Выбрать главу

Беларуская паэзія канца XIX — пачатку XX стагоддзя — гэта паэзія актыўна грамадзянская і глыбока сацыяльная, яна ўся — лямант-крык прыгнечанага працоўнага народа, цярпенне якога на зыходзе, які не толькі скардзіцца, выказвае крыўду, папрокі, але і пратэстуе, паўстае, падымаецца на барацьбу супроць прыгнятальнікаў. Вершы Вазава, Яварава, Царкоўскага, Ракіціна і іншых паэтаў эпохі пасля Вызвалення таксама характарызуюцца моцным пафасам сацыяльнага пратэсту і выкрыцця. Напрыклад, побач з такімі вершамі, як «Прыйдзіце ды гляньце» («Елате ни вижте») Вазава, могуць стаць дзесяткі вершаў ужо названых беларускіх паэтаў («Бог не роўна дзеле» і «Дурны мужык, як варона» Ф. Багушэвіча, «Мужык» Я. Купалы, «Веру, братцы: людзьмі станем» Цёткі і інш.). Блізкасць матываў, вобразаў, бытавых рэалій у вершы Вазава і ў вершах, нашых класікаў больш чым відавочная. Нават лексіка і выразы вельмі блізкія і падобныя між сабою. Або, напрыклад, возьмем другі знакаміты верш Вазава «Балгарская мова» — гэту гнеўную і палымяную водпаведзь чужым і сваім агуднікам вялікай мовы народа. Падобных, блізкіх, нават вельмі блізкіх па сэнсу, па духу, па гучанню вершаў у дакастрычніцкай беларускай паэзіі столькі, што можна скласці цэлую анталогію. Асабліва многа іх у вялікага Купалы, а таксама ў Багдановіча, у Цёткі, у Гаруна і іншых буйных паэтаў пачатку XX стагоддзя. Гэтыя вершы ў Беларусі — хрэстаматыйна вядомыя, мы, беларускія літаратары, вырасталі з імі са школьных гадоў. Натуральна, што ў падобных выпадках беларускаму перакладчыку павінна быць лягчэй, бо яму не трэба асвойваць новыя, незнаёмыя яму ідэйна-эмацыянальныя сферы. Апрача таго, і сама літаратурная мова, якой карыстаецца беларускі перакладчык, адпаведна добра распрацавана іменна ў гэтым стылявым кірунку, і таму лягчэй адшукваць, знаходзіць патрэбныя словы.

Справа ў тым, што ў сучаснай беларускай літаратурнай мове не ўсе стылі асвоены аднолькава добра. Найлепшым чынам асвоены такія стылі мастацкай мовы, як размоўна-бытавы, фальклорна-песенны, публіцыстычны, але слабей пакуль што асвоены стылі, якія выкарыстоўваюць, напрыклад, абстрактна-філасофскія паняцці або — царкоўнаславянскую лексіку, фразеалогію і лексіку сучаснага дзелавога і навукова-тэхнічнага асяроддзя, людзей ваенных. Вось тут і могуць беларускага перакладчыка чакаць пэўныя цяжкасці.

Напрыклад, таму, хто возьмецца перакладаць лірыку Смірненскага, некаторыя вершы гэтага выдатнага рэвалюцыйнага паэта дадуцца з немалымі пакутамі. Давядзецца ж неяк перадаць на беларускай мове спалучэнні, накшталт «огнедышащие розы бунта», «огнеликая буря», «огнеструйные реки», «огнедышащий демон войны» і да г. п. На балгарскай, як і на рускай, гэтыя складаныя эпітэты стараславянскага паходжання («огнеликий», «огнеструйный») гучаць натуральна. У беларускай мове, таксама славянскай і вельмі блізкай да рускай, падобных эпітэтаў няма. Калькіраваць жа іх не гадзіцца, калька заўсёды гучыць непрыемна. Ды і як скалькіраваць, напрыклад, «огнедышащий», калі дзеепрыметнікаў цяперашняга часу з суфіксамі -ащ, -ящ,- ущ, -ющ у беларускай мове наогул няма? Вось і паспрабуй у даным выпадку перадаць: той урачыста-прыўзняты топ паэтычнай мовы, які ёй надаюць гэтыя старажытнаславянскія словаўтварэнні, характэрныя для стылю царкоўна-літургічнай літаратуры.

