХVІ стагодзьдзя ўзмацнілася тэндэнцыя пераводу сялянства на паншчыну з адначасным падвышэньнем грашовага чыншу й іншых павіннасьцяў ды з абрэзваньнем сялянскіх надзелаў. Сяляне гэтых земляўласьнікаў, зразумела, плацілі таксама агульнадзяржаўныя падаткі.
Вялікім цяжарам для сялянства ў Маскоўшчыне была гэтак званая практыка «ростовщической операции по принудительному кредитованию крестьян». Пад прымусам сялянам выдаваўся грашовы крэдыт для набыцьця жывёлы, або для наладжваньня гаспадаркі. Ён выдаваўся й збожжам. Пасьля ж гэты крэдыт спаганяўся ў колькі разоў выгадней, а той, хто ня мог яго сплаціць ці адпрацаваць, трапляў у «кабалу». Гэтак, прыкладам, у 1591 годзе сялянам Іосіфа-Валакаламскага манастыра прымусова было выдадзена па 3 рублі крэдыту на «выць» для прыдбаньня кароў, авечак і сьвіньней. За гэта пры канцы году кажная сялянская гаспадарка павінна была выплаціць манастыру вялікія працэнты: 1 пуд масла, 1 вяпрука і 1 барана, што ў пераліку на грошы складала 97 капеек, ці каля 33% гадавых[105]. Сам крэдыт, зразумела, сплочваўся сваім шляхам, або пераносіўся на наступныя гады.
Тым часам за найменшае бунтарства і крадзеж зь сялянства тая ж манастырская адміністрацыя зьдзірала непамерна вялікія штрафы. Напрыклад, як вынікае з «выпісное кнігі» за 1594 год таго ж Іосіфа-Валакаламскага манастыра, за тое, што сяляне бунтаваліся, зрабілі крадзеж і «сено сгноили», 12 чалавек мусілі заплаціць па 5 рублёў штрафу, адзін - 7 рублёў, а колькі іншых - крыху менш.
Для параўнаньня велічыні сялянскага падатку і павіннасьцяў у Вялікім Княстве і Маскоўскай дзяржаве згадаем цяпер пра некаторыя цэны. Прыкладам, у 80-х гадох ХVІ стагодзьдзя ў Маскоўшчыне лес для сялянскае хаты («избы») каштаваў 25 капеек, а разам з пабудовай хаты - 50 капеек. Як вынікае з акрэдытаваньня сялянаў Іосіфа-Валакаламскага манастыра 1591 году, карова тут каштавала 50 капеек, авечка - 10 капеек, сьвіньня - 10 капеек, вяпрук - 33 капейкі, баран - 14 капеек, пуд масла - 53 капейкі. Далей, пры пераводзе натуральнага падатку на грашовы ў 1595 годзе асьміна пшаніцы каштавала 15 капеек, паўасьміны канопляў - 6 капеек. І гэта, калі, прыкладам, «манастырскія дзеці» ў сярядзіне ХVІ стагодзьдзя зараблялі за год да 50 капеек (пад канец гэтага стагодзьдзя, ведама, яны павінны былі зарабляць крыху больш), калі з надзелу зямлі памерам 5-6 дзесяцінаў чыншовая сялянская гаспадарка плаціла 3 рублі падатку, а агульнадзяржаўныя падаткі для яе даходзілі да 2 рублёў і 50 капеек. Мы не згадвалі, але сялянства ўсіх катэгорыяў у Маскоўшчыне мусіла таксама плаціць і ваенны падатак.