Вершы А. Куляшова 60-х гадоў, асабліва яго вядомыя шаснаццацірадкоўі, крытыка нярэдка залічвае да так званай філасофскай лірыкі, адзначаючы пры гэтым іх медытатыўны характар, рацыяналістычную разважлівасць, інтанацыйна спакойнае, ураўнаважанае гучанне радка. У цэлым класіфікацыя, відаць, справядлівая, і ўсё-такі спакой гэтых вершаў — прывідны, спадманны. Рэч у тым, што які б там ні было спакой — нават калі мы і назавём яго філасофскім,— ніколі не быў уласцівы паэзіі А. Куляшова наогул. Пра які спакой, пра які празмерны рацыяналізм яго верша можна гаварыць, помнячы хаця б сабе вось гэтыя радкі з менавіта азначанага перыяду творчасці:
Яго пачуцці, яго перажыванні вымяраліся іменна «дзесяцібальнай», найвышэйшай рыскай-адметкай на шкале чалавечых хваляванняў. У яго неўтаймоўным, непадлеглым супачыну сэрцы няспынна клапатаў вулкан пачуццяў. Толькі не здольныя пранікнуць за абалонку паэтычнага слова могуць не адчуць у вершах, пра якія ідзе размова, агромністай эмацыянальнай палымянасці іх аўтара, незвычайнай інтэнсіўнасці яго душэўнага гарэння. Справядлівасць гэтага сцверджання хачу засведчыць невялікім вершам з кола той тэматыкі, на якую звычайна амаль не звяртаецца ўвага ў размовах аб паэзіі А. Куляшова. («Дзіва што: гэтакі высокаідэйны паэт-грамадзянін і раптам — такі незасцярожаны, непрыхаваны інтым!)
Так, вонкава нібыта спакойна, але калі ўчытацца глыбока і не вачыма, а сэрцам — для нас адкрыецца сапраўдная трагедыя аднаго з самых высокіх і прыгожых чалавечых пачуццяў, і мы будзем вымушаны прызнаць, што гэтакай сілы вершаў аб каханні на свеце не так і многа. І калі б мне давялося складаць анталогію сусветнай любоўнай лірыкі — у ліку першых я паставіў бы гэты лірычны шэдэўр. Сам не ведаю чаму, але колькі яго ні перачытваю — сэрца кожны раз сціскаецца ад болю.
Аркадзь Куляшоў — паэт незвычайна шырокага творчага дыяпазону, што выявілася як у агромністым багацці ідэй, тэм і вобразаў, так і ў здзіўляючай жанравай разнастайнасці яго мастацкага плёну. Ні адзін з родаў паэзіі не застаўся ім пакрыўджаны: лірык у ім дружалюбна суіснуе з эпікам, абое разам — з драматургам.
Лірыка А. Куляшова ў сваю чаргу таксама жанрава вельмі разнапланавая. У ёй — і такія згусткі эмоцый інтымнага характару, як знакамітая «Алеся» («Бывай...»), што праз сорак гадоў пасля паяўлення на свет стала ўсенародна любімай песняй; і такія ўзоры высокапаэтычнай публіцыстыкі, як «Слова да Аб'яднаных Нацый» і «Камуністы»; і такія медытатыўна-філасофскія роздумы, як цыкл «Снапы», які па заглыбленасці ў вечныя і ў самыя надзённыя праблемы чалавечага жыцця-быцця бадай што не мае аналога ў савецкай паэзіі 60-х гадоў. (Прызнаюся, што калі я ўпершыню чытаў гэты цыкл, я не мог вызваліцца ад асацыяцый з тым уражаннем, што некалі зрабілі на мяне санеты Шэкспіра.) І нарэшце — такі характэрны для Куляшова лірычны верш апавядальна-сюжэтнай структуры, з рэальна-канкрэтнай падзейнай асновай («На сотай вярсце», «Глушцы», «Ліст з палону», «Над брацкай магілай» і інш.). Уласна кажучы, творы гэтага плану стаяць на ўзмежжы лірыкі і эпасу, некаторыя з іх было б справядліва лічыць лірычнымі апавяданнямі. На гэтым жа ўзмежжы, хаця і з большым ухілам у эпіку, знаходзяцца хрэстаматыйна вядомыя балады Куляшова — «Камсамольскі білет», «Маці», «Балада аб чатырох заложніках» і інш.