Выбрать главу

Яшчэ адзін момант, які можа стаць сярод спецыялістаў спрэчным. Некаторыя выслоўі ў кнізе з'яўляюцца індывідуальнай творчасцю, індывідуальным маўленнем. Вось характэрны прыклад: «Ну і целявізар у вас: маленькі як козье вочка». Бясспрэчна, параўнанне не сталае, не традыцыйнае. Калі яму было стаць традыцыйным, калі і сам «целявізар» нядаўна ў быт увайшоў! Але хто адважыцца сцвярджаць, што з цягам часу яно не стане сталым, не пойдзе гуляць па людзях? Можна быць упэўненым, што будзе іменна так. Бо параўнанне вельмі трапнае, удалае, яго мог прыдумаць толькі чалавек, надзелены бясспрэчным паэтычным талентам, здольнасцю мысліць вобразна.

Усё гэта — крупінкі чыстага золата паэзіі ці тыя зерні бурштыну, што пастаянна і няспынна нараджаюцца ў жывой стыхіі моўнага акіян-мора. Асабліва ўражваюць сваёй паэтычнай вобразнасцю народныя мастацкія параўнанні. Лічу слушным, што першы кампанент параўнання не уніфікаваны, не зведзены да адной, а пададзены ў розных формах. Гэтым самым для чытача захаваны ўзор жывога натуральнага гучання, захавана больш паэзіі. А гэта ж усё-такі зборнік фальклорны. Можа быць, у якім-небудзь слоўніку, падрыхтаваным лінгвістамі, і была б апраўдана уніфікацыя, але толькі не тут. Я паспрабаваў ва ўсіх запар параўнаннях першы кампанент чытаць у адной і той жа форме — у інфінітыве, у мінулым часе аднаго роду і ліку, у цяперашнім часе ў адной асобе і ліку — і адчуў, як раптам памірае паэзія, якая не церпіць ніякай уніфікацыі! Траціцца і знікае ўражанне натуральнасці, а што ў паэзіі можа быць горш, як ненатуральнасць гучання? Пры спробе уніфікацыі ўсё ўва мне як у чытача пратэстуе і пратэстуе само выслоўе — супроць гвалту. Можам пераканацца. Вось, напрыклад, параўнанні: «Уцякае, як заяц ад сабакі» і «Уцякалі, як скочкі з дохлай сабакі». У першым выпадку ніяк не заменіш адзіночны лік дзеяслова на множны, а ў другім наадварот — немагчыма перавесці ў адзіночны лік. Дык якая ж можа быць уніфікацыя? У часе? Напрыклад, у цяперашнім. А як тады быць з выслоўем «Выбегаўся, як сабака»? Дзеяслоў «выбегаўся» не мае формы цяперашняга часу наогул. Якая дзеяслоўная форма больш прыдатная — народ выдатна адчувае сам і выбірае гэту форму беспамылкова. Таму ў такіх выпадках лепш за ўсё давярацца яго густу, яго адчуванню слова і захаваць выраз у той форме, у якой ён нарадзіўся.

Вельмі цікавая ў зборніку калекцыя народных праклёнаў і прысяганняў. Несправядліва было, што да гэтага часу ў навуцы аб фальклоры даследчыкі іх абыходзілі, не прымалі пад увагу. А між тым амаль у кожным праклёне — паэтычны вобраз, ды нярэдка — страшнай сілы, вельмі смелай паэтычнай фантазіі. Узнікалі яны калісьці, як і замовы — прызнаны жанр фальклору, на веры ў магічную сілу слова. Прычынай іх паяўлення было цяжкае становішча працоўнага чалавека, бяда-гора, прыгнёт і крыўда. Вядома, зараз ніхто ў гэту магію не верыць і ўсур'ёз праклёнаў не збаіцца, а вось адчуць незвычайную сілу слова, яркасць і выразнасць мастацкага мыслення народа яны дапамогуць.

Даючы ў цэлым высокую ацэнку тому «Выслоўі», я не хачу сказаць, што гэта выданне ва ўсіх адносінах бездакорнае. Напэўна, ёсць у ім і пралікі і недагляды. Але, напісаўшы гэта, я падумаў: а які фальклорны том якога ўкладальніка выйшаў бездакорны, без пэўных пралікаў і недаглядаў? Я такіх выданняў не ведаю. Толькі хто ніколі не браўся за падобную работу, той не знае, як яе «лёгка» выканаць, як «лёгка» літаральна ўсё ўлічыць і дагледзець. Тым больш калі зборнік складаецца з такога разнастайнага матэрыялу ды яшчэ ўпершыню, не па гатовых узорах.

Прызнаюся, што чытанне «Выслоўяў» прынесла мне нямала сапраўднай асалоды. Многія выразы я паўтараў і што называецца смакаваў у захапленні: хацелася запомніць — з прыкідкай, што можа вельмі спатрэбіцца ў літаратурнай працы. Не сумняваюся, што і тысячы чытачоў атрымаюць ад кнігі такую ж асалоду і многае возьмуць для сябе — для душы, для творчасці, для ўзбагачэння і ўпрыгожання сваёй мовы. Асабліва — пісьменнікі, журналісты, артысты, выкладчыкі-славеснікі, наогул, усе, хто ўмее цаніць і паважаць трапнае, дасціпнае, мудрае слова народа.