Выбрать главу

Далей Абэцэдарскі пералічвае прыклады, як вуніяцкія епіскапы й мітрапаліты прыгняталі народ шляхам «бязьлітаснага ліхвярства» дый іншых грашовых махінацыяў, спраўлялі над гэтым народам «крывавыя расправы» ды нават «гвалцілі» дзяўчатаў. Вось вам, высноўвае Абэцэдарскі, і «народная беларуская рэлігія» і ейная «высокая маральнасьць»! Зразумела, паслугоўваючыся падборам толькі адмоўных фактаў, галяпаваць можна і нават далёка. Аднак у такім выпадку прыгледзімся да «маральнасьці» праваслаўнае царквы ў Маскоўшчыне. Вышэй мы згадвалі пра «бязьлітаснае ліхвярства», якое практыкавалася Іосіфа-Валакаламскім манастыром, а таксама пра тыя высокія штрафы, якія гэтым манастыром зьдзіраліся зь сялянаў за тое, што яны фактычна выступалі супраць падобных «ростовщических операций» або «сено сгноили». Раздаўшы ў 1591 годзе сялянам 742 рублі прымусовага крэдыту, манастыр у 1592 годзе атрымаў 709 рублёў гадавых, а ў наступныя гады «и во веки» кажны год разьлічваў атрымліваць па 600 рублёў прыбытку. Праўда, у сувязі з забурэньнямі сялянства, у 1595 годзе гэты манастыр змушаны быў значна панізіць працэнтную плату, але затое пачаў больш зьвяртацца да штрафаў.

Зразумела, Іосіфа-Валакаламскі манастыр ня быў выняткам. Да таго ж даходзіла яшчэ больш «бязьлітаснае ліхвярства», якое звалася «кабалой» і якое прыводзіла да ўзьнікненьня «кабальнае службы» й «кабальных халопаў». За непаслушэнства і «бунтарства» манастырская і царкоўная адміністрацыя мела права зьбіваць сялянаў кіямі ды бізунамі ды пасьля кідаць іх у турмы. І гэта датычыла ня толькі канца ХVІ стагодзьдзя, але практыкавалася й раней. Прыкладам, згадваны Максім Грэк, абвінавачаны ў зьнявазе «русских чудотворцев», у часе суду над ім гаварыў, што «как им чудотворцами быти», калі яны былі ня толькі «бязьлітаснымі ліхвярамі», але й «имели села», «слуги держали и судили, и кнутьем били»[110]. Тут Максім Грэк, які якраз выступаў супраць падобных зьяваў і царкоўнага багацьця, меў на ўвеце ня толькі гэтых «русских чудотворцев», якія ў ХVІ стагодзьдзі раптоўна пачалі зьяўляцца й кананізавацца, але й праваслаўную царкву Маскоўшчыны наагул, ейныя багацьці дый экспляатацыю сялянства й нявольнікаў. Таксама, ведамы за часамі Івана Жахлівага «всесильный» пратапоп Сыльвэстар, які быў прыхільнікам ліквідацыі царкоўных і манастырскіх земляў, тым часам сам займаўся гэтым «бязьлітасным ліхвярствам». Пры сваіх дварох ён трымаў ня толькі цэлую армію «наёмнае службы», але і гандляроў, якія рабілі для яго розныя грашовыя махінацыі.

Дарэчы, што можна сказаць пра езуіцкі прататып маскоўскае праваслаўнае царквы - Іосіфа Валоцкага, ідэалёгія якога афіцыйна была прынятая гэтай царквой? Іосіф Валоцкі, ігумен Валакаламскага манастыра, быў заўзятым абаронцам разбудовы царкоўнага й манастырскага багацьця ўсякімі магчымымі спосабамі, у тым ліку і бязьлітаснай экспляатацыяй народу. З гэтае прычыны сучасьнікам ён быў названы амаральным тыпам і шкурнікам. «Хрысьціянская маральнасьць» у яго зводзілася вылучна да разбудаваньня матэрыяльнае магутнасьці царквы, бо, як ён цьвердзіў, калі царква зьбяднее матэрыяльна, дык ня будзе каму яе ўзначаліць. Ад зьбяднелае царквы адхінецца баярская знаць. Для Іосіфа Валоцкага, усе іншыя вернікі царквы - гэта «халопы», пакліканыя Богам служыць царкве, сваім гаспадаром і «божественному» цару. Прыкладам, паводле ягонае «маралі», «государь волен в холопе» ды «хотя не по правде казнит, а суда с ним нет». Фактычна, за таго ж «халопа» гэтага «государя» Іосіф Валоцкі ўважаў і царкву ў цэлым. «Еретиков» ды іншых, хто не падпарадкаваўся «государю» й царкве або бунтаваў супраць іх, ён проста заклікаў спальваць ды вешаць, або аддаваць на іншыя катаваньні[111]. Ці ж гэтая ідэалёгія не нагадвае «інквізіцыю»?!

Як ужо згадвалася, гэтая фактычна антыхрысьціянская й антыгуманная ідэалёгія Іосіфа Валоцкага стала ідэйным багацьцем праваслаўнае царквы ў Маскоўскай дзяржаве, а сам ён быў залічаны да «сьвятых».

Чаму ж Абэцэдарскі ўхіляецца падаваць такія факты? Дарэчы, як ужо казалася вышэй, ён нават ня згадвае пра трагічную долю старавераў, якія за драбнюсенькія рэлігійныя разыходжаньні бязьлітасна зьнішчаліся, выганяліся з краю або мусілі шукаць прытулку на прасторах Сібіры ці Беларусі.