Калі рыхтавалася анталогія балгарскай класічнай паэзіі на беларускай, паўстала пытанне аб назве кнігі. Па сэнсу вельмі падыходзіла знакамітае «Да бъде ден!» Смірпенскага. Яно добра выяўляла ідэйную накіраванасць усёй кнігі, паэзіі, што ўвайшла ў кнігу. Гэты верш паэт Алесь Разанаў пераклаў хораша, але назву — даслоўна: «Хай будзе дзень!» Задаволіць гэта не магло: адчувалася, што гучанне атрымалася не тое, штосьці ў гэтым гучанні страцілася, а іменна — знікла асвячоная традыцыяй біблейская ўрачыстасць, а разам з ёй — і паэтычнасць. «Хай будзе дзень!» — нягледзячы на клічнік — гучыць намнога больш будзённа, чым «Да бъде ден!» або «Да будет день!». Неразрыўная формула ператварылася ў звычайнае спалучэнне асобных слоў. Пакуль у выдавецтве рукапіс анталогіі рыхтаваўся да друку, я некалькі тыдняў ламаў галаву, як жа лепш перадаць сэнс і гучанне выразу «Да бъде ден!» на беларускай. Перабраў дзесяткі варыянтаў. Нарэшце спыніўся на «Хай зорыць дзень!». Пераканаўся, што ён найбольш блізкі да арыгінала, у большай ступені кампенсуе страты, чым іншыя варыянты. Чаму? Дзеяслова «зорыць» у беларускай мове не было, ва ўсякім выпадку, ні ў адным слоўніку я яго не сустракаў і ў жывой мове не чуў таксама. Гэта — неалагізм, утвораны ад «зара». Ён узнік, вымавіўся сам сабой, калі думка напружана вярцелася наўкол слова «зара», паколькі ўсякі новы дзень, які «да будет», пачынаецца зарой. Гэта слова ў спалучэнні «Хай зорыць дзень!» прагучала настолькі натуральна, што ні работнікі выдавецтва, ні пазней чытачы нават не звярнулі ўвагі, што слова-то гэта сустракаюць упершыню. Усе яго адразу, лёгка прынялі. Таму, па-першае, што ад кораня «зор», «зар» у беларускай мове ўтворана слоў вельмі многа, і паяўленне яшчэ аднаго падобнага, блізкага да другіх і зусім натуральнага ў вымаўленні,— нікога не здзівіла. Па-другое, і гэта галоўнае, таму, што новае слова зусім зразумелае па сэнсу: «хай зорыць дзень» — гэта значыць, хай дзень займаецца зарой, хай устае, прыходзіць, азараючы і асвятляючы зямлю і ўсё на зямлі. Апрача таго, чытачы маглі адчуць і трохі іншае сэнсавае адценне гэтага дзеяслова: «хай зорыць» — гэта яшчэ і «хай свеціць», «хай ззяе», хай, ззяючы, доўжыцца бясконца, заўсёды. Бо «Да бъде ден!» — гэта не толькі «Хай наступіць дзень!»,: але і хай дзень (святло) наступіць назаўсёды. А яшчэ: паколькі дзеяслоў «зорыць» вельмі паэтычны і зусім новы, незацяганы ўжываннем, то ўсё спалучэнне «Хай зорыць дзень!» набыло тую святочна-ўрачыстую прыўзнятасць, якую мы адчуваем у формуле «Да будет день!». Так «Хай зорыць дзень!» стала назвай анталогіі, ну, і натуральна — назвай верша Смірненскага, змешчанага ў гэтай анталогіі.