І шмат пазней, у спелым узросце:
Будзем шчырымі: ужо ж неаднойчы — і вусна і ў друку — з засмучэннем гаварылася аб тым, што адзін паэт-гастралёр збірае на свае літаратурныя вечары (платныя, прычым) агромністую аўдыторыю, чытае ёй сантыментальна-маралізатарскія «стишки» яўна мяшчанскага зместу і мае вялікі поспех. Зборнікі такіх вершатворцаў выдаюцца, на жаль, вялізнымі тыражамі: ёсць попыт. Ці будуць гэтыя слухачы і чытачы, што так цёпла прымаюць сучаснае «сконапель ля поэзи» «канарэек», зачытвацца і захапляцца ваяўніча-антымяшчанскай, высока грамадзянскай, наскрозь партыйнай паэзіяй Маякоўскага? Не, вядома, ні ў якім разе. Або — або: або Маякоўскі, або «барашек златошерстый», што «заблеял и пошел».
Хацелася б спадзявацца, што час выправіць гэту яўную анамалію ў духоўным развіцці некаторых маладых чытачоў, і рана ці позна яны таксама пойдуць за Маякоўскім і за тымі, хто працягвае і развівае ў паэзіі яго традыцыі.
Што ж трэба наследаваць у вялікага паэта Рэвалюцыі? Чаму можна і неабходна ў яго вучыцца?
Душу яго паэзіі, яе найпершую сутнасць складае грамадзянскасць — адкрыта партыйная мэтанакіраванасць, выразная класавая пазіцыя, баявы атакуючы тэмперамент. Грамадзянскасць — альфа і амега яго ідэйна-мастацкага светапогляду, галоўнае ў змесце яго эстэтыкі, якому падпарадкавана ўсё іншае. Грамадзянскасцю вызначаецца перш за ўсё і жыватворная сіла яго традыцый.
Немагчыма ўявіць сабе паэта, які быў бы ў большай ступені, чым Маякоўскі, сацыяльна і класава заангажыраваны, які б цясней, чым ён, «каплею лился с массами», які б паўней і больш рашуча «всю свою звонкую силу поэта» аддаваў «атакующему классу». Гэтак жа немагчыма ўявіць сабе натуру паэта больш цэласную і валявую, чым Маякоўскі, паэта, які б больш жорстка, чым ён, «себя смирял, становясь на горло собственной песне», які б з такой мужнасцю і так беспаваротна, «революцией мобилизованный и призванный, ушел на фронт из барских садоводств поэзии — бабы капризной».
Маякоўскі прыйшоў у рускую літаратуру ў незвычайны час — калі пад кіраўніцтвам ленінскай партыі бальшавікоў рыхтавалася апошняя, рашучая класавая бітва пралетарыяту за поўнае вызваленне ад гнёту эксплуатацыі. Яшчэ зусім малады дзяцюк, Маякоўскі ўсім сэрцам, усёй істотай сваёй адчуў і зразумеў, што няма і не можа быць у жыцці мэты больш высакароднай і велічнай, чым служыць барацьбе за сацыяльна-эканамічнае і духоўнае разняволенне працоўнага народа, чым пасвяціць сябе Рэвалюцыі, якая ідзе, каб ажыццявіць самыя прыгонныя ідэалы, самыя запаветныя мары чалавецтва. І таму малады паэт кідае подламу і гнуснаму свету бясстрашны выклік — свету, у якім усё несправядліва, у якім пануе зло і гвалт, рабаўніцтва і ашуканства, цемра і невуцтва:
З усёй неадменнай яснасцю Маякоўскі бачыў, што буржуазнае мастацтва, у тым ліку і паэзія, выраджаецца, што песняры «ананасаў у шампанскім» не могуць стаць вястунамі рабоча-пралетарскай «вуліцы», а тым больш — вешчунамі рэвалюцыйных перамог новага класа.
У сваіх дакастрычніцкіх вершах Маякоўскі зноў і зноў звяртаецца з гнеўным словам дакору да тых паэтаў і пісьменнікаў, якія цалкам пазбаўлены пачуцця грамадзянскай адказнасці перад часам. З імі, што прывыклі, «прилипши к стене, к обоям», бесклапотна «пить чай» і «построчно врать», у якіх, як у вартых жалю канцылярыстаў, «вытерся от строчения локоть плюшевый», паэт размаўляе іранічна-злосна: