Выбрать главу

Прыклад цяжкасці перакладу, які я толькі што падаў, можна сказаць — тыповы, падобных арэшкаў у працэсе работы сустракаецца многа. А бываюць прыклады і нетыповыя, г. зн. цяжкасці выпадковыя, хаця таксама абумоўленыя пэўнымі заканамернасцямі і асаблівасцямі развіцця абедзвюх моў. Калі я працаваў над зборнікам балгарскай паэзіі для дзяцей, помніцца, спаткаў адзін займальны гумарыстычны верш, увесь смехатворны эфект якога заключаўся ў тым, што маленькі герой верша вельмі смешна ўтварыў новае слова — утварыў па аналогіі: раз для рук ёсць рукавіцы, значыць, для ног (крак) — кракавіцы (ръкавици і краковици). Уяўляю, як балгарскія маленькія чытачы смяюцца над гэтымі «кратавінамі». Але вось аказія: калі гэты верш перакласці на беларускую мову дакладна па сэнсу — беларускім малышам смяяцца не давядзецца. Смешныя радкі на беларускай мове прагучаць так: Для рук — рукавіцы, а для ног — нагавіцы. Але ж у беларускай мове сапраўды ёсць слова «нагавіцы», такое ж законнае, як і рукавіцы, толькі менш распаўсюджанае (сінонім да слова парткі). Выпадак не тыповы, але ён пацвярджае, што пераклад не павінен быць буквалісцкім, а толькі творным.

У апошнія гады ў нас ідуць ажыўленыя дыскусіі аб мастацкім перакладзе, аб майстэрстве перакладчыка, аб патрабавальнасці і адказнасці за якасць перакладу. І не-не ды і адчуеш у іншых выступленнях пэўную недаацэнку ўзнаўлення ў перакладзе асаблівасцей мастацкай формы арыгінала. Гэта, маўляў, не так істотна, галоўнае — перадаць змест, не сказіць сэнс, перадаць сам «дух» твора. Але хіба форма верша існуе сама па сабе, незалежна ад зместу? Форма ж змястоўная —; гэта азбучная ісціна. Як жа можна ігнараваць яе асаблівасці? Грэбаванне асаблівасцямі рытмічнай структуры, памеру, строфікі, рыфмы і г. д. звычайна не праходзіць беспакарана, яно, як правіла, вядзе да страт у агульнай ідэйна-эстэтычнай вартасці перакладу. Практыка гэта пацвярджае скрозь і ўсюды. Нават калі перакладаюць буйныя майстры — усё адно неапраўданае адступленне ад формы арыгінала сказваецца адмоўна на перакладзе.

Успомнім, як рытм, памер, рыфма працуюць на змест вазаўскага верша «Елате ни внжте!». Які напружаны яго рытм, як нарастае з кожным радком інтанацыя і раптам у канцы страфы — рэфрэн абрывае яе, як загад: «Елате ни вижте!» (Прыйдзіце ды гляньце!)

И чупи се воля и дух под хомота па нужди, в дълбока нощ гасне живота: ни луч на съзнанье под покрива нищи! Човекът словесни падпал е до скота. «Елате ни вижте!» Вий, дето в покой и в палати стоите, към нас приближете — вий славпи, вий сити! Зърнето през нашто изгнило плетище, и може би вам ще пастръхнат космите! «Елате ни вижте!»

Чатырохстопны амфібрахій у страфе і двухстопны ў рэфрэне. Рускі перакладчык Уладзімір Лугаўской замяніў яго ў сваім перакладзе на шасцістопны харэй у страфе і трохстопны ў рэфрэне.

Мы зовем к нам в гости сытых и богатых, весело живущих в расписных палатах. Вот когда оы к нам вы заглянуть посмели, страшно б испугались вы за свой достаток! Вы бы поглядели!

Замест энергічнага, імператыўнага «Елате ни вижте!» ён узяў расслабленую форму ўмоўнага ладу «Вы бы поглядели» — нешта накшталт парады, пажадання. Гэта значыць, інтанацыя далёка не тая, што ў арыгінале. Падобна, што перакладчык пачаў з рэфрэна, знайшоў спачатку гэту форму «вы бы поглядели» і потым ужо ўсё падганяў пад яе. Падганяць было не так ужо і цяжка, асабліва пад рыфму, таму што замыкаючым словам у рэфрэне ён паставіў дзеяслоў «поглядели», а да гэтай дзеяслоўнай формы вельмі лёгка выстройваюцца ў рыфму іншыя падобныя дзеясловы — іх колькі хочаш. У Вазава з дзевяці строф толькі ў трох рыфмуюцца дзеяслоў з дзеясловам — і то дзеясловы рознай часавай формы і рознага ладу. Ва ўсіх астатніх строфах дзеяслоў «вижте» рыфмуецца з назоўнікамі, а гэта ўжо зусім іншая якасць рыфмы, а па сутнасці — і іншая якасць паэтычнага вобраза і мастацкага ўражання. У перакладзе Лугаўскога наадварот — амаль усе рыфмы дзеяслоўныя, самыя лёгкадаступныя, каб не сказаць прымітыўныя: поглядели — отупели, онемели, оскудели, надоели, посмели, заболели. Памянем, якімі агульнымі, пазбаўленымі канкрэтнай прадметнасці, якімі прыблізнымі і недакладнымі аказаліся ў перакладзе радкі перадапошняй, улад цытаванай мною вышэй, страфы. У Вазава: