Выбрать главу

Калі мы канчаткова пераадолеем дух літаратурнай правінцыі з яе абразлівымі для вялікай літаратуры норавамі і звычаямі, правінцыі, дзе высокае служэнне словам народу яшчэ нярэдка падменьваецца тлумна-пустой мітуснёю, дзе дробныя самалюбівы спаборнічаюць у вымярэнні сваёй уласнай пыхі, дзе нават .таленавітыя людзі не саромяцца надзець на сябе каўпак блазна ці маску арлекіна,— калі мы ўсё гэта пераадолеем і пераступім праз гэта — толькі тады мы з усёй яснасцю ўбачым і зразумеем, якога паэта ў асобе Аркадзя Куляшова мы... не, не страцілі, а маем, якога волата творчага духу дала нам і ўсяму свету наша сціплая ў бярозах і соснах беларуская зямля.

1972

Урокі Маякоўскага

(Нататкі з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння)

1

Маякоўскі, як вядома, не любіў юбілеяў, самога ж духу юбілейшчыны, які мярцвіць жывую працу, цярпець не мог. Для яго, нават жартам, немагчымым было ўявіць сябе — і ў прамым і ў пераносным сэнсе — забранзавелым.

Мне бы памятник при жизни полагается по чину. Заложил бы динамиту — ну-ка, дрызнь!

Таму павага да яго памяці патрабуе, нягледзячы на круглую дату, гаварыць не ва ўрачыста-юбілейным тоне, а, па магчымасці, у дзелавым, як ён уважаў за лепшае размаўляць з класікамі сам. Тым больш што, звяртаючыся да нашчадкаў, паэт быў упэўнены: у будучыню ён прыйдзе да нас толькі «как живой с живыми говоря».

Юбилей — это пепел, песок и дым; Юбилей — это радость седым; Юбилей — это край кладбищенских ям; Это речи и фимиам; остановка предсмертная, вздохи, елей — вот что лезет из букв «ю-б-и-л-е-й». А для нас юбилей — ремонт в пути, Постоял — и дальше гуди.

Думаю, што і юбілей вялікага савецкага паэта для сучаснай нашай літаратуры — гэта таксама зручны момант зрабіць «рамонт у дарозе», каб «гудзець далей» на імкліва скіраванай у «камуністычнае далёка» магістралі.

2

Для майго пакалення, у пару нашай камсамольскай маладосці (першае пасляваеннае дзесяцігоддзе), у вялікай краіне рускай паэзіі Маякоўскі быў — без сумнення і без параўнання — самым любімым паэтам. У гэтым сэнсе мы, маладыя паэты канца саракавых — пачатку пяцідзесятых, былі непахісна верныя ідэйна-эстэтычным арыенцірам нашых старэйшых таварышаў, мы ішлі ўслед за імі і побач з імі, таму што і для іх творчасць Маякоўскага была не толькі вялікай і шчырай любоўю, але і баявым сцягам, і свяшчэнным запаветам, і, вядома ж,— непераўзыдзеным узорам патрыятычнага служэння: сваёй краіне і народу, высокім прыкладам сапраўднага паэта-грамадзяніна. О, як натхнёна мы цытавалі — не, не тое слова «цытавалі»! — як шчыра і горача мы кляліся ягонымі словамі, у якіх бачыліся нам адзіна магчымыя адносіны і да паэзіі, і да жыцця, і да самога сябе:

Мне и рубля не накопили строчки, краснодеревщики не слали мебель на дом. И кроме свежевымытой сорочки, скажу по совести, мне ничего не надо.

Калі ў годзе пяцьдзесят другім ці трэцім перад студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта выступала сястра паэта Людміла Уладзіміраўна,— агромністая зала не магла патоўпіць усіх, хто прагнуў яе паслухаць. У поўным сэнсе слова — яблыку не было дзе ўпасці. Людзей набілася ў тры разы больш, чым было месц для сядзення ў зале. Такой вялікай была цікавасць студэнцкай моладзі да жыцця і творчасці паэта, настолькі жывым і патрэбным для яе было слова «агітатара, гарлана-главара».

З той пары прайшло ні многа ні мала — дваццаць гадоў. Гады гэтыя, як вядома, былі незвычайныя. За гэты час у жыцці нашага сацыялістычнага грамадства — ва ўсіх яго аспектах — адбыліся істотныя перамены. Вялікія падзеі і перамены мелі месца і ў міжнародным — палітычным і культурным — жыцці. Няма патрэбы спыняцца тут на гэтым падрабязна. Падкрэслю толькі, што ў гэтыя гады і літаратура наша не стаяла на месцы: будучы эмацыянальна-вобразным адлюстраваннем рэчаіснасці, і яна развівалася ў тым жа кірунку, у якім ішло духоўнае развіццё грамадства. Не падлягае сумненню, што яе галоўныя, апорныя ідэйна-эстэтычныя прынцыпы — камуністычная партыйнасць, народнасць і рэалізм былі і застаюцца важнейшымі для кожнага савецкага пісьменніка і паэта. Прынцыпы, якія таленавіцей і палымяней за ўсіх сваіх сучаснікаў адстойваў і сцвярджаў Уладзімір Маякоўскі.