Выбрать главу
4

Паміж патрабаваннем Маякоўскага рабіць «разлік дзеяння» ў паэзіі «па максімальную дапамогу свайму класу» і яго канкрэтнай працай як мастака і паэта ў вокнах РОСТА, у рэкламе, у палітасвеце — самая непасрэдная сувязь. Агульнавядома, што ў агромністай паэтычнай спадчыне Маякоўскага многія тысячы радкоў складаюць подпісы да палітычных і культурна-асветніцкіх плакатаў, вершаваныя тэксты да малюнкаў у сатырычных часопісах, зарыфмаваныя лозунгі і рэклама, нарэшце, газетныя вершы на выпадак, часцей за ўсё — растлумачальна-агітацыйнага назначэння і таму — зусім без прэтэнзій на даўгавечнасць. З аўтабіяграфічных нататак «Я сам» мы, напрыклад, даведваемся, што толькі за 1920 год Маякоўскі для вокнаў РОСТА «зрабіў тысячы тры плакатаў і тысяч шэсць подпісаў». Просты разлік паказвае, што кожны дзень паэт маляваў каля дзесяці плакатаў і пісаў да іх каля дваццаці вершаваных тэкстаў. Гіганцкая праца, нечалавечае напружанне фізічных сіл, розуму і волі!

У таго, хто сёння пераліствае старонкі поўнага збору твораў Маякоўскага, можа ўзнікнуць пытанне: а ці трэба было паэту такога маштабу, такога таленту займацца гэтай агітпрапагандай? Ці недарэмна было змарнавана ім столькі каштоўнага часу? За гэты ж час маглі нарадзіцца вершы і паэмы непадлеглай пераацэнцы вартасці!..

Зусім магчыма, што маглі б нарадзіцца і такія вершы і такія паэмы. І ўсё ж ставіць пад сумненне патрэбнасць працы Маякоўскага ў РОСТА, у палітасвеце, у рэкламе, на мой погляд,— абразліва для памяці паэта-рэвалюцыянера. Маякоўскі глядзеў на гэту працу як на свой рэвалюцыйны абавязак, да выканання якога ён ставіўся ў вышэйшай ступені сумленна і самаахвярна. Ён служыў Рэвалюцыі, працаваў па перамогу Савецкай улады, па будаўніцтва новага жыцця — і гэтым сказана ўсё. Сённяшняму маладому чалавеку трэба быць закончаным снобам, маральным вырадкам, каб не ацаніць гэту чорную, будзённую, няўдзячную працу паэта.

Потомки, словарей проверьте поплавки: Из Леты остатки слов таких, как «проституция», «туберкулёз», «блокада». Для вас, которые здоровы и ловки, поэт вылизывал чахоткины плевки шершавым языком плаката.

Так, «языком плаката» Маякоўскі зрабіў вельмі многа. Ён аддаваў гэтаму свае сілы, энергію, час з поўным перакананнем, што такім чынам дапамагае маладой Савецкай Рэспубліцы. Падкрэслю, між іншым, што Маякоўскі і на гэтай ніве працаваў па-майстэрску, таленавіта, хораша. Напрыклад, вось такі санплакат:

Товарищи люди, будьте культурны: на пол не плюйте, а плюйте в урны!

Або вось такі вытворча-бытавы лозунг:

Долой хулиганство! Один безобразник портит всем и работу и праздник.

У друку — перш за ўсё ў літаратурным — мы нярэдка пасмейваемся з нікчэмных спроб якіхсьці дамарошчаных аўтараў пісаць сучасную рэкламу, плакаты і лозунгі вершамі. Смяяцца лёгка, ну, а як дапамагчы справе сур'ёзна? Рэкламныя і іншыя падобныя тэксты павінны быць лёгка запамінальнымі, а гэтаму вельмі дапамагае рыфма. Таму нязграбныя саматужныя «сцішкі» складаліся, складаюцца і будуць складацца, колькі ні здзекуйся з іх і колькі ні абурайся гэтакай прафанацыяй паэзіі. Ну, а калі так — дык ці не лепш замест бездапаможнага вершападобнага варыва даць рэкламе і плакату разумныя, трапныя, запамінальныя двухрадкоўі і чатырохрадкоўі, зробленыя па-майстэрску, як у Маякоўскага?

Апрача подпісаў да плакатаў і лозунгаў Маякоўскі — таксама ў плане выканання сацзаказа — пісаў многа агітацыйна-прапагандысцкіх, публіцыстычных вершаў для газеты — накшталт «Твердые деньги — твердая почва для смычки крестьянина и рабочего», ОДВФ (Общество друзей воздушного флота), «Вот для чего мужику самолет». Гэта — газетныя вершы ў добрым сэнсе слова,— сапраўдная вершаваная публіцыстыка, разумная, канкрэтная, вобразная. І таму яго заклікі («Мускул свой, дыханье и тело тренируй с пользой для военного дела», «Выволакивайте будущее!» і г. д.) не павісалі голай рыторыкай у паветры — да іх нельга было не прыслухацца.