Выбрать главу

Зусім не закранаючы пытаньня гуманізму, рэфармацыйныя рухі ў Вялікім Княстве Літоўскім Абэцэдарскі зводзіць да зьяўленьня тут звычайных «радыкальных ерасяў» у каталіцкай і праваслаўнай цэрквах. Бо, паводле аўтара, у краіне не магло быць рэфармацыйных рухаў як з пагляду на пераважнасьць у ёй праваслаўнага жыхарства, гэтак і з тае прычыны, што тут яшчэ «не развіваліся буржуазныя адносіны». Між іншага, ях вынікае з рэцэнзіі З.Капыскага[142], на апошнюю з гэтых штучную марксістоўскую хваробу занядужвае таксама цытаваная вышэй праца С.Падокшына «Рэфармацыя і грамадзкая думка Беларусі й Летувы». Адпаведна й пераход гэтак званых «буйных феадалаў» Княства да пратэстантызму ды кальвінізму Абэцэдарскі разглядае, толькі як іхныя «імкненні павялічыць сваю зямельную ўласнасць за лік царкоўных зямель», а тыя, зноў жа нейкія апрычоныя, «радыкальныя ерасі» - «як выражэнне пратэсту народных мас супраць феадальнага прыгнечання ў Беларусі» (б.84-85). Аднак жа, па-першае, рэфармацыйны рух аднолькава мог закрануць і праваслаўную царкву, а, па-другое, не «радыкальныя ерасі», а толькі рэфармацыйныя рухі з пашырэньнем ідэяў гуманізму маглі спрычыніцца да таго, што ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХVІ стагодзьдзі на нейкі час запанавала роўнасьць усіх веравызнаньняў, і ў рэлігійна-палітычным значаньні гэтая краіна тады была найбольш свабоднай ува ўсёй Эўропе. Што ж да праваслаўнае царквы, дык на тэрыторыі Княства першы яе рэфарматар быў Францішак Скарына, які якраз і пачаў ад змаганьня супраць цемнаты праваслаўнага духавенства й вернікаў, супраць заганаў гэтае царквы, а таксама заганаў сьвецкае ўлады. Падобнымі рэфарматарамі былі, прыкладам, браты Зізані, Мамонічы ды іншыя, і асабліва Васіль Цяпінскі, хоць ён і належаў да «гэрэтычнае» сэкты. Дый у пэўнай ступені за рэфарматараў гэтае царквы можна ўважаць прыхільнікаў царкоўнае вуніі - вышэйшае праваслаўнае духавенства, што падпісала акт царкоўнае вуніі 1596 году.

Абэцэдарскі піша ў сваёй брашуры, быццам пра пэрыяд гісторыі Беларусі 1667-1795 гадоў, «калі ў выніку вызначальнага ўплыву каталіцкага Захаду паўстала рэальная пагроза знішчэння самой беларускай народнасці, буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары маўчаць, як вады ў рот набраўшы» (б.96). Гэта проста няпраўда, хоць і даводзіцца пацьвердзіць, што пэрыяд гэты мала распрацаваны. І сама савецкая гістарыяграфія згадвае пра яго бегла й павярхоўна, з націскам, зразумела, на найбольш адмоўныя фактары. Што ж да гэтых «буржуазна-нацыяналістычных фальсіфікатараў», дык яны не «маўчаць» пра тое, што гэты пэрыяд быў сапраўды пэрыядам «каталіцкае рэакцыі», узмоцненае палянізацыі нашага краю, пэрыядам агульнага заняпаду. Разам з гэтым яны заўважаюць і той факт, што гэты агульны заняпад быў спрычынены ня толькі гэтым «вызначальным уплывам каталіцкага Захаду». Што значылі для Беларусі спусташальна-рабаўніцкія войны 1654-1667 гадоў ды пачатку ХVІІІ стагодзьдзя, сталая агрэсія Маскоўшчыны-Расеі супраць Рэчы Паспалітай, тая яе палітыка, што ўсяляк імкнулася выклікаць і падтрымаць заняпад Рэчы Паспалітай, каб пасьля разарваць яе на «рускі», «прускі» й «аўстрыйскі» кавалкі? Як прафесійны гісторык, прафэсар Абэцэдарскі мусіў бы ўлічваць усе гэтыя неспрыяльныя і зьнішчальныя для нас фактары, якія, зразумела, садзейнічалі каталіцкай рэакцыі й працэсу палянізацыі нашага народу.

Цяжка таксама пагадзіцца з думкай Абэцэдарскага, што далейшае знаходжаньне Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай пад «вызначальным уплывам каталіцкага Захаду» было раўназначнае нацыянальнай сьмерці беларускага народу. У гэткім стане, прыкладам, шмат стагодзьдзяў знаходзілася Чэхаславаччына, пасьля яшчэ ў горшым стане апынулася й сама Польшча. Народы гэтыя, аднак, не загінулі. Не загінуў бы й беларускі народ, тым больш у эпоху, калі пачалі нарастаць нацыянальна-вызвольныя рухі, разьвівацца нацыянальна-культурнае адраджэньне. Далейшае йснаваньне Рэчы Паспалітай без умяшаньня ў яе нутраныя справы Расеі прывяло б у гэтай краіне да сацыяльных рэформаў, эканамічнага ўздыму, культурнага перараджэньня, а гэта значыць - і да дэмакратычных рэформаў, да разьвязаньня тым ці іншым парадкам нацыянальнага пытаньня. Трэба, нарэшце, адкінуць самаўпэўненасьць Абэцэдарскага ды іншых савецкіх тэарэтыкаў, быццам толькі Расея магла прыносіць народам «нацыянальную свабоду», быццам толькі яна магла выпрацаваць і цяпер мае гэтак званы рэцэпт «разрешения национального вопроса». Поўнае падпарадкаваньне Маскве, бесхрыбетнае поўзаньне перад яе нагамі, чаго ад кажнае нацыі дамагаецца Масква, - гэта далёка ад разьвязаньня нацыянальнага пытаньня ці палагоджаньня нацыянальных дачыненьняў. А што каштавалі й каштуюць нерасейскім народам ейная русыфікатарская палітыка, розныя забароны й паліцэйскія рэпрэсіі, чым асабліва славіцца гісторыя гэтак званага Савецкага Саюзу?! Сталыя рэпрэсіі супраць «нацыяналізму» нерасейскіх народаў, і ня толькі ў дзялянцы палітычнай, але і ў галіне мовы, культуры і гісторыі, пры захаваньні й разьдзіманьні расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму - гэта не пазытыўнае разьвязаньне нацыянальнае праблемы, а хутчэй палітыка нацыянальнага генацыду.