Выбрать главу

Дарэчы, усе дасюль ведамыя пячаткі сыноў Уладзіміра Сьвятаславіча, а таксама сыноў Яраслава Ўладзіміравіча былі пячаткамі гэтак званага «греко-русского типа». На іх абавязкава быў адбітак вобразу таго ці іншага сьвятога, імя якога адпавядала хрышчонаму імю таго ці іншага князя зь сям'і кіеўскіх князёў; на гэтых пячатках адбівалася таксама й адпаведнае паганскае імя. Аднак усе напісы на іх былі ў грэцкай мове. Гэтым тыпам пячаткі карыстаўся яшчэ Ўладзімір Манамах, што княжыў у Кіеве ў 1113-1125 гадох. Толькі выраз «Господи, помози рабу своему...» ён пачаў адбіваць у славянскай мове. Як жа ў такім выпадку на пячатках полацкага князя Ізяслава - «сына Ўладзіміра й Рагнеды» - маглі зьявіцца надпісы ў славянскай мове? Ён жа жыў у атмасфэры найбольшых бізантыйскіх культурных і палітычных уплываў і больш, чымся Ўладзімір Манамах, павінны быў карыстацца гэтай пячаткай «греко-русского типа», пячаткай, агульнай у тым часе для ўсіх кіеўскіх князёў.

Найбольш праўдападобна, што гэтая пячатка, якая быццам бы «принадлежала старшему сыну Владимира Святославича - Изяславу, который жил в последней трети Х в. и княжил в Полоцке», проста была пячаткай Вялікага Ноўгараду. «Вялікім» ён пачаў звацца крыху пасьлей - ад ХІІ і асабліва ад ХІІІ стагодзьдзя, што й адлюстравалася на ягоных пячатках гэтага часу: «Печать Великого Новагорода» з рыцарам, зьверам ці з птушкаю на пярэднім баку пячатак. Крыху ранейшай пячаткай Ноўгараду магла быць пячатка з стылізаванымі контурамі царквы ці «царскіх варотаў» у саборы, пры гэтым яшчэ з надпісам на другім баку: ГРАД ці, калі дадаць зацертыя часам літары, - НОВОГРАД.

І Рагнеда вярнулася ў Полацак не таму, што быццам на просьбу баяраў («уже не убии ея детяти деля сего, но воздвигни отчину ея и даи еи с сыном своим») яна была высланая сюды самым Ўладзімірам. Ня можна ўявіць Уладзіміра нагэтулькі сантымэнтальным, каб з прычыны сьлёзаў «паланянкі» ці гэтага заступніцтва баяраў ён мог згадзіцца на адасабленьне ад Кіеўскай Русі Полацкага княства, раней «заваяванага» ім. Ўладзімір якраз і вызначаўся сваёй палітыкай узбуйненьня Кіеўскае Русі й наданьня апошняй нейкае дзяржаўна-палітычнае цэласьці. Калі ён, як гэта згадваецца ў летапісах, зьвярнуў Рагнедзе ейную «отчину», дык на гэта павінны былі быць нейкія паважныя прычыны.

Як бы там ні было раней, але даводзіцца сьцьвердзіць, што пасьля звароту Рагнеды ў Полацак Полацкае княства жыве сваім самастойным жыцьцём, бо, як згадваецца ў летапісах, «и оттоле мечь взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком». Тым больш яно было незалежным у часе княжаньня Брачыслава Ізяславіча (1003-1044), хоць Абэцэдарскі запэўнівае ў адваротным. Гэты князь у 1021 годзе здабыў Ноўгарад, у сувязі з чым сутыкнуўся зь кіеўскім князем Яраславам Уладзіміравічам, які сьпяшаўся з дапамогай Ноўгараду. У летапісах кіеўскага паходжаньня паведамляецца, што ў сутычцы на рацэ Судаміры Яраслаў перамог Брачыслава й вызваліў захопленых Брачыславам ноўгарадзцаў. Летапісы ноўгарадзкага паходжаньня дадаюць, што тады ж, відаць на полі бітвы, была зробленая згода, у выніку якой Яраслаў «даў» Брачыславу гарады Ўсьвят і Віцебск за прапанову «буди же со мною за один». І далей сьцьвярджаецца ў летапісах ноўгарадзкага паходжаньня: «И воеваша Брячислав с великим князем с Ярославом вся дни живота своего».

Выходзячы з гэтых кароценькіх летапісных вестак, гісторыкі, у тым ліку, відаць, і Абэцэдарскі, ствараюць цэлую тэорыю пра залежнасьць у тым часе Полацкага княства і самога Брачыслава ад Кіева. Калі ж добра прачытаць, дык з гэтых вестак вынікае наступнае. Кіеўскія летапісы згадваюць толькі пра перамогу Яраслава над Брачыславам, і больш ні слова. Але, як вынікае з ноўгарадзкіх летапісаў, у гэтым выпадку наагул не было якой-колечы перамогі. Наадварот, Яраслаў мусіў саступіць Брачыславу гарады Ўсьвят і Віцебск, праўдападобна, захопленыя ім крыху раней, а можа, нават, у вайне, пра якую тут гаворыцца. За гэта ён атрымаў палоненых Брачыславам ноўгарадзцаў і, магчыма, згоду «быти за один», г.зн. быць у хаўрусе, што абсалютна не гаворыць пра падпарадкаваньне, але пра сужыцьцё й падтрымку. Выраз: «И воеваша Брячислав с великим князем с Ярославом вся дни живота своего» зусім цьмяны. Ваяваў Брачыслаў супраць Яраслава або ў хаўрусе з гэтым Яраславам супраць кагосьці іншага? У летапісах ня згадваецца ні пра тое, ні пра другое.

Палітычная незалежнасьць Полацкага княства пры Ўсяславе Брачыславічу (1044-1101), бадай, не аспрэчваецца ніводным паважным савецкім гісторыкам. Дый як можна яе аспрэчваць, калі эпоха Ўсяслава Чарадзея характарызуецца войнамі Полацкага княства зь Кіеўскай Русяй, у якіх Кіеў не атрымаў перамогі? Пасьля ж, а гэта ў першай палове ХІІ стагодзьдзя, настаў поўны развал Кіеўскае Русі, зь якой вылучыліся іншыя незалежныя княствы - дзяржавы тыпу заходнеэўрапейскіх каралеўстваў, як іх называе акадэмік Б.А.Рыбакоў.