Адным словам, згаданы тут «пацяг да Маскоўшчыны», які асабліва выявіўся ў часе вайны 1654-1667 гадоў, дыктаваўся рэлігійнымі матывамі й больш нічым, калі абстрагавацца на час ад чыста сацыяльных прычынаў, чым найперш кіраваліся сялянства й гарадзкія нізы.
У 1654-1667 гадох Рэч Паспалітая была заціснутая цяжкімі палітычнымі абставінамі. Ад 1648 году яна знаходзілася ў ваенным канфлікце з казакамі гетмана Багдана Хмяльніцкага, якога ў сваю чаргу падтрымлівала Крымскае ханства. З пачаткам вайны з Маскоўшчынаю на Рэч Паспалітую напала й Швэдыя, неўзабаве акупаваўшы бадай цэлую Польшчу ды паўночна-заходнія землі Вялікага Княства Літоўскага. Велізарная маскоўская армія ў хаўрусе з адзьдзеламі ўкраінскіх казакоў на чале зь Іванам Залатарэнкам з усіх бакоў навалілася на нашу краіну і, з выняткам некаторых паўднёва-заходніх земляў (Наваградчына, Слонімшчына ды іншыя), ужо ў 1655 годзе з свайго боку акупавала яго, даходзячы да Берасьця, Горадні й Вільні. У тыле, зразумела, заставаліся гарады, якія супраціўляліся яшчэ і ў 1656 годзе. Такому шпаркаму пасоўваньню маскоўска-ўкраінскае арміі судзеілі ня толькі агульныя неспрыяльныя палітычныя абставіны, але й праваслаўнае гарадзкое жыхарства на чале з праваслаўным духавенствам. Гэтак, Магілеў быў здадзены маскоўскаму войску з намовы заступніка магілеўскага епіскапа Яраміі, за што, як ён жаліўся ў 1655 годзе маскоўскаму цару, «от могилевцов я, богомолец твой, за то принял многие беды»[121]. У шмат якіх выпадках супраціў у Княстве быў моцны, пра што могуць сьведчыць паведамленьні цару ад Залатарэнкі: «посылали есмя до Бобруйска и до Королевской слободы... оных взяли, в которых много врагов и недругов в. ц. вел. пребывало, и тех всех, что было служилого люду... под мечь пустили, а городы обадва без остатку попалили» (сакавік 1655 г.); «посылали мы до города Глуска... и, добывши, огнем выпалили, много врагов и недругов в. ц. вел., там пребываючих, под мечь поклонили» (сакавік 1655 г.); «место Свислочь знатное... взяв через мечь и не мало в ней неприятелей будучих всех под мечь пустили, а самое место и замок огнем без остатку сожгли» (ліпень 1655 г.)[122]. З другога боку, Стары Быхаў, прыкладам, супраціўляўся яшчэ ў 1656 годзе, пры аблозе якога, вярнуўшыся з-пад Вільні, злажыў сваю галаву той жа Іван Залатарэнка.