Выбрать главу
Шчоўкнуў ключ — і ў камеру заходзяць трое: сонца, вартавы й дзяўчынка. — Татка! — зразу ўсхліпнула малое. — Татка! — свеціцца ў вачах дачкі слязінка. Абдымаюць ручаняты міла, губкі ў лоб цалуюць так пяшчотна; ёсць каму паплакаць над магілай, калі ступіш за рубеж смяротны... Зноўку шчоўкнуў ключ — і выйшлі трое: сонца, вартавы й дзяўчынка. Толькі на тваім ілбе ў спакоі светлай зорачкай яшчэ блішчыць слязінка...

Непараўнана шырэй, чым у гады вайны, тэма антыфашысцкага падполля адлюстравана ў балгарскай паэзіі пасляваеннага перыяду. Калі раней падпольшчыкам прысвячаліся толькі асобныя вершы, то цяпер паяўляюцца і паэмы (напрыклад, «Паэма пра Вапцарава» Мл. Ісаева) і нават раман у вершах («Дзімітроўскае племя» Дз. Мятодзіева). Да нядаўняга гераічнага мінулага звяртаюцца не толькі тыя паэты, што прымалі непасрэдны ўдзел у змаганні з манарха-фашысцкім рэжымам, але і тыя, творчасць якіх з перамогай. Верасня пачала развівацца на новым ідэйна-эстэтычным грунце (Н. Фурнаджыеў, Эл. Баграна, Дз. Панцялееў, Ат. Далчаў, Д. Габэ), і тыя, што ў гады вайны былі дзецьмі і прыйшлі ў паэзію недзе ў сярэдзіне 50-х гадоў (Л. Леўчаў, А. Стаянаў, Э. Эўцімаў, Н. Інджоў, Ул. Башаў і інш.). Асноўны мастацкі прыём, якім карыстаюцца ў вершах і паэмах на гэтую тэму маладзейшыя ўдзельнікі Супраціўлення — паэтычны ўспамін аб незабыўных гадах рэмсаўскага падполля, аб чалавечым і грамадзянскім станаўленні і ўзмужанні свайго пакалення. У гэтых творах — як правіла, вельмі эмацыянальных, шчырых — многа сапраўднай гордасці за суровы жыццёвы лёс і гераічныя справы аднагодкаў і гэтак жа многа грамадзянскай чуйнасці і пільнасці, каб ні сёння, ні заўтра і ніколі іх слаўнае мінулае не было аддадзена забыццю, не сцерлася ў памяці і не прынізілася ў свядомасці новых пакаленняў. Асабліва характэрна гэта для творчасці Дз. Мятодзіева, Г. Джагарава, І. Пейчава, В. Пятрова, Д. Овадзія, Д. Жоцева, П. Мацева, Ул. Голева. У вершы «Спатканне» Мятодзіеў расказвае пра сустрэчу на з'ездзе ВКП з таварышам і паплечнікам па барацьбе, якога ён не бачыў дваццаць гадоў — з 1942 года.

Здраствуй, уваскрэслы з мёртвых! Здраствуй! Каб ты ведаў, які я шчаслівы, што жывы ты і праўда — з табой, што спаткаліся тут мы — у зале з'ездаў!.. Вядома, нічога падобнага я не сказаў. Толькі сціснуў, што сілы было, яму рукі. Толькі радасна ў вочы глядзеў, што свяціліся. Толькі думаў пра нашу прыгожую маладосць — нерастрачаную.

Натхнёным гімнам гераічнай рэмсаўскай маладосці прагучаў першы зборнік вершаў Г. Джагарава «Мае песні» (1954). Думкі, пачуцці, перажыванні свайго лірычнага героя — маладога падпольшчыка — паэт перадае не ў плане ўспаміну аб мінулым (вершы ж напісаны праз дзесяць год пасля падзей!), а — у плане сучасным, як бы ўсё адбываецца зараз, цяпер, калі ён звяртаецца да чытача, іншымі словамі — паэт карыстаецца спосабам тэатральнага, сцэнічнага ўзнаўлення.

Яркі вобраз маладога падпольшчыка стварыў у вершы «Добры вучань» В. Ханчаў. Яго герой — гімназіст — «быў вельмі добрым вучнем, найлепшым у класе», ён ніколі не маўчаў каля дошкі, «на кожным уроку адказваў дакладна і ясна». Але аднойчы ў школу зайшоў афіцэр, выклікаў яго з-за парты і загадаў адказваць на ўсе пытанні «дакладна і ясна».

Пачаўся урок пакуты. Са сцяны — нібы з цёмных келляў, глядзелі Боцеў і Леўскі, а на партах свабодных страх сядзеў і падказваў: — Хто тыя людзі, да якіх ты хадзіў на яўку? — Дзе кватэра, на якой сустракаўся ты з імі? — Што ўручылі табе там? — Каму ты ўсё перадаў?» Пачаўся ўрок бясстрашша.
Ён быў вельмі добрым вучнем. Найлепшым у класе. А не прамовіў ні слова. Ні на адно пытанне не адказаў нічога. Маўчаў, калі яго білі ў класным пакоі, маўчаў, калі павялі за дзверы, маўчаў, калі яго ставілі да сцяны на школьным двары. Маўчаў і тады, калі грымнуў апошні яго званок. Ён быў вельмі добрым вучнем. Маўчаў і атрымаў «выдатна»... на ўроку бяссмерця.