Выбрать главу

Зборнік «Пачынальнікі» ў гэтым сэнсе дае вельмі цікавы матэрыял для роздуму. А іменна: міжволі становіцца відочным, што наша дакастрычніцкая літаратура была значна багацейшай, чым мы прывыклі ўяўляць. У ёй намнога больш заслужаных імён, толькі трэба выцягнуць гэтыя імёны з несправядлівага забыцця, паставіцца да іх сціплай спадчыны па-гаспадарску, з дзяржаўнай мудрасцю. Свядома ці па нядбайству прыбядняцца — значыць, прыніжаць сябе, сваю годнасць.

Ну, вось, напрыклад, артыкулы і пісьмы вучонага і пісьменніка Аляксандра Ельскага. Наколькі помню, яшчэ з педвучылішча, гэтае імя — я сустракаў яго нязменна і безагаворачна ў рэзка адмоўным кантэксце, як прадстаўніка рэакцыйнага лагера ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Толькі ў канцы 60-х гадоў паявіўся нарэшце больш-менш аб'ектыўны пагляд на творчую дзейнасць гэтага пісьменніка — (маю на ўвазе 2-гі том «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры»). Кажу «больш-менш», бо, як мне цяпер уяўляецца, у цэлым месца і роля Ельскага ў літаратурна-грамадскім жыцці Беларусі 70-90-х гадоў недаацэнены. Вядома, творчая эвалюцыя яго з гадамі хілілася ўсё больш управа, у глыбокай старасці (на восьмым дзесятку) ён напісаў твор, у якім прапаведаваў класавае адзінства беларускага народа. Але ж быў і іншы перыяд у жыцці і творчасці Ельскага, калі ён з'яўляўся адной з відных постацей беларускага нацыянальна-вызваленчага руху (нездарма ж доўгі час жыў пад наглядам паліцыі), быў палымяным абаронцам беларускай мовы, правоў беларускага народа на развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры, выказваў упэўненасць у шчаслівую перамену гістарычнага лёсу свайго краю. «Што ж да беларускай мовы,— пісаў ён у артыкуле «Пра беларускую гаворку»,— ...то паколькі незалежна ад цалкам індывідуальнай, уласцівай ёй характарыстыкі з'яўляецца яна мовай сярэдняй паміж польскай і рускай мовамі,— барацьба супроць яе з любога боку была б бясплённай, таму што ні беларуская гаворка не зменіцца цалкам і добраахвотна на польскую або рускую, ні таксама націск ніякім чынам не здолеў бы тут дабратворна ўздзейнічаць на духоўнасць народа, на яго маральную сутнасць». Ацэньваючы вядомы слоўнік І. Насовіча, ён піша, што з гэтага часу «беларуская мова можа быць спакойная за будучыню і развівацца на ўласнай глебе, толькі б добрая грамадзянская воля аўтараў умела выказаць гэтай мовай усё высакароднае, прагрэсіўнае і карыснае». «Каб паказаць, наколькі беларуская мова здольная адлюстроўваць самую ўзнёслую паэзію», паказаць «дастатковую гнуткасць беларускай мовы і запас слоў, адпаведных развітой мове ў яе вершаванай форме», ён сам робіць эквілінеярны пераклад першай кнігі «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. «Калі народ любіць і ўшаноўвае песняй сваё гняздо, ужо гэта адно добра аб ім сведчыць; у такім выпадку, хто можа, няхай памагае яму палюбіць і захаваць для ўласнай славы і шчасця айчынную мову, якая з'яўляецца для яго сапраўдным скарбам, без якога не быў бы ён тым, чым ёсць, і не спяваў бы так чулліва і слаўна, як спявае пра родны край!..» Так ён заканчвае артыкул «Пра беларускую гаворку». А ў адным з лістоў да Яна Карловіча чытаем: «Свет знаходзіцца напярэдадні катаклізмаў, пасля якіх павінны прыйсці новыя грамадскія групоўкі. Ад гэтага паваротнага пункту пачнецца свабодны нацыянальны рух, дык і некалькімільённы беларускі народ разаўе свой дух у натуральным кірунку». «...Беларусь дачакаецца яшчэ свайго Шаўчэнкі». «Не, шаноўны папе, нельга сумнявацца, што яшчэ і Беларусь будзе жыць сваім духоўным жыццём і выпрацуе сваю «гаворку» да ступені «мовы». (...) Беларусь, амаль некранутая, мае будучыню не народаў, што аджылі, а тых, якія цягнуцца да жыцця, як кветка пад праменнымі сонца». Усё гэта прагучала за чвэрць веку да Купалы і Коласа, Цёткі і Багдановіча і трохі раней знакамітай «прадмовы» Багушэвіча! Хто яшчэ ў тыя змрочныя часы рэакцыі так гаварыў аб беларускай мове і аб самой Беларусі?! І хіба такія выказванні не ўплывалі на беларускую моладзь (асабліва студэнцкую), не распальвалі ў яе сэрцах жадання — працаваць дзеля вызвалення і ўзвышэння роднага краю? Яшчэ як уплывалі! Асабліва калі ўлічыць, што аўтарытэт Ельскага ў беларускім культурна-грамадскім асяроддзі быў вельмі высокі, бо гэта быў чалавек агромністай эрудыцыі, незвычайнай шырыні духоўных інтарэсаў і здзіўляючай творчай энергіі (на яго рахунку звыш тысячы публікацый на польскай, рускай і беларускай мовах!).

Значыць, пры сапраўды гістарычным, навукова аб'ектыўным падыходзе мы павінны, відочна, трохі іншымі вачыма паглядзець на постаць Аляксандра Ельскага ў гісторыі беларускай культуры і з-за некалькіх яго старэчых «опусаў» не закрэсліваць таго, што ён зрабіў для свайго народа і краю. Яго зусім слабая ў мастацкіх адносінах «гутарка» 1906 года пра класавую згоду паноў і мужыкоў была проста смешным анахранізмам, яна не зрабіла і не магла зрабіць ніякага рэзанансу — бо ўжо грымелі магутныя раскаты рэвалюцыйных рытмаў Купалы і Цёткі, і новыя пакаленні моладзі слухалі сваіх, новых песняроў. Але тады — у сярэдзіне 80-х — слова Ельскага ў абарону роднай мовы і нацыянальнай годнасці беларусаў, у падтрымку ідэі нацыянальнага адраджэння Беларусі,— мела рэзананс вялізны. І хто ведае — сведчанняў, на жаль, няма — як шмат абавязаны яму тыя, што крыху пазней склалі касцяк дэмакратычнай беларускай літаратуры? Ніхто ж не вырастаў на пустым месцы, а на пэўнай культурнай глебе.