Выбрать главу
О, як жа мне патрэбна ты! Не, не для сховішча, а для свяцілішча. Маё сумленне тут хай засядзе!.. Мне кружыць голаў ад высачыні, і гэтыя карэньчыкі па сценах — ці не далёкіх зорак карані? Звяраю сэрца ўласнае. Пара мне быць як ты — зямным і ў той жа час нябесным. Тваёй быць песняй!..

Так становіцца відавочнай непарыўная духоўная еднасць розных пакаленняў паэтаў новай, сацыялістычнай Балгарыі. Еднасць, якой ніколі не разбурыцца і не распасціся, таму што яна сцэментаваў пралітай у баях кроўю лепшых сыноў і дачок радзімы, таму што ў ёй сапраўдная, жывая і неўміручая душа паэзіі: учарашняй, сённяшняй, заўтрашняй.

1975

Не рамеснік, а творца

(З выступлення на канферэнцыі перакладчыкаў у Сафіі)

Не будучы ні тэарэтыкам мастацкага перакладу, ні яго гісторыкам, я, натуральна, не магу прэтэндаваць на якія-небудзь вышукі ці абагульненні тэарэтычнага характару. Мне проста хочацца падзяліцца некаторымі «спадарожнымі» думкамі, што ўзнікалі ў працэсе працы над перакладамі, а таксама некаторымі назіраннямі і заўвагамі.

Бясспрэчна, перакладаць з блізкароднаснай мовы і з мовы далёкай, ніяк не сваяцкай — гэта не адно і тое ж. У кожным з гэтых выпадкаў ёсць свая спецыфіка. Але, слухаючы даклад і выступленні, я быў рад пераканацца, што, гаворачы аб гэтай спецыфіцы, мае балгарскія калегі зусім не маюць на ўвазе, нібыта з блізкасваяцкай мовы перакладаць лягчэй, паколькі яна, маўляў, больш зразумелая і даступная і ёю няцяжка авалодаць. Не, было б сумнай памылкай, калі б мы згадзіліся з думкай, што з блізкай мовы перакладаць прасцей, лягчэй. Вядома, узровень майстэрства перакладчыка залежыць і ад ступені авалодання мовай. Але ведаць мову — гэта неабходная ўмова. Ведаць мову трэба, і чым больш дасканала — тым лепш. Аднак само па сабе веданне мовы зусім не гарантуе высокай ідэйна-эстэтычнай якасці перакладу. Далёкую мову можна ведаць гэтак жа выдатна, як і блізкасваяцкую, і гэтак жа дрэнна перакладаць з яе, як і з блізкасваяцкай, калі ў перакладчыка няма нечага больш істотнага, а менавіта — таленту і сумлення. Якой бы ні была блізкай перакладчыку мова арыгінала, ён усё роўна ад гэтай блізкасці адыходзіць. Калі ён не рамеснік, а мастак-творца, ён не калькіруе арыгінал, а ўзнаўляе яго ідэйна-эстэтычную сутнасць сродкамі сваёй мовы, стварае нанава па законах, уласцівых яго роднай мове. Вось чаму мне здаецца, што побач з канкрэтным разборам моўнага майстэрства мы павінны сёння гаварыць і пра такія рэчы, як талент і добрасумленнасць перакладчыка. Я выказваў гэта сваё перакананне ўжо неаднойчы, але і зноў пры кожным зручным выпадку буду паўтараць толькі гэта: перш за ўсё — талент і сумленне. Так, аднаго таленту мала, трэба яшчэ, каб былі добрасумленныя адносіны да працы. Бо і таленавітыя паэты, агульнапрызнана таленавітыя, нярэдка публікуюць дрэнныя пераклады, неадшліфаваныя, неахайныя, зробленыя «на скорую руку».

Асаблівасці перакладу з бліскасваяцкай мовы ў кожным канкрэтным выпадку свае — свае пры перакладзе з балгарскай на рускую, на беларускую, на ўкраінскую і наадварот. Гэта натуральна. Напрыклад, пры ўсёй блізкасці моў рускай і беларускай — у рускага перакладчыка балгарскай паэзіі і цяжкасці і выйгрышныя моманты іншыя, чым у беларускага. І справа тут не толькі ў мове. Другія, нелінгвістычныя фактары таксама вызначаюць многае. Скажам — тыпалагічнае падабенства многіх старонак беларускай і балгарскай паэзіі канечне ж аблягчаюць працу беларускага перакладчыка, таму што садзейнічаюць больш глыбокаму спасціжэнню арыгінала, стварэнню неабходнага творчага настрою, ідэйна-эмацыянальнаму ўжыванню ў іншамоўны тэкст. Гэта падабенства абумоўлена агульнымі момантамі ў гістарычных лёсах нашых народаў. Пяць стагоддзяў турэцкага ярма на балгарскай зямлі і каля чатырох стагоддзяў нацыянальнага прыгнёту беларускага народа (спачатку — польскімі феадаламі, а затым — царызмам) вызначылі выключна высокі грамадзянскі пафас паэзіі эпохі нацыянальнага адраджэння — як у Балгарыі, так і ў Беларусі (у нас — на паўстагоддзя пазней). Матывы рэвалюцыйнай нацыянальна-вызваленчай барацьбы настолькі моцна і глыбока распрацаваны ў паэзіі абодвух народаў, што беларускі перакладчык уваходзіць у атмасферу творчасці Боцева, Каравелава, Петкі Славейкава, Чынтулава, як у атмасферу для яго вельмі блізкую, зразумелую, засвоеную яшчэ з дзіцячых гадоў, як у паэзію беларускіх класікаў — Багушэвіча, Цёткі, Купалы, Коласа, Багдановіча.