Заўважым пры гэтым, што стварэнне прафесіянальнай савецкай песні ва ўмовах сацыялістычнага будаўніцтва было справай першаступеннай важнасці, таму што старая, традыцыйная песенная лірыка ўжо не магла цалкам задаволіць патрабаванні, якія вынікалі з новых задач ідэйна-эстэтычнага выхавання працоўных мас. Зразумела, што вялікія заслугі ў гэтых адносінах маюць і многія іншыя савецкія паэты (напрыклад, Суркоў, Лебедзеў-Кумач, Святлоў, Галодны, Гусеў, Фацьянаў, Ашанін, Матусоўскі, Дарызо, Малышка, Русак), але на першым месцы мы зноў жа павінны паставіць імя Ісакоўскага.
«Музычныя крылы» вершам Ісакоўскага далі такія выдатныя кампазітары, як Ул. Захараў, Д. Пакрас, М. Блантэр, В. Салаўёў-Сядой, Б. Макравусаў, І. Дунаеўскі. З неаднаразовых вусных і пісьмовых выступленняў паэта вядома, што спецыяльна песенных тэкстаў, гэта значыць тэкстаў да гатовай музыкі, ён амаль ніколі не пісаў — выключэнне тут могуць скласці толькі адзінкавыя выпадкі. Ісакоўскі пісаў і піша вершы, творы, якія могуць жыць самастойна, якім і без музыкі гарантаваны доўгі-доўгі век. Ну, а той факт, што амаль усе яго лепшыя вершы сталі народнымі песнямі, сведчыць толькі аб асаблівай прыродзе таленту і аб незвычайным майстэрстве паэта. Народнасць духу і зместу, высокая прастата, глыбокі лірызм, добразычлівая, душэўная ўсмешка, сюжэтнасць, зладжанасць кампазіцыі, напеўнасць і мілагучнасць радка — вось некаторыя якасці паэзіі Ісакоўскага, якія забяспечылі ёй жыццяздольнасць і поспех у чытача.
Праўда, многія яго вершы нам проста немагчыма ўявіць без музыкі, таму што мы ўспрынялі іх песнямі і надта моцна зжыліся з любімымі мелодыямі. І ўсё ж яго вершы — самі па сабе выдатная з'ява паэзіі. Я ўспамінаю, як моцна, да слёз, уразіў мяне калісьці верш Ісакоўскага «Враги сожгли родную хату». Думаю, што такое ўражанне ён зрабіў не толькі на мяне. Гэты верш за два дзесяткі гадоў набыў хрэстаматыйную папулярнасць, як адзін з самых лепшых твораў савецкай паэзіі аб вайне. Музыка ж да яго была напісана параўнаўча нядаўна — толькі ў 1961 годзе.
М. В. Ісакоўскі — не толькі выдатны паэт, але і бліскучы перакладчык паэзіі іншых народаў, асабліва паэзіі сваіх блізкіх суседзяў — беларускага і ўкраінскага народаў. Дзякуючы яго таленавітым, высокамайстэрскім перакладам на рускую мову, многія творы нашай паэзіі зрабіліся духоўным здабыткам усесаюзнага чытача і сталі вядомымі далёка за межамі Радзімы. Пераклады Ісакоўскага з творчасці Купалы, Коласа, Багдановіча, Куляшова, Броўкі, Танка, Русака і іншых беларускіх паэтаў назаўсёды ўпісалі яго імя ў летапіс вялікай дружбы братніх літаратур. Будзем справядлівымі і скажам: нам моцна пашанцавала, што адным з самых актыўных перакладчыкаў беларускай паэзіі быў у свой час Міхаіл Ісакоўскі. І справядліва, што ўрадам нашай рэспублікі яму была нададзена годнасць заслужана га дзеяча культуры Беларускай ССР.
Паэты і чытачы, аматары паэзіі ведаюць М. В. Ісакоўскага і як прынцыповага крытыка, сур'ёзнага і строгага паэтычнага настаўніка; многія ўдзячны яму за тое, што ён дапамог ім выйсці на шырокую дарогу творчасці, а яшчэ болей тых, каго ён навучыў разумець і адчуваць паэзію. Не выпадкова яго кніга «Аб паэтычным майстэрстве» вытрымала ўжо некалькі выданняў. У мінулым годзе М. В. Ісакоўскі апублікаваў кнігу ўспамінаў «На Ельнінскай зямлі» — глыбокі, цікавы і змястоўны твор паэта ў жанры прозы. Твор, які варта прачытаць усім, хто цікавіцца гісторыяй айчыннай культуры, і асабліва карысна пазнаёміцца з ім літаратурнай моладзі.
1970
У вянок Ніколу Вапцараву
Успамінаю сваё першае ўражанне ад знаёмства з паэзіяй Вапцарава. Дзесьці ў пачатку 50-х гадоў, будучы студэнтам універсітэта, набыў я выданы ў Маскве, у перакладах на рускую мову, невялікі томік яго вершаў «Песні пра чалавека». Раней я толькі чуў імя гэтага балгарскага паэта, ведаў пра яго трагічны лёс, але чытаць — не даводзілася. І вось у руках — цэлы зборнік. Прачытаў усё запар, ад пачатку да канца, і моцна здзівіўся: паэзія — балгарская, прычым створана ў старой, дарэвалюцыйнай Балгарыі, а па духу свайму — зусім як савецкая! Настолькі блізкай, агульнай з нашай здалася мне ідэйна-эстэтычная пазіцыя аўтара! Я быў больш-менш знаёмы з творчасцю некаторых іншых замененых паэтаў-камуністаў і антыфашыстаў, і таксама бачыў і адчуваў у іх тое, што нас радніць і аб'ядноўвае. Але гэты выпадак аказаўся асаблівым! У маім успрыняцці Вапцараў вылучаўся сярод сваіх зарубежных паплечнікаў менавіта тым, што яго песня цалкам была замешана на пачуцці поўнай салідарнасці з савецкімі братамі па зброі і здавалася напоўненай родным для мяне паветрам Кастрычніка, паветрам новага, нашага, савецкага светаадчування, паветрам вялікай перабудовы жыцця на новых сацыяльных і маральных асновах.