Выбрать главу

Тым больш калі падумаеш, у якіх жахлівых умовах пачыналі гэтыя першыя апосталы новай беларускай літаратуры. Якіх трудоў і пакут каштавала ім прабіць дарогу да чытача хаця б адной кнізе, хаця б аднаму вершу, хаця б аднаму радку на роднай мове! Хоць у якім-небудзь календары, у дадатку да газеты, калі не асобным выданнем! І калі наш сённяшні малады чытач усё гэта будзе ведаць — будзе ведаць, якія людзі былі і як шчыра ахвяравалі яны сілы і сродкі на падтрымку роднай літаратуры — з надзеяй і верай, што прыйдзе час яе ўзвышэння і росквіту — то напэўна ж прызадумаецца ён, гэты наш малады сучаснік, і зразумее, што перад іх памяццю, перад грамадзянскім подзвігам «пачынальнікаў» сорамна не даражыць сёння роднай літаратурай, не шанаваць яе і не клапаціцца аб будучым яе лёсе. Каб узвышэнне і росквіт набывалі яшчэ большы размах і маштабы!

Ну, што ж! Клопатамі нястомнага рупліўца на ніве беларускай гісторыі і літаратуры Генадзя Кісялёва паявілася гэта выдатная кніга «Пачынальнікі». Нямала было ім зроблена і да гэтага. З пачуццём сардэчнай удзячнасці думаю пра навуковыя набыткі таленавітага даследчыка. І як добра, што ён не адзінокі, што ў гэтым жа кірунку — вачыма і сэрцам да факта — ідуць поплеч з ім Сцяпан Александровіч і Адам Мальдзіс, Аляксандр Коршунаў і Вячаслаў Чамярыцкі, маладзейшыя іх калегі Вячаслаў Рагойша і Рыгор Семашкевіч ды і іншыя літаратуразнаўцы. Паздароў вас божа, хлопцы!

1978

А з іншага паэзія ці й пачынаецца?

«Вёсны». Чарговы зборнік маладых паэтаў — студэнтаў БДУ імя У. І. Леніна. Дагэтуль былі сустрэчы з імі на лекцыях і экзаменах, а вось і бачу іх на старонках іхняй першай кнігі — пакуль што агульнай, калектыўнай...

Перш за ўсё ўражвае інфармацыя, змешчаная ва ўступным слове ўкладальніка кнігі прафесара А. А. Лойкі: за выключэннем трох-чатырох аўтараў, усе астатнія ў зборніку — студэнты аддзялення беларускай мовы і літаратуры. Я ўспомніў ранейшыя выпускі, дастаў і паглядзеў іх — тая ж самая карціна і там. Ужо амаль два дзесяцігоддзі галоўнай кузняй маладых паэтаў і празаікаў з'яўляецца ў рэспубліцы філфак універсітэта, дакладней — аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філфака. А быў жа час, калі гэта слава належала аддзяленню журналістыкі. У 50-я гады студэнтамі-журналістамі былі А. Вярцінскі і І. Чыгрынаў, І. Пташнікаў і В. Адамчык, Г. Бураўкін і М. Стральцоў, В. Зуёнак, А. Кудравец, Б. Сачанка і Я. Сіпакоў, П. Місько і В. Карамазаў, У. Паўлаў і М. Герчык, Л. Гаўрылкін, М. Гіль і іншыя вядомыя цяпер пісьменнікі. Пасля, як аддзяленне журналістыкі стала самастойным факультэтам, роля «кузні» літаратурных кадраў чамусьці была ім раптоўна страчана. Варта было б задумацца і прааналізаваць прычыны — чаму? Што за такія дзіўныя перамены адбыліся?..

Што да саміх вершаў у «Вёснах» — прыемна ўразіла мяне адно: творчасць пачаткоўцаў канца 70-х нечым напомніла мне лірыку маладых... канца 30-х. Так, так, штосьці перагукнулася, пераклікнулася ў памяці. А можа, гэта проста маё жаданне — бачыць такое падабенства? Бо калі яно ёсць — значыць, асабліва не трэба баяцца, што наш складаны, супярэчлівы час з яго моцнымі прагматычна-утылітарнымі настроямі не такі ўжо згубны для паэзіі, як можа здавацца.

Я з тых, хто не вякуе,— Хто сее і хто жне. Прашу, пакуль жыву я, Не дбайце пра мяне. Вятрыска звонкі будзіць І ластаўкі пяюць. Я рад, што побач людзі Шчаслівыя жывуць. (Уладзімір Марук)
Мой край дарагі, край сасновы, Вясне усміхаецца зноў. Я веру у добрыя словы, Я веру у шчырасць сяброў. (Алесь Пісьмянкоў)

Характэрныя для агульнага настрою зборніка радкі. Сугучныя ім і вершы Міколы Мятліцкага, Кастуся Жука, Уладзіміра Мазго, Міколы Мінзера, Уладзіміра Ківатыцкага і іншых аўтараў.