Кідаючыся вось у такія скрайнасьці, прафэсар забываецца, што, прыкладам, Ф.Скарына, С.Будны, М.Сматрыцкі дый іншыя беларускія дзеячы былі высокаадукаваныя людзі. Яны маглі ўзьняцца крыху вышэй і над каталіцтвам і над праваслаўем, над рэфармацыйным рухам наагул, прымкнуўшы да больш рацыянальнае плыні - да гуманізму.
Дарэчы, чым жа характэрная і дзейнасьць Сымона Полацкага? Апынуўшыся ў Маскве, Сымон Полацкі найперш тут заснаваў і быў рэктарам першае сьвецкае школы, што пачала рыхтаваць урадоўцаў для дзяржаўных установаў. Ён таксама стаўся заснавальнікам і кіраўніком гэтак званае «школы лацінікаў», г.зн. гуртка людзей, што адыходзілі ад царкоўнага фанатызму, выступалі за разьвіцьцё сьвецкіх навукаў і збліжэньне Маскоўшчыны з больш культурным Захадам. Гэтым сама Сымон Полацкі падрыхтаваў глебу для адкрыцьця ў Маскоўшчыне першае вышэйшае школы - Славяна-грэцка-лацінскай акадэміі ды быў першы, хто пачаў прасякаць «окно в Европу». Апрача таго, Сымон Полацкі - ня толькі заснавальнік расейскае драматургіі й тэатру, але й «первый по времени русский поэт, творчество которого уже опиралось на определенную систему поэтического стиля», бо «он первый внес в русскую литературу поэзию как художественную форму, первый ремесло пиитического рифмотворения поднял до уровня искусства»[134].
Нашым выдатным паэтам быў і сучасьнік Скарыны - Мікола Гусоўскі. Пра яго толькі цяпер згадалі ў БССР, зрабіўшы й апублікаваўшы пераклад ягонае паэмы «Песьня пра зубра», што ў лацінскай мове выйшла з друку ў Кракаве ў 1523 годзе. Дзіўна, але ў агульнай савецкай гістарыяграфіі ён яшчэ дасюль залічваецца да польскіх паэтаў[135]. Твор гэты, як канстатаваў ягоны перакладнік Язэп Семяжон[136], хоць і напісаны ў лацінскай мове ды вытрыманы ў клясычным стылі, захаваў у сябе выяўленчае багацьце роднае мовы, фальклёру, народных афарызмаў, эпітэтаў, параўнаньняў і г.д. Ён вызначаецца высокім паэтычным майстэрствам, напісаны рэалістычна з глыбокімі роздумамі над сацыяльнымі й жыцьцёва-філязофскімі праблемамі. Дадамо, што й тэма гэтае эпічнае паэмы - беларуская, гістарычна-бытавая. Паэт, як выглядае, быў высокаадукаваным чалавекам, магчыма, ён быў той Мікола, сын Андрэя з Ашмяны, што ў 1504 годзе разам з Ф.Скарынам запісаўся ў лік студэнтаў Кракаўскага ўнівэрсытэту. З пагляду паэтычнага майстэрства - гэта адзін з найвыдатнейшых паэтаў эпохі позняга Адраджэньня. Паводле С.Майхровіча, паэт «здзіўляў адукаваную Еўропу сваімі энцыкляпедычнымі ведамі й вялікім дарам боскім - нязгаснай іскрай паэтычнага таленту», а сама «паэма, хоць і напісаная лацінскай мовай, скрозь, ад пачатку і да канца, ярка сьвеціцца спэцыфічна беларускай вуснапаэтычнай вобразнасьцю». Бо «чытач выносіць з арыгінала "Песьні пра зубра" ўражаньне, быццам перад ім не лацінскі твор, а паэма, перакладзеная зь беларускай мовы на мову лацінскую, - настолькі магутна адчуваецца ў "Песьні" беларуская вобразная стыхія ды ейны спэцыфічна нацыянальны мастацкі калярыт»[137]. Аднак, як выглядае, найбольш рэалістычна й праўдзіва з мастацкага й нацыянальна-гістарычнага гледзішча «Песьню пра зубра» ацаніў Уладзімір Калесьнік. Гэтую паэму ён ставіць у «кантэкст грамадзкай і літаратурнай думкі беларускага Адраджэньня», называючы яе адначасна «дзівоснай зоркай» беларускай літаратуры. Апрача іншых цікавых крытычных выказваньняў, роздумаў і гістарычных супастаўленьняў, Калесьнік прыходзіць і да наступнае высновы:
«Разам з тым, як песьня ўзбагачалася тэмай асабістага й нацыянальнага лёсу, Мікола Гусоўскі ўздымаецца да вышыні нацыянальнага паэта, становіцца ўпоравень са Скарынам. Ахвярнаю асьветніцкаю працай першадрукар узорваў культурную глебу Беларусі пад засеў гуманістычных ідэяў, а Гусоўскі вырашыў увесьці жыцьцё Беларусі й гісторыю ў пантэон гуманістычнай культуры Эўропы. Ідучы з розных кірункаў, ужываючы розныя сяродкі, абодвы гуманістыя - паэт і вучоны-першадрукар - выконвалі агульную цывілізатарскую і патрыятычную задачу»[138].
Таксама, дасюль былі ведамыя толькі пара вершаў і празаічных твораў Андрэя Рымшы - нашага паэта другое паловы ХVІ стагодзьдзя. Як вынікае з адшуканых лістоў Саламона Рысінскага, пісаных у 1586 годзе, А.Рымша меў выдадзенымі свае «Дзёньнікі». З іх С.Рысінскі цытуе адзін верш Рымшы ў сваім перакладзе на лацінскую мову. Гэны кароценькі панэгірычны верш Рымша прысьвячаў Радзівілам, але ён сьведчыў пра высокі паэтычны талент і кругагляд ягонага аўтара. Ды сам Рысінскі высока ацэньвае паэзію Рымшы, імкнучыся надаць ёй «лацінскае грамадзянства». Ягоны лацінскі пераклад верша, зроблены ў двух варыянтах - гэкзамэтрамі й элегічнымі дыстыхамі, яшчэ больш уваскрашае глыбіню й мастацкую прыгажосьць паэзіі Андрэя Рымшы, а таксама сьведчыць пра тое, што сам Саламон Рысінскі быў майстрам паэтычнага слова[139].