Перш чым закончыць гэту размову, мне хочацца засведчыць, што тэма падпольнай і партызанскай барацьбы вельмі часта становіцца крыніцай творчага натхнення для паэтаў новых пакаленняў, якія або бачылі вайну дзіцячымі вачыма, або не помняць яе зусім. Гэта паэты, якія выраслі і сфарміраваліся пры новым сацыялістычным ладзе і якія свята прынялі з рук старэйшых — былых партызан і падпольшчыкаў — дарагую эстафету — вернасць высокім ідэалам гераічнага ў жыцці і ў паэзіі. Можна было б прывесці мноства прыкладаў, як паэты новай генерацыі шукаюць сваё мастацкае вырашэнне традыцыйнай тэмы, але я спынюся толькі на трох. У Эўціма Эўцімава ёсць балада «Вяселле Антона», прысвечаная памяці аднаго з кіраўнікоў камуністычнага падполля Антона Папова. У аснову твора пакладзены сапраўдны факт: перад самым расстрэлам, у турэмнай камеры, Антон Папоў уступіў у грамадзянскі шлюб са сваёй нявестай. Эўцімаў знайшоў вельмі выразныя мастацкія дэталі і дакладныя словы, каб стварыць псіхалагічна праўдзівы малюнак гэтага незвычайнага, страшнага вяселля. Сваццяй на вяселлі Антона — смерць: а заместа жмені святочных цукерак, яна сыпане кулямі, замест мельнікскага чырвонага віна, яна напоўніць чашы кроўю героя. «Каля цябе — нявеста і ўдава, ты — побач з ёй, жывы і мёртвы. Цалуй жа сваю журботную птушку. І маці. І заўтрашні дзень».
Асабліва ўражліва гучыць трагічны матыў балады ў перадапошняй страфе: «І ненароджанымі навечна застануцца дзяўчынка і хлапчук — мара, якую ты не дамарыў да канца, каханне — без калыскі і бразготкі...» Заканчваецца ж балада афарыстычным выслоўем:
Запамінальны, яркі вобраз партызана-камуніста стварыў паэт Мікола Інджоў у рамантычнай паэме «Балада пра Камена-бальшавіка». Стрэл ворага быў трапны —: куля трапіла Камену ў грудзі. Партызанскія хірургі, пачарнелымі ад пораху і аковаў рукамі, абмылі ў ручаі рану, заляпілі яе трыпутнікам, але — «у грудзях засталася куля, каб прарастаць да сэрца». Так пачынаецца паэма. А далей мы бачым Камена-бальшавіка на сацыялістычнай будоўлі, у сустрэчах з рознымі людзьмі, у гарачых буднях. Яго цэласная і глыбокая натура, яго неспакойны і вельмі чалавечы характар раскрываецца перад намі з кожнай старонкай паўней і ўсё больш завалодвае нашай увагай і сімпатыяй.
Але і варожая куля — з кожным раздзелам паэмы — усё бліжэй і бліжэй «прарастае» да сэрца. У кожным раздзеле гэта — як страшны рэфрэн. І нарэшце —, духмяным асеннім вечарам Камена-бальшавіка не стала. «Заўтра ён ляжа моўчкі, мудры і працавіты, у маленькую зямлю, якая — і магіла Боцева», якая «ў стагоддзях братала ружу з куляй». Памёр вялікі чалавек-змагар, які не шкадаваў сябе ні ў партызанах, ні ў мірнай працы, каб жыццё на яго роднай зямлі было такім прыгонным, якім яго бачыць паэт-рамантык:
Паэт Любамір Леўчаў — адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў цяпер ужо сярэдняга пакалення — тэме вернасці запаветам бацькоў-партызан прысвяціў выдатны верш «Зямлянка». Не турысцкая цікаўнасць прывяла яго лірычнага героя да былой партызанскай зямлянкі, о не! Ёй прыйшоў сюды, як прыходзяць да вялікіх святынь, каб адчуць і перадумаць самае важнае і дарагое ў жыцці, каб змераць тут свае дзеі і помыслы самаю высокаю меркай і яшчэ раз упэўніцца, чым сёння павінна быць песня паэта.