З многіх успамінаў Міхася Ціханавіча, ягоных згадак пра, можа быць, не такія і значныя, нават дробныя эпізоды свайго жыцця, перада мной паўставаў вобраз Чалавека, Пісьменніка і Камуніста. Здзіўленне і глыбокую павагу выклікала яго чалавечая сціпласць і сумленнасць. Але раней, чым з успамінаў, гэтыя рысы яго характару адкрыліся для мяне з аднаго эпізоду, што адбыўся на маіх вачах. Гэта было ў пачатку шасцідзесятых гадоў. У Саюзе пісьменнікаў ішло абмеркаванне перспектыўнага плана выданняў беларускай літаратуры. Сам тагачасны старшыня Камітэта па друку Р. В. Канавалаў паведаміў прысутным, што ў бліжэйшы час запланавана выдаць шматтомныя зборы твораў народных паэтаў і пісьменнікаў Крапівы, Лынькова, Танка, Куляшова, Броўкі. Усе прынялі гэта паведамленне станоўча, з прыхільнасцю: маўляў, канешне, пара ажыццявіць такія выданні. Запярэчыў толькі адзін з прысутных: Міхась Лынькоў. Ён падняўся і папрасіў ягоны збор твораў не ўключаць на бліжэйшыя гады. «Можа, пасля калі-небудзь, пазней...» Насуперак довадам і ўгаворам здзіўленых таварышаў, Міхась Ціханавіч катэгарычна настойваў на сваім і «перамог». Гэта быў, вядома, урок сціпласці для маладзейшых, але, здаецца, «дзівацтва» старога майстра сёй-той зразумеў і скарыстаў па-свойму.
Трэба сказаць, што не падабаліся, вельмі не падабаліся Міхасю Ціханавічу паводзіны некаторых літаратараў, іх празмерныя прэтэнзіі па ўвагу і на месца ў сучасным літаратурным працэсе, іх здольнасць прабіваць і закідваць свет сваімі пухлымі тамамі. Не падабаліся, бо ў гэтым ён бачыў несур'ёзныя, безадказныя адносіны да працы, бачыў разбурэнне творчай асобы, разбэшчванне таленту...
— На многіх зрабіла ўражанне, Міхась Ціханавіч, што вы ў нядаўнім артыкуле не толькі пахвалілі, але і трохі паўшчувалі прызнанага і папулярнага аўтара. Як гэта вы адважыліся?..
Міхась Ціханавіч, у хатняй «амуніцыі», сядзеў па ложку ў сваёй «галубятні» — як ён называў невялікі пакой у паддашшы, з зашклёнымі дзвярыма на балкон і відам на возера. Ён хітравата ўсміхнуўся і на маё пытанне адказаў:
— Ну, калі і я не скажу яму гэтага, дык хто яму скажа?..— Усмешка знікла, і ён працягваў ужо зусім сур'ёзна, нават з непрыхаваным незадавальненнем і дакорам,— Так жа нельга!.. Што ж ён сабе думае? Куды ён спяшаецца? Даў бог талент, дык трэба яго шанаваць, а не раскідвацца ім, не хапацца за пятаедзесятае... Цяп-ляп — у літаратуры так не гадзіцца.
А яшчэ не любіў Міхась Ціханавіч людзей хамаватых, нахрапістых, бесцырымонных. Ненавідзеў фанабэрыстасць і пыху запанелых. Урэзаўся мне ў памяць адзін яго расказ з эпохі БелАНН — Беларускай Асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (самы пачатак трыццатых гадоў).
— Быў я тады старшынёй гэтай літаратурнай арганізацыі. І прыехаў у Мінск на гастролі адзін так званы «камсамольскі паэт» — досыць вядомы, нашумелы па тым часе. Заходзіць да мяне ў кабінет якісьці малады чалавек і заяўляе: «Я — па даручэнню паэта Ікс. Ён сказаў, каб вы арганізавалі беларускіх камсамольскіх паэтаў выступаць разам з ім — у падмогу».— «Гэта што — загад?» — спрабую ўсміхнуцца.— «Не, але гэта трэба зрабіць».— «А дзе ж ён сам?» — пытаю я ў гэтага імпрэсарыё. «Ён з дарогі адпачывае».— «Звярніцеся, кажу, у наша камсамольскае бюро, яно вам дапаможа. Раз паэт камсамольскі, то і гаварыце, калі ласка, з камсамолам». Праз гадзіну — званок з ЦК ЛКСМБ: госць ужо паскардзіўся, што беларускія пісьменнікі яго ігнаруюць. «Таварыш Лынькоў, як жа гэта: прыехаў наш, камсамольскі, паэт, а вы яго так сустракаеце? Гэта ж наш паэт!» — «А мы, пытаю, чые — цётчыны? Ён — наш, а мы — не нашы, цётчыны? Дык вось што я вам скажу: я не бачыў у вочы гэтага паэта. Зайшоў якісьці чалавек — бог ведае хто! — і гаворыць ад імя бог ведае каго! Гэтак жа не робіцца...» Тым часам прыязджалі маскоўскія хлопцы, пісьменнікі, я ім і расказаў, як нас трасе і калоціць пасля візіту «камсамольскага паэта», што ён тут заварыў. Там, у Маскве, на партбюро, успомнілі, што гэты з маладых, ды ранні таварыш ужо і ў Сібіры трымаўся па-барску, фанабэрыста, абразліва для мясцовых таварышаў... Сплюсавалі яму Сібір і Беларусь і далі вымову — за пыху, за апанеласць...
Ненавідзячы фанабэрыстасць, надзіманасць, панскасць, Міхась Ціханавіч быў, аднак, у высокай ступені надзелены пачуццём уласнай чалавечай годнасці. Падхалімства, падлізніцтва былі для яго проста агідныя.