Выбрать главу
— Ідзі! Да каго раўнаваць, Калі ўсім нам сягоння ў бой!

У баі гіне адзін — той, каго кахала сама Дзяніца. Пазней лёс раскідаў герояў па свеце, але ўсе яны застаюцца вернымі тым высокім ідэалам, за якія змагаліся.

Але мы на кіпучым грэбні баявой маладосці нашай засталіся з табой да сёння — і так будзем стаяць!

Для паэта Д. Овадзія тэма партызанскай маладосці стала асноўнай на ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі творчасці: ён прысвяціў ёй некалькі зборнікаў вершаў («Партызанскі дзённік», 1948, «Да апошняга імгнення», 1950, «Атрад жыве», 1951, «Вершы пра партызанскі атрад», 1965 і інш.). Вядома, калі паэт вельмі многа піша аб адным і тым жа — яго заўсёды падсцерагае небяспека самапаўтарэння. Не пазбег гэтай бяды і Д. Овадзія, на што ўжо неаднойчы звяртала ўвагу балгарская крытыка. Празмерная эксплуатацыя тэмы пачала помсціць паэту. Але сярод мноства партызанскіх вершаў Д. Овадзія ёсць творы, сагрэтыя сапраўдным чалавечым пачуццём і адзначаныя добрай паэтычнай культурай. Вось урывак з яго «Успаміну пра камісара»:

Смертаносны свінец нас хвастаў і крамсаў. У апошні прарыў вёў атрад камісар. Раптам, куляй прашыты, ён грымнуўся ніц, на сухую траву, на вяночкі брусніц. «Камісар, уставай!» — я спыніўся над ім. «Камісар!..» І мой голас мне здаўся чужым. Я заплакаў ад болю хвілінаю той: не вадзіць яму болей атрад наш у бой. Партызанскую кроў ліўні змылі даўно, партызаны не стукаюць ноччу ў акно, І Балканы парой не хаваюць журбы... Я ж не веру дагэтуль, што ён не жывы! Родны вобраз у сэрцы не меркне маім, востры боль не сціхае пры думцы аб ім. Не ў гарах камісар, дзе магіла ў траве, а ў душы маёй — першай любоўю жыве! ...Ён замглёныя вочы расплюшчыць на міг — зноўку блісне, як некалі промень у іх, і як некалі там, многа вёсен назад, усё той жа — «Наперад!» — дае мне загад.

Трапным паэтычным бачаннем, канкрэтнасцю і значнасцю рэалій вызначаецца верш Овадзія «Партызаны», ёмістасцю і афарыстычнасцю думкі, лаканічнасцю формы — вершы «І пішацца гісторыя крывёй» і «Смяротны прысуд».

У жанравых адносінах непасрэдна ў гады вайны ў балгарскай партызанскай паэзіі пераважаў лірычна-публіцыстычны або сюжэтны верш, зрэдку сустракалася балада. Эпічнай партызанскай паэмы тады не паявілася (заўважым, да слова, што жанравая характарыстыка беларускай партызанскай паэзіі намнога багацейшая — у нас асабліва значнае месца займаюць менавіта паэмы і балады). У пасляваенны час антыфашысцкая і партызанская паэма ў балгарскай літаратуры — не рэдкасць. Асабліва ж часта звяртаюцца паэты да жанру балады. Незвычайныя, вострадраматычныя і нават трагічныя эпізоды барацьбы натуральна «просяцца» ў распараджэнне гэтага жанру, спецыфіка якога вельмі прыдатная для паэтычнага ўвасаблення менавіта такога «жыццёвага матэрыялу». Балада якраз і патрабуе акцэнтаваць увагу на незвычайным, высокім, гераічным, падкрэсліць выключнасць моманту або сітуацыі і праз гэта даць вобраз героя і яго часу ў вялікай паэтычнай скандэнсаванасці — як буйнае мастацкае абагульненне.

Апрача тых балад і вершаў баладнага характару, якія мы ўжо разгледзелі («Балада пра камуніста» і «Любоў» В. Андрэева, «Добры вучань» В. Ханчава), хочацца спыніцца і яшчэ на некаторых творах гэтага жанру. Строга вытрыманай у жанравых адносінах і вельмі партызанскай па зместу здаецца нам «Балада пра чалавека» таго ж В. Ханчава. Смяртэльна паранены партызан паўзе па снезе, на лютым марозе, адзін — толькі дрэвы над галавой. Заснежаны лес гаворыць яму: дарэмна ты выбіваешся з апошніх сіл, становішча тваё безнадзейнае, вунь нават дзікі голуб, скаваны холадам, мёртвы зваліўся долу. І тады «спыніўся чалавек, і голуба ўзяў, і прытуліў да раны, і голуб, адагрэты цяплом крыві, у запазусе страпянуўся ціха, ударыў крыламі і паляцеў — туды, куды не дасягне ён». Такі чалавек — да апошняга дыхання ён застаецца самім сабой, і паміраючы сам — ратуе ад смерці жывое стварэнне, ратуе жыццё і веру ў Чалавека.