Выбрать главу

Ніл Гілевіч

УДЗЯЧНАСЦЬ І АБАВЯЗАК

літаратурна—крытычныя артыкулы і нататкі

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Удзячнасць і абавязак, Літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1982. — 302 с.

Copyright © 2015 by Kamunikat.org 

«Веру, братцы: людзьмі станем!..»

Да 100-годдзя з дня нараджэння Цёткі

Сто гадоў назад у вёсцы Цёшчына на Гродзеншчыне, у заможнай сялянскай сям'і, нарадзілася першая беларуская паэтэса і пісьменніца Цётка (Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч), імені якой было суджана стаць у шэрагу самых яркіх імён беларускай літаратуры пачатку 20-га стагоддзя.

Цётка як літаратар прайшла шлях, у галоўных рысах характэрны для большасці яе сучаснікаў — беларускіх пісьменнікаў рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку (Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, М. Гарэцкі і інш.). Выдатнай паэтэсай-рэвалюцыяперкай, відным дзеячам беларускага нацыянальнага адраджэння яе зрабіў несумненна час — пераднавальнічны і затым навальнічны час першай народнай рэвалюцыі ў Расіі (1905-1907). Наўрад ці хто мог угадваць, гледзячы на хваравітую дзяўчыну, якая, не скончыўшы гімназіі, паехала працаваць у вёску настаўніцай, што праз некалькі гадоў яе натхнёна-палымяныя вершы будуць бліскацець, як маланкі ў згусцелай цемры хмар на гарызонце, і будуць клікаць працоўных да барацьбы за свабоду, на зруйнаванне ненавіснага царысцкага рэжыму і памешчыцка-капіталістычнага панавання.

Але здарылася іменна так. Апынуўшыся ў самым пачатку веку ў Пецярбурзе, а затым у Вільні, Цётка блізка сышлася з рэвалюцыйна настроенай інтэлігенцыяй, увайшла ў нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю, выступае па сходах і мітынгах, вядзе агітацыйную работу сярод сялян. Вось тады і прыйшлі на змену яе ранейшым, сумна-элегічным вершам аб горы-бядзе роднага краю радкі зусім іншага гучання, вось тады і заявіў ва ўсю сілу аб сабе яе нязломна-мужны, байцоўскі характар. Мала каму з паэтаў шматнацыянальнай Расіі выпаў у тую пару гонар, каб іх вершы, аддрукаваныя ў сацыял-дэмакратычнай друкарні, распаўсюджваліся ў народзе як рэвалюцыйныя пракламацыі-лістоўкі. Але іменна так «хадзілі па руках» вершы Цёткі «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам», «Мора (рэвалюцыя народная)». Гэта зайздросная для ўсякага паэта-грамадзяніна доля дасталася Цётцы таму, што яна аддалася рэвалюцыйнай барацьбе з усёй безагляднасцю і апантанасцю, таму, што толькі нязгасная рэвалюцыйная палымянасць магла прадыктаваць радкі, накшталт: «Чую яшчэ голас з неба, што цара павесіць трэба!» або: «Нясе доўг у грудзях для тыранаў, цара і прыказ у вачах: «Цару згінуць пара!» «Ён» — гэта паўстаўшы народ, што ідзе пад чырвоным сцягам і з песняй. Шматвекавы доўг-расплата, што павінен быць вернуты прыгнятальнікам, і быў адным з галоўных эмацыянальных вытокаў, што давалі сілу голасу паэтэсы.

У грудзях гэтай кволай на выгляд жанчыны білася вялікае, поўнае сапраўднай мужнасці сэрца, сэрца змагара-патрыёта, рэвалюцыянера, трыбуна і прарока. Як жа трэба было прагнуць пачатку гэтай вялікай рэвалюцыйнай буры-навальніцы, каб з такой радасцю і захапленнем вітаць яе прыход і з такой сілай адлюстраваць яе ў велічным вобразе ўскіпелага са дна глыбінь мора!

Мора вуглем цяпер стала, Мора з дна цяпер гарыць, Мора скалы пазрывала,  Мора хоча горы змыць.

Такой жа моцнай і глыбокай была яе вера ў светлую будучыню свайго народа, у неадольнасць і непахіснасць яго духу:

Веру, братцы: людзьмі станем, Хутка скончым мы свой сон; На свет божы шырэй глянем, Век напіша нам закон.

Таму што:

Мы не з гіпсу, мы — з камення, Мы — з жалеза, мы — са сталі, Нас кавалі у пламенні, Каб мацнейшымі мы сталі.

А яшчэ — як дорага і свята было для яе тое пачуццё братэрскай салідарнасці людзей працы, пачуццё інтэрнацыяналізму, што заўсёды было найпрываблівай рысай лепшых паэтаў свету. Вершаванае пасланне «Суседзям у няволі» Цётка заканчвае такімі выдатнымі радкамі:

Ці у долі, ці ў нядолі — З вамі станем ў адным полі, Рука ў руку з вашым братам За свабоду перад катам.

Не выпадкова абодва прыжыццёвыя зборнікі яе паэзіі — «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (1906) — былі выдадзены ўкраінскімі сябрамі ў Жолкве каля Львова.