Выбрать главу

У згаданым вышэй зборніку дакумэнтаў прафэсар Абэцэдарскі зьмясьціў шмат актаў, што асьвятляюць пытаньне вывазу майстроў. У адных зь іх паведамляецца, прыкладам, што для ўмацаваньня Смаленску зь іншых раёнаў Княства проста зганяліся туды цэлыя партыі майстроў замкавага будаўніцтва. Іншыя майстры разам зь сем'ямі вывозіліся ў Маскву, адкуль траплялі ў іншыя гарады Маскоўшчыны. У актах паведамляецца, якім шляхам траплялі да Масквы гэтыя беларускія майстры, што складалі асноўную масу жыхарства гарадоў Вялікага Княства. Звычайна ідзе найперш «указ государя царя», тады ягонае выкананьне маскоўскімі ваяводамі. Прыкладам, на пачатку 1660 году адзін з падобных «указов» атрымаў віцебскі ваявода М.М.Бабарыкін з правам «сыскивать золотого и серебренного и бронного дела мастеров и учеников» ня толькі ў сваім Віцебскім ваяводзтве, але і ў іншых ваяводзтвах краіны. 7 сакавіка таго ж 1660 году гэты віцебскі ваявода выслаў у Маскву адпаведны адказ, у якім сьцьвярджалася:

«А которые мастеры к Москве на житье итти не похотят и учнут отговариватца, и велено нам, холопям твоим, тех мастеров з женами и з детьми прислать к тебе, великому государю, к Москве... А то нам, холопем твоим, велено им, всяких чинов мастеровым людям, сказать: будет они на Москве жить впредь не похотят и учнут тебе, великому государю, об отпуске бити челом, и ты, великий государь, пожаловав их своим великого государя жалованием, велишь отпустить.»[128]

Як можам канстатаваць, гэтак званы «дабраахвотны» выезд у Маскоўшчыну беларускіх майстроў зводзіўся да іхнае прымусовае высылкі. Гэтак жа прымусова яны «сыскивались» у Вялікім Княстве («переписав и призвав их в съезжую избу и сказав им твой великого государя указ») ды пад канвоем «стрельцов» высылаліся да Масквы. У красавіку 1660 году той жа віцебскі ваявода Бабарыкін атрымаў новы царскі «указ», што загадваў «взять к Москве розных дел мастеров... иконописцев, токарного и деревеного дела мастеров» і таму падобных[129]. Зноў паўтарылася папярэдняя гісторыя «сыскивания» гэтых майстроў у Беларусі і выпраўленьне іх у Маскву пад канвоем.

Абэцэдарскі, ведама, у сваёй брашуры пра падобныя факты зусім ня згадвае, а таму паводле ягонага сьцьверджаньня і выходзіць, што перасяленчая хваля таго часу ў Маскоўшчыну была ня толькі «дабраахвотнай», але й «патрыятычнай». Майстры вывозіліся разам зь сем'ямі й вучнямі.

У сувязі з тым што Абэцэдарскі вандраваньне беларускага сялянства ў тым часе, сялянскія паўстаньні і да т.п. апранае ў той жа «рускі патрыятызм», неабходна згадаць пра наступныя гістарычныя падзеі. Зразумела, следам за агульнай савецкай гістарыяграфіяй падзеі гэтак званага «смутного времени в истории России» пачатку ХVІІ стагодзьдзя ён можа назваць «патриотической борьбой русского народа против польской и шведской иностранной интервенции». Аднак жа, прыкладам, «самозванец Лжедмитрий» дабраўся да Масквы толькі дзякуючы падтрымцы з боку сялянства й гарадзкіх нізоў Маскоўшчыны, у тым ліку й дзякуючы падтрымцы Балотнікава, які ў тым часе ачольваў там сялянскае паўстаньне. З гэтага аднак ніхто з паважных гісторыкаў ня зробіць высновы, што тады сялянства й гарадзкія нізы Маскоўшчыны выявілі нейкі «прапольскі» ці «пралітоўскі» патрыятычны парыў. Таксама, калі ў часе вайны 1654-1667 гадоў сялянства ў Вялікім Княстве бунтавалася, сялянства самое Маскоўшчыны ўцякала на Дон, на Ўрал і за Ўрал. Як і ў Вялікім Княстве, бушавалі тут і лякальныя сялянскія паўстаньні, аднолькава спальваючы й рабуючы маёнткі памешчыкаў. У Маскоўшчыне тады нарастала й ведамая «крестьянская война», узьнятая Сьцяпанам Разінам.

І вось, паводле Абэцэдарскага, вынікае, нібы сялянства нашай краіны ў падобных выпадках абавязкова павінна было кіравацца нейкім «рускім патрыятызмам», але гэтакі падыход аўтар ніякім чынам не хоча стасаваць да сялянства Маскоўшчыны. Мы далёкія ад таго, каб пазбаўляць сялянства нацыянальных пачуцьцяў, але ж трэба заставацца ў межах гістарычнай рэальнасьці ды ўлічваць сацыяльную псыхалёгію й інтарэсы паасобных пластоў грамадзтва.

Беларуская культура эпохі Вялікага Княства Літоўскага