Выбрать главу

Радасна думаць, што кнігі А. Мальдзіса і Л. Пракопчыка ў многім адпавядаюць гэтым патрабаванням — асабліва, што датычыць багацця фактаў і шчырай асабістай усхваляванасці, якая ідзе ад грамадзянскай нераўнадушнасці, ад гарачай сыноўняй любові да роднага бацькоўскага кутка. Хай жа будзе благаславёны час, калі і аднаму і другому прыйшла ў галаву гэтая бліскучая, вартая самай высокай пахвалы ідэя! Паказаць прыгажосць роднага краю, яго далёкае і не так далёкае мінулае, яго сённяшні дзень, расказаць пра славутых продкаў і пра вартых іхняй славы нашчадкаў — гэта велічная мэта, дзеля якой нельга шкадаваць ні сіл, ні часу. Таму так і хочацца кінуць кліч: бярыцеся, дарагія сябры! Усе, хто нераўнадушны да лёсу свайго народа, да яго высокага імя і славы — бярыцеся і ўзнаўляйце ў яркіх малюнках і праўдзівых вобразах яго аблічча, яго гераічную гісторыю і не менш гераічную сучаснасць! Беларуская зямля багатая такімі прыроднымі і духоўнымі багаццямі, такімі вялікімі падзеямі і імёнамі, што проста недаравальна будзе яе таленавітым сынам і дочкам маўчаць і не расказваць аб ёй усяму свету.

Да таго ж варта помніць, што далучэнне да клопату пра велічнае ўзвелічае і ўзвышае і цябе самога. І як чалавека, і як грамадзяніна, і як мастака.

Хочацца выказаць спадзяванне, што і нашы выдаўцы будуць ставіцца з большай увагай і зацікаўленасцю да аўтараў, якія таленавіта, жывой чалавечай мовай пішуць пра родныя мясціны. Падкрэсліваю: таленавіта. Бо іначай няма сэнсу і брацца за гэту справу. У нас, напрыклад, выходзіць нямала кніг пра гарады Беларусі, але — як яны напісаны, якой мовай? Лічбы, лічбы, лічбы, паказчыкі, працэнты... А чытачу трэба душа, розум, хваляванне, пазіцыя, вера! Размова ж ідзе пра самае для яго святое і дарагое — пра Бацькаўшчыну!

1979

«Вы толькі, хлопцы, не злуйцеся...»

Люблю чытаць пісьмы выдатных мастакоў слова. Яны — нібы жывыя, мудрыя сведкі часу і ўсяго, чым жыло ў гэтым часе грамадства і што дзеелася ў літаратуры. Нават пісьмы пра зусім прыватныя эпізоды і моманты з жыцця і побыту маюць несумненную вартасць, бо ў іх — рысы і рысачкі чалавека, чыё імя — гонар нацыянальнай культуры. А ведаць гэткага чалавека як найлепш і найбліжэй — хіба не натуральнае жаданне?

Помню, якое моцнае ўражанне зрабілі на мяне пісьмы А. Т. Твардоўскага — да сяброў, паэтаў і пісьменнікаў, да маладых аўтараў (па абавязку рэдактара «Нового мира»). Уразілі яны мяне сваёй выключнай мастакоўскай прынцыповасцю (і бескампраміснасцю — скрозь, дзе размова заходзіла аб літаратуры, аб яе ідэйным і мастацкім узроўні. І вось цяпер нешта падобнае перажыў я над трынаццатым томам новага Збору твораў Якуба Коласа («Пісьмы. 1908-1949»), Многія з гэтых пісем мне ўжо былі вядомы, але і паўторна я перачытаў іх з неаслабнай цікавасцю. Ну, а многія — тут апублікаваны ўпершыню і вельмі істотна дапаўняюць старонкі біяграфіі вялікага паэта. Думак пры чытанні ўзнікала багата, але адна з іх мяне ўзрушыла асабліва, бо прамовіла ўва мне неяк па-новаму, як адкрыццё. Гэта думка пра і тое, што і Якуб Колас у размове аб літаратуры быў вельмі прынцыповы і ставіў гэтую прынцыповасць вышэй усякіх іншых меркаванняў. Ведаю, што ніякага адкрыцця тут няма, што іначай і быць не магло, іншага з пісем Коласа не магло вынікнуць, гэта — само сабой зразумела. І ўсё-такі, і ўсё-такі... Чамусьці ўразіла мяне іменна гэта. Чамусьці задумаўся я іменна пра гэта. Чаму?.. Можа, таму, што іменна гэтага нам усім так не хапае сёння?

Вось народны паэт піша яшчэ досыць маладым у той час П. Броўку і П. Глебку — пра іх калектыўны верш, апублікаваны ў газеце «Звязда» (пісьмо за 16.4.1937 г.): «Хачу вам па-сяброўску сказаць пра верш некалькі слоў. Не ўдаўся ён у вас. Сухі, рытарычны, напісаны не сэрцам, а халоднаю развагаю, і гучыць ён фальшыва. Няма ніводнай страфы, якую можна пасмакаваць, пацешыцца. (...) Проста скажу —1 не падабаецца ён мне. Вы толькі, хлопцы, не злуйцеся і не думайце аб маіх якіх-небудзь прытоеных мыслях. Проста кажу тое, што адчуваю». Як бы цікава было сёння прачытаць падобнае ў водгуку слыннага майстра на апублікаваны твор калегі! І не толькі прачытаць, але і ведаць, што калега за такую шчырую заўвагу не зазлаваўся, не пакрыўдзіўся, а наадварот — застаўся ўдзячны (як, думаю, былі ўдзячны дзядзьку Якубу П. Броўка і П. Глебка)!