Я хацеў бы, каб мяне зразумелі правільна. Я прызнаю, што нават і паэт-перакладчык самага шырокага дыяпазону творчых пераўвасабленняў мае аўтараў, якім ён аддае перавагу. Але такіх аўтараў можа быць не адзін-два, а многа, пры ўмове, што кожны з іх — сапраўдны, цікавы паэт, што іх вершы могуць запаліць яго, натхніць, выклікаць жаданне «паспаборнічаць». А адбор, вядома, ёсць. Асабіста мяне, напрыклад, не прываблівае паэзія, пазбаўленая эмацыянальнасці, не сагрэтая сэрцам, халодная, паэзія змысловая, мазгавая, само сабой — вершаваныя рэбусы, галаваломкі, усякае фармальнае эксперыментатарства, што ў сур'ёзных мастакоў слова павінна заставацца ў стале, а не выстаўляцца «на людзі». Аўтараў такой «паэзіі» я пазбягаю перакладаць, ды і не змог бы прымусіць сябе за яе ўзяцца.
1976
Вачыма і сэрцам — да факта
Вось і яшчэ адно грунтоўнае, пераканаўчае сведчанне, што ў беларускім літаратуразнаўстве адбыўся своеасаблівы паварот: яно павярнулася вачыма і сэрцам да факта. Паварот гэты пачаўся не сёння і нават не ўчора, а гадоў дваццаць назад, патроху набіраў сілу і маштабы, і нарэшце абазначыўся зусім выразна. Зборнік «Пачынальнікі» — бясспрэчна, адна з самых значных вех на гэтай плённай дарозе.
Чытаў і думаў: як гэта было здарылася, што ў нашай навуцы аб літаратуры на доўгі час — калі не зусім, то ў досыць адчувальнай меры — прапала была цікавасць і павага да факта, да дакументальнага гісторыка-літаратурнага матэрыялу, што пыліўся ў архівах і на старонках даўно забытых, малавядомых выданняў? Дзе былі прычыны гэтай ненармальнай з'явы? У недастатковай агульнай культуры адных, якія проста не разумелі значэння і ролі дакумента і лічылі, што літаратуразнаўства можа абыходзіцца і без яго? У бесцырымоннасці другіх, для якіх факты і дакументы былі перашкодай, бо ішлі ўразрэз з іх невуцкавульгарнай канцэпцыяй і таму наогул адкідваліся і замоўчваліся па прынцыпу: раз факт не адпавядае пастаўленай задачы — тым горш для факта? «У такім разе мы яго проста ігнаруем! Яго для нас не існуе! Яго няма! К чорту яго, а не на свет божы!..» Ці, можа, і ў звычайнай ляноце нашай? «Ат, палезу я ў тыя архівы ды кнігасховішчы, тым больш — у далёкія, нават замежныя! Дысертацыю сяк-так зварганю, перапеўшы, пераядаўшы нанава агульнавядомае, усталяванае, абкатанае. Толькі яшчэ мацней зраблю выгадны акцэнт, націск на пэўным моманце!..»
Мабыць, і першае, і другое, і трэцяе часцей за ўсё спалучаліся разам, і ў выніку — выходзілі «гісторыі» ці «нарысы па гісторыі», якім якраз і не хапала гістарызму, не хапала добрасумленнага, навукова аб'ектыўнага стаўлення да дакументаў. Таму на старонках іншых літаратуразнаўчых «опусаў» пераважала навукападобная рыторыка, «агульшчына», і што яшчэ горш — трапляліся вывады і абагульненні зусім не ў карысць роднай літаратуры і культуры, бо яны былі занадта адвольныя, пабудаваныя, як-то кажуць, не на фактах, а на пяску. Дзякуючы гэтаму некаторыя значныя і вартыя ўвагі літаратурныя імёны або наогул утойваліся ад чытача, або называліся з такімі ярлыкамі, што лепш бы і не ўспамінаць іх зусім, а творчасць некаторых іншых таленавітых паэтаў і пісьменнікаў трактавалася ў пэўных адносінах несправядліва і ацэньвалася няправільна.