Паэт найглыбейшага лірычнага пранікнення, няўрымслівай і ўсёмагутнай сілы пачуцця, вострадраматычнага ўспрыняцця свету, Куляшоў быў у той жа час і адным з самых разумных паэтаў нашай эпохі. Звычайна ў размовах пра паэзію мы пазбягаем такога вызначэння і карыстаемся словам «мудрасць». Ну, што ж, і мудрасць — тое слова, якое вельмі хораша прыкладваецца да творчасці Куляшова. Але гаворачы «разумны», я меў па ўвазе яго зайздроснае ўменне мысліць, аналізаваць і абагульняць у вобразах складаныя з'явы рэчаіснасці, меў па ўвазе напружаную і пастаянна актыўную работу інтэлекта. Дык што — паэт-мысліцель? Бясспрэчна. Паэт з тых, што мысляць. Якасць, у якой паэзія заўсёды мае патрэбу.
Адзначаныя рысы і асаблівасці ў поўнай меры характарызуюць і апошнюю кнігу Аркадзя Куляшова «Хуткасць».
«Хуткасць»... Цяжка ўявіць слова больш дакладнае для агульнага вызначэння таго, што складае адну з самых істотных рыс часу і нашага ўспрыняцця рэчаіснасці.
Адчуванне няспыннага паскарэння бегу часу, які мяняе жыццё, свет, чалавека,— вельмі моцнае ў Куляшова. Асабліва выразна праступае яно ў такіх цудоўных узорах сучаснай лірыкі, як «Адзіны серп на сённяшнім жніве», «Запісная кніжка», «Мой Новы год», у даўшым назву ўсяму зборніку вершы «Хуткасць», у лірычнай паэме «Варшаўскі шлях». Але калі паспрабаваць вызначыць галоўную тэму лірычнай часткі кнігі, яе сэнсавую і эмацыянальную дамінанту, то гэта будзе глыбока выпакутаваная паэтам думка аб выключнай труднасці місіі мастака-творцы і аб той найвышэйшай адказнасці перад людзьмі і часам, якую накладае на яго выпаўшы яму на долю від працоўнай дзейнасці. З уласцівай яму пераканаўчасцю паэт гаворыць аб неабходнасці выносіць на суд чытачоў усё, «што ў сэрцы набалела», аб тым, каб яго слова «не жалезнае, знаёмае з пакутай і слязьмі,— ад славы і імёнаў незалежнае, трымала сувязь з часам і людзьмі», аб тым, «каб не прылізаным і чысценькім быў сэрца боль, каб пёк ён і смылеў, каб не прыкрыт быў грэх прыстойным лісцікам, смех гулкім рэхам быў, абвалам — гнеў». Гэта зусім натуральна, што ўмудроны жыццём і вопытам паэт яшчэ і яшчэ раз звяртаецца да тэмы філасофска-эстэтычнага парадку, да вобразнага абагульнення свайго няпростага, мнагатруднага творчага шляху.
Гама пачуццяў і настрояў у апошніх лірычных вершах паэта — шырокая, хаця пераважае, бадай, не выказанае прама пачуццё ўдзячнасці жыццю і лёсу, змешанае з пачуццём шчымлівага прасветленага смутку. Чаму смутку — зразумела: рэху далёкай вясны не вярнуцца, «што сэрцу дорага было» — хоць і цяжка ў гэта паверыць — «адгаманіла, адкукавала, адышло». Чалавечныя і па-чалавечы вельмі пранікнёныя радкі.
Крыху асабняком сярод лірычных споведзей кнігі стаіць выдатны верш «Не з горшых той сусед...». Яго эмацыяльная афарбоўка наскрозь іранічная, а гэта якасць у лірыцы паэта спатыкаецца не часта. Верш прысвечаны суседу — «трунару» і «далакопу», які старанна і акуратна ўсё зробіць для сябра-нябожчыка: і «даўгавечную хату» саб'е з дошак, і прамову жалобную скажа — нават не адну, і засыпле зямлёю. «Пасля прыляжа, смерці лёкай, з рыдлёўкай разам на траву... «Ну вось — і гэты ўжо далёка, а я працую. Я жыву!» Наўрад ці калі-небудзь гісторыкі літаратуры назавуць імя суседа, якому «прысвечаны» (без подпісу) гэты страшны сатырычны партрэт, хаця повад для яго напісання быў, вядома ж, не абстрактны. Але вартасць і значэнне твора не ў канкрэтнасці адрасата, а ў той забойчай сіле іроніі, якое хопіць на ўсіх падобных «лёкаяў смерці» і сёння і ў будучым