Праўда, «патоп» 1654-1667 гадоў і такія ж трагічныя вынікі Паўночнае вайны на пачатку ХVІІІ стагодзьдзя адмоўна паўплывалі на разьвіцьцё гарадоў у Вялікім Княстве Літоўскім. Найперш, шляхта й магнаты, якія тым ці іншым парадкам былі зьвязаныя з гарадамі, вызваліліся з-пад юрысдыкцыі гэтых гарадоў ды атрымалі права на бязмытны гандаль, што, зразумела, падрывала эканоміку гарадоў. Разам з тым надыйшлі абмежаваньні гарадзкога самакіраваньня, што было зьвязана таксама з заняпадам гарадзкога жыхарства й эканомікі ў выніку згаданых войнаў.
Прывілеі ды правы шляхты й магнатаў у Вялікім Княстве добра ведамыя. Будучы занадта ліберальнымі, яны пасьля вырадзіліся ў звычайную анархію, спрычыненую гэтак званым «лібэрум вэто», што і прывяло да палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай. У Маскоўскай дзяржаве гэтая шляхта («помещики» й «дворяне»), а таксама князі й баяры былі «халопамі» вялікага князя й цара. Асабліва пачынаючы ад княжаньня Івана ІІІ, вольнасьці шляхты й арыстакратаў зводзіліся да прынцыпу: «царь приказал, бояре приговорили». Адсюль і добра ведамае ў гістарычнай літаратуры выказваньне Івана Жахлівага, засьведчанае ў ягоным пасланьні да князя Курбскага, які быў уцёк у Беларусь. У гэтым пасланьні цар любіў паўтараць: «А жаловати есмя своих холопей вольны, а и казнити вольны же»[108]. Пра гэта ён пісаў і ў «пасланьнях» да Жыгімонта Аўгуста, падкрэсьліваючы сваю «от Бога даную власть» ды падсьмейваючыся з Жыгімонта Аўгуста, што той, з прычыны шырокае вольнасьці шляхты ў Вялікім Княстве і Польшчы, сам стаўся яе «холопом». За часамі апрычніны Іван Жахлівы занадта быў «вольны казнити своих холопей», і галовы ў баяраў, князёў і звычайнае шляхты зьляталі, як качаны капусты. У такім «халопскім» стане шляхта й баярства ў Маскоўшчыне жылі і перад Іванам Жахлівым і пасьля ягонае сьмерці, прыдбаўшы правы значна пазьней, а перад гэтым у кажным часе яны маглі заплаціць сваімі галовамі, што вельмі часта й здаралася.
Абэцэдарскі, каб падкрэсьліць «бязвыхадны» стан сялянства ў Княстве, паклікаецца таксама на Жыгімонта Гэрбэрштайна, які на пачатку ХVІ стагодзьдзя два разы пабываў у Маскве ды гасьцяваў таксама і ў нашай краіне. Аднак прафэсар мінае тыя мясьціны з успамінаў Гэрбэрштайна, дзе той гаворыць пра агульнае нявольніцтва ў Маскоўшчыне. А Гэрбэрштайн пісаў, што тут вызваленыя на волю нявольнікі адразу «прадавалі сябе» ў новую няволю, бо для іх не было іншага выйсьця. Ён таксама маляўніча апісваў, як жыхарства Маскоўшчыны захаплялася «боствам» свайго вялікага князя-цара, як пры аўдыенцыі зь ім сама знатныя маскоўскія баяры й князі змушаныя былі горбіцца перад ім да стану поўзаньня на ўсіх чатырох і адказваць толькі завучанымі трафарэтамі.
Дарэчы, у савецкай гістарыяграфіі нават жудасьць апрычніны Івана Жахлівага апісваецца, як «прагрэсыўны» фактар. А гэта таму, што быццам бы яна «способствовала централизации» Маскоўскага гаспадарства ды ўмацаваньню ягонае вонкава-палітычнае магутнасьці. У гэтай гістарыяграфіі падобна ацэньваецца тэрор Леніна ды асабліва добра ведамы тэрор Сталіна. Выходзіць, што чалавек, ягонае права на жыцьцё й волю - гэта нішто; галоўнае - палітычная магутнасьць дзяржавы, выйгрыш ад вонкавае экспансіі. Адным словам, дзяржаўная магутнасьць, голая палітычная сіла - гэта той пачварны Малох, якому павінна ахвяравацца ўсё іншае. Парадаксальна, што тая ж савецкая гістарычная й партыйная літаратура ня любіць так званых «гістарычных аналёгіяў», г.зн. ня любіць выводзіць сучасную савецкую рэчаіснасьць ад рэчаіснасьці мінулага Маскоўшчыны-Расеі.
БЕЗ РАСЕІ БЕЛАРУСЬ БЫЛА Б СІРАТОЙ
Наступныя разьдзелы брашуры Абэцэдарскага - «Беларуская народная рэлігія», «Беларусы і Расія» й «Некаторыя пытанні гісторыі беларускай культуры» - мы разгледзем разам. Іхны зьмест можна ахарактарызаваць словамі з артыкулу Міколы Аляксютовіча «А дзе ж ісьціна аб'ектыўная?»:
«Справа ў тым, - пісаў Аляксютовіч, - што і ў наш час ёсьць яшчэ катэгорыя людзей, няздольных зразумець, што ня ўсё тое, што зьвязана зь дзейнасьцю рускіх цароў і праваслаўнай царквы, было прагрэсыўнае. Таму ўсё тое, што пранікала да нас з краін Заходняй Эўропы (і нават славянскай Польшчы) успрымаецца імі як ад нячысьціка. Адсюль - праклён на адрас усіх каталікоў і дыфірамбы на адрас праваслаўных дзеячоў, асуджэньні манархаў і феадалаў іншаземных і паклоны рускаму цару й памешчыкам, рэверансы ў бок рускай феадальнай дзяржавы і падозранае стаўленьне да Вялікага Княства Літоўскага, якое па сваім этнаграфічным складзе, па сваёй тэрыторыі й культуры было пераважна беларускае.»[109]