Выбрать главу

А пісьмы да Сяргея Гарадзецкага! Чвэрць веку амаль цягнулася дружба волата нашай літаратуры з гэтым рускім паэтам. Адносіны між імі былі далёка не заўсёды бясхмарныя і ружовыя. Колас на рэдкасць умеў даражыць дружбай, але калі справа датычыла паэзіі, стаўлення да паэзіі, да творчай працы — о, тут ён рабіўся непрымірымы. І не баяўся, што сябра за крытыку можа пакрыўдзіцца, што ад сяброўскай заўвагі разваліцца дружба. «Ты не карэктны часта бываеш, а разам з тым патрабуеш вельмі вялікай да сябе ўвагі. Заслужы яе. Не выпучвай на першы план сябе — нават у інтымных думках» (8.8.1947). «Можна прыдумаць і іначай, але для гэтага трэба падумаць і папрацаваць. Ты ж тут прыняў позу непагрэшнага папы, прыйшоў у стан раздражнення» (2.5.1948). «...Здадзены намі пераклад яшчэ летась ацэнены як нездавальняючы. У гэтым, вядома, няма нічога дзіўнага, так як ён сапраўды меў патрэбу ў сур'ёзных папраўках, над ім трэба было яшчэ грунтоўна папрацаваць. Але ты, на жаль, паспяшаўся раззлавацца і адмовіўся ад далейшай працы» (25.6.1948). «Друг мой дарагі, бяда ўся ў тым, што ты засвоіў звычку рубіць з пляча, не думаючы, ці верны ўдар тапара, ці не. (...) Ты не злуйся, а больш самакрытычна пастаўся да сябе самога» (10.9.1948).

Вось так пісаў сябра сябру. І амаль кожнае з гэтых пісем заканчваецца нязменным «цалую».

А колькі Колас робіць канкрэтных заўваг па перакладах яго твораў, як настойліва патрабуе выправіць асобныя радкі і нават словы! «Увогуле пераклад зроблены зусім не блага. У двух месцах усё ж трэба зрабіць папраўкі» (17.3.1936). «Твой пераклад добры. Мая жонка ў захапленні. Падабаецца ён і мне. І ўсё ж я хачу выказаць некаторыя свае меркаванні. Ці нельга два другія радкі першага куплета зрабіць так: «Тишь и мир исходят на душу мою»? Тут справа датычыць размяшчэння слоў: «Душу охватила тишина мою» (22.3.1937).

Гэтак жа канкрэтна выказваецца Колас не толькі па перакладах сваіх твораў, а, напрыклад, і па перакладах С. Гарадзецкае з Тараса Шаўчэнкі (пісьмы за 29.10.1938 і 31.10.1938). Дзесяткі заўваг робіць ён па перакладу паэмы «Кацярына», бо не зрабіць — не можа, бо паэма геніяльнага Кабзара павінна па-руску прагучаць выдатна, бо толькі так разумее ён свой абавязак і перад паэзіяй і перад дружбай!

Не, што ні кажыце, а ўрокі вялікіх трэба засвойваць і з такога нямоднага сёння жанру, як эпісталярны. Бо талент і мудрасць волатаў духоўнай культуры народа выяўляліся ва ўсім, што было іх жыццём, іх працай, іх паўсядзённым чалавечым бытам.

1978

А ці разумнае патрабаванне?

Фалькларыстка з Улан-Удэ Р. П. Патаніна выдала манаграфію «Вясельная паэзія сямейскіх Забайкалля». Пра «сямейскіх» мне не даводзілася раней чуць, а гэта, аказваецца, адна з груп старавераў, продкі якіх пасля ніканіянскай рэформы ўцяклі з Расіі ў Беларусь, а ў 18 стагоддзі былі пераселены з паўднёва-ўсходніх беларускіх зямель у Сібір, у Забайкалле. Кніга ўяўляе сабой даследаванне вясельнай лірыкі гэтай групы рускага насельніцтва Сібіры. Для нас, беларусаў, апрача ўсяго іншага, яна цікавая тым, што ў вясельнай паэзіі сямейскіх трапляюцца песні несумненна беларускага паходжання, якія і цяпер вядомы ў розных кутках Беларусі. Немалазначны факт для роздуму: гэта ж колькі часу прайшло — дзвесце гадоў! — а беларускія народныя песні жывуць у Сібіры. І ў якім асяроддзі: сярод насельніцтва з моцнай бытавой і псіхалагічнай адасобленасцю, якая падтрымлівалася рэлігійнай свядомасцю. Як тут не падумаеш пра жыццёвую моц і сілу нашай народнай песні, што адолела нават такія і перагародкі-бар'еры!..

Кніга досыць цікавая, асабліва для спецыялістаў, даследчыкаў народнай творчасці. Але апошнім раздзелам яна мяне засмуціла. Зноў наткнуўся я на тыя, мякка кажучы, непрадуманыя сцвярджэнні (а яны чамусьці абавязкова падаюцца ў катэгарычнай форме), з якімі я ўжо сустракаўся неаднойчы ў этнаграфічнай літаратуры апошніх гадоў (асабліва ў артыкулах на старонках перыёдыкі). Р. П. Патаніна настойліва і паслядоўна праводзіць думку, якую я лічу ў корані памылковай. Сэнс яе ў тым, што абрады ў вас (не толькі вясельныя, але наогул усе абрады) павінны быць у галоўных рысах адзіныя для насельніцтва ўсёй краіны» (с. 93), што савецкія абрады павінны быць уніфікаваны і кадыфікаваны, бо без гэтага немагчыма іх паўсюдна ўкараняць у жыццё (с. 95), што абрад павінен быць «адзіны агульнанацыянальны (?) для ўсяго савецкага народа», хаця і з утапленнем у яго «лепшых элементаў старога цырыманіялу кожнай нацыі» (с. 95), і што неабходна выпрацаваць вясельны сцэнарый, «адзіны для ўсіх народаў краіны, дапускаючы ў кожным канкрэтным выпадку ўвядзенне станоўчых момантаў нацыянальнага абрада» (с. 132). І так, адзіны абрад, адзіны сцэнарый для ўсіх народаў краіны. Усе больш ста нацый і народнасцей Саюза ССР павінны спраўляць вяселле і іншыя сямейныя і працоўныя святы па адзінаму рэцэпту, па абавязковаму уніфікаванаму і кадыфікаванаму ўзору.