Выбрать главу

Скончваючы гэты адказ на брашуру прафэсара Абэцэдарскага, хочацца запэўніць ейнага аўтара ў наступным. Гэтак званыя «беларускія буржуазныя нацыяналісты» - ніякія не «заўзятыя ворагі» ані Расеі, ані, тым болей, расейскага народу й расейскае культуры. Яны толькі супраць палітыкі няпрошанага апякунства над іншымі народамі, палітыкі, што трымаецца на штыках, турмах ды іншай брутальнай сіле. Яны таксама супраць усялякага іншага адкрытага й замаскаванага махлярства. А сюды ўваходзяць, прыкладам, зрамантызаваная ідэалізацыя гісторыі Расеі й расейскага народу, улучна з апраўданьнем пад маркай «дабрадзейнасьці» заваёваў і гвалту над іншымі народамі, з аднаго боку, і адмоўнае стаўленьне да аб'ектыўнага асьвятленьня гісторыі нерасейскіх народаў - з другога; выпукленьне ўсюды й пры кажнай нагодзе расейскага патрыятызму і гераізму з адначаснай практыкай кваліфікаваць нацыянальны патрыятызм нерасейскіх народаў як «буржуазны нацыяналізм»; наагул тэндэнцыя характарызаваць расейскі народ як вышэйшую нацыянальную касту, як народ-геній, пакліканы панаваць над іншымі народамі, што, зразумела, прыніжае нацыянальную годнасьць гэтых народаў. Адным словам, гэныя «беларускія буржуазныя нацыяналісты» супраць фарысейства гэтак званае «ленінскае нацыянальнае палітыкі», бо толькі дзякуючы такой палітыцы ў БССР, прыкладам, не засталося ніводнае вышэйшае навучальнае ўстановы зь беларускай мовай навучаньня, на працягу апошніх дзесяці гадоў тут былі зрусыфікаваныя ўсе сярэднія школы, а цяпер русыфікуюцца нават пачатковыя. Ці ня з прычыны гэтых сумных фактаў да нас даходзяць лебядзіныя песьні беларускіх пісьменьнікаў, як, прыкладам, наступны верш - «Зямля такая» - Сяргея Панізьніка?:

«Нам ніколі не памерці ні у якім горы. Застануцца для бяссмерця назвамі азёры. Тая ж Нарач або Свіцязь... Хіба выпаліш, растопчаш неўміручых гукаў віцце, слоў - вякоў праточын. Нам ніколі не памерці, - гэта ўжо бясспрэчна... Прападуць азёры ў свеце, застануцца рэчкі. Тая ж Ясельда ці Шчара, Свіслач або Нёман... Калі ёсць на свеце чары - ў назвах ўпамянёных. Нам ніколі не памерці? бо - зямля такая, дзе народ у шчасце верыць, дзе жыццё народу мерыць крыніца жывая.»[150]

Шлях да сужыцьця між народамі, ня вылучаючы й расейскага народу, да супрацоўніцтва між імі можа быць іншы, прыкладам, такі, які сяньня склаўся ў Заходняй Эўропе. Без згаданых вышэй пачварных праяваў, на аснове роўнасьці й павагі нацыянальнае годнасьці ўсіх народаў. Такі шлях судзеіў бы шчыраму сужыцьцю і супрацоўніцтву між Беларусяй і Расеяй, між беларускім і расейскім народамі. Інакш даводзіцца выступаць ня толькі ў абарону гістарычных правоў беларускага народу, але і ў абарону звычайнае чалавечнасьці.

КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА

1. Аўтар брашуры сваё прозьвішча піша разнастайна: Абецадарскі, як гэта бачым на вокладцы брашуры, або Абецедарский - у расейскай транскрыпцыі. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (т.1, б.48) называе яго Абэцэдарскім, што запраўды адпавядае асаблівасьцям беларускай мовы. Мы таксама будзем карыстацца гэтым варыянтам.

2. Л.Абецадарскі. У святле неабвержных фактаў. Бібліятэчка газэты «Голас Радзімы», Менск, 1969.

3. В.Москаленко. Достойная отповедь. «Советская Белоруссия», 12.7.1969. Пазьней далучылі таксама свой «аўтарытэтны голас» студэнт БДУ на імя Хазянін («Полымя», 1970, No.2) і Г.Караткевіч ў даволі «саліднай» газэціне «Голос Родины» (1970, No.62). Аднак паважнай рэцэнзіі паважнага навукоўца на брашуру Л.Абэцэдарскага так і не зьявілася.

4. «Советская Белоруссия», 19.6.1968.

5. И.Б.Греков. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы ХІV-ХVІ вв. Изд-во восточной литературы, Москва, 1963.