Выбрать главу

Пераклад паэтычных радкоў з балгарскай на беларускую —: з прычыны розніцы ў многіх моўных з'явах, напрыклад, у граматычных формах — нярэдка ставіць перад перакладчыкам задачы досыць складаныя. Так было, скажам, з перакладам знакамітага боцеўскага «Хаджы Дзімітра». Першы ж радок паставіў перакладчыка ў тупік. Хацелася захаваць натуральнасць гучання гэтага незвычайна глыбокага па сэнсу і эмацыянальнаму напаўненню воклічу «Жив е той, жив е!». Захаваць, само сабой зразумела, і гэты рытм, і гэту непаўторную інтанацыю. Але — як? У беларускай мове прыметнікі не маюць кароткай формы: балгарскае і рускае «жив» на беларускай будзе «жывы», з націскам на другім складзе. А гэты ж націск так многа значыць у радку Боцева! З гэтага ж ударнага «жив» усё пачынаецца.

Паўло Тычына ў сваім украінскім перакладзе ахвяраваў гэтым першым ударным «жив» — ён пачаў верш так:

Живий, живий він!.. Там, на Балкани...

Па-беларуску можна было б зрабіць гэтак жа, і я многа думаў, услухоўваючыся ў гэты варыянт:

Жывы, жывы ён!.. Там, на Балканах...

Але было шкада рытму боцеўскага радка, які пачынаецца з ударнага складу. А апрача таго, не лепшым чынам гучыць спалучэнне слоў «жывы ён» — як быццам якоесьці адно пачварнае слова «жывыён». І я прыйшоў да вываду, што трэба ад слова «жив» адмовіцца наогул — помнячы, што перакладчык перакладае не слова, а змест, гэта значыць, ідэйны сэнс, пачуццё, вобраз, рытм, інтанацыю арыгінала. Які ж сэнс воклічу «Жив е той, жив e!»? Сэнс — што герой жывы, ён — не памёр! Інтанацыя воклічу як быццам гаворыць: «Няпраўда, што ён памёр! Няпраўда! Ён не можа памерці! Такія не паміраюць! Тоз, който ладне в бой за свобода, той не умира!..» Гэта прагучыць пазней, у пятай страфе, але ж гэта ідэйны лейтматыў усяго верша! Інтанацыя як быццам абвяргае злавесныя чуткі аб тым, што Хаджы Дзімітр памёр.

У беларускай анталогіі першы радок верша гучыць так:

Не, не памёр ён!.. Там, на Балканах, ляжыць і стогне на стромым схіле...

Ці лепшы гэта варыянт з магчымых? Не думаю. Напэўна, можна знайсці і больш дакладны эквівалент, больш раўнацэнны ў адносінах да арыгінала. Але — запэўніваю вас — зрабіць гэта будзе неймаверна цяжка. Як кажуць у нашым баку: «Паздароў таго, божа, хто гэта зможа!»

Між іншым, асабіста мне здаецца, што гэты першы радок «Хаджы Дзімітра» аказаўся цвёрдым арэшкам і для рускага перакладчыка Аляксея Суркова. Баюся нават, што гэты арэшак ён раскусіў не самым лепшым чынам. Можа быць, я памыляюся — ну, што ж, можна ў такім разе паспрачацца. У перакладзе Суркова радок Боцева гучыць так:

Жив еще, жив он. Там, на Балканах...

Вось гэта ўстаўленае перакладчыкам «еще» мяне, шчыра кажучы, нямала бянтэжыць, калі я пачынаю думаць аб вялікім ідэйным сэнсе верша. Што значыць «еще»? Гэта значыць — пакуль што жывы. Яго яшчэ можна ўратаваць, але ён можа і памерці. Гэта значыць, дапускаецца магчымасць смерці. Іншымі словамі, гэта «еще», азначаючы часовасць, супярэчыць вялікаму паэтычнаму падтэксту верша, а іменна — ідэі несмяротнасці героя. Гэта «еще» тут непатрэбна, яно проста запоўніла рытмічную схему.