Выбрать главу

Два дзеясловы ўтвораны паэтам ад назоўніка крыло: крыліцца і ўскрыліцца.

Стогнуць пад мурам халодным таполі, Крыліцца ў ветках начніца.
Світы, захады крыляцца, На адной таўкуцца кладцы.
Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам, Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.

Цікавым наватворам з'яўляецца дзеяслоў відніць у значэнні асвятляць, рабіць відна, развейваць змрок. Міфічная лясная царэўна — знябытая і зняможаная ад адзіноты — ускліквае:

Хто чуе, як голасам долю кляну? Хто бача, як відню вачамі я цьму?

Верш «З вячэрніх дум», у якім мы сустрэлі арыгінальны эпітэт нязгледны, дае нам яшчэ адзін характэрны купалаўскі наватвор — дзеяслоў сваіўся:

Гледзячы, як закон наш калоссямі спеў, А сявец яго радасна з сонцам сваіўся, Песню далі і неба таксама я пеў...

Сявец сваіўся з сонцам — радніўся з ім, уступаў у блізкія сваяцкія адносіны. Як хораша па сэнсу, як смела і як па-беларуску гэта сказана!

Адзначым яшчэ такія дзеясловы, як харашыць і ахарашыць — сінонімы да ўпрыгожыць, аздобіць, прыбраць.

Годзе, жытцо маё, годзе, наспелае, З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць; Годзе шумеці думкі нясмелыя, Годзе загоны сабой харашыць! Слёз нап'ецца сваіх да адвалу, Кроў свая ахарошыць квяціста.

Смелай вынаходлівасцю характарызуюцца і створаныя Купалам прыметнікі, дзеепрыметнікі, прыслоўі, якія ў вершах з'яўляюцца мастацкімі эпітэтамі — свежымі, каларытнымі, запамінальнымі. Мы ведаем, напрыклад, прыметнік адвечны — Купала не баіцца нарасціць суфікс і атрымаць адвечністы: у вершы «Над Іматрай» хвалі «адвечністым шумам калышуць прастор». Агульны сэнс азначэння не змяніўся, але ў самім гучанні ўлоўліваецца нешта новае — як бы прыбавілася нейкай важкасці, урачыстасці,— таго мікраэлементу, які ў сукупнасці з такімі ж іншымі і ўтварае паэзію.

Па ўзору адвечністы ўтвораны эпітэты святлівы: лясная царэўна «твар мела святлівы, як неба ўзор»; лісцясты: «Паслухай музыкі лісцястай; пакоцісты: «Шум пакоцісты нясецца» і інш. Характэрнымі для Купалы з'яўляюцца такія нязвыклыя формы прыметнікаў, як перагібны: «мяне стан звабіў перагібны»; негадзівы: «суд негадзівы жаласць-гадзюка судзіць над шчырай слёзаў малітвай»; нядольныя: «вырвіце думкі нядольныя»; грайкія: «жальцеся, грайкія струны»; жыўчыя: «асыпае з сябе жыўчых росак ваду»; саколія: «мець бы мне крыллі саколія»; жалязяная: «ён рыдлёўку сваю жалязяную кавалю пацягнуў, паказаў»; бунтаўнічая: «для свята волі бунтаўнічай»; цямняцкае: «цямняцкае ігрышча з сухотніцай вядзе» і інш.

Іх даволі многа, падобных эпітэтаў, і ў паэтычнай стылістыцы Купалы яны адыгрываюць вельмі істотную ролю. Паспрабуйце замяніць гэтыя азначэнні звыклымі, агульнапрынятымі, літаратурнымі формамі — і вы адразу адчуеце, як паблекне, збяднее непаўторны каларыт купалаўскага радка.

Сказанае цалкам стасуецца і да вялікай колькасці самабытных купалаўскіх назоўнікаў, утвораных самымі рознымі спосабамі і ад самых розных часцін мовы. Падаць тут іх усе няма ніякай магчымасці, таму абмяжуемся толькі некалькімі наступнымі прыкладамі, якія, на наш погляд, у дастатковай ступені вызначаюць кірунак і характар моватворчых пошукаў паэта ў галіне назоўніка.

Пачнём, можа быць, з самага арыгінальнага і цікавага. У вядомым вершы «Адцвітанне», поўным чароўнай музыкі і якогасьці таямнічага, дзівосна-казачнага хараства, чытаем:

Не іскрыцца небазор, Не цвіце трава-чабор, Не цыгліць птушыны стан...

Адчуваем, што слова небазор у вершы вельмі дарэчы, на сваім месцы. Але што яно азначае? І як утворана? Ці тут другая частка — зор — ад зоры, зоркі, і тады небазор трэба разумець як зорнае неба (неба ў зорах), ці зор выведзена ад азіраць (супастаўце — зрок, зрэнка, белазоры — у значэнні «чалавек з вялікімі бялкамі ў вачах»), і небазор трэба разумець як небасхіл, небакрай (па аналогіі з далягляд, краявід, дзе маюцца карані слоў глядзець, відзець — сінонімаў да азіраць). Нам асабіста больш верагодным, больш лагічным здаецца іменна гэты, другі — падсвядомы, спантанны — «выбліск» мысліцельнай энергіі паэта. Хаця зусім мажліва (падобная сітуацыя ўжо адзначалася намі і раней), што і зоры тут былі «пры чым»: і яны — самім сваім гучаннем — падштурхнулі думку аўтара ў гэтым кірунку і падмацавалі вывад (неба і зоры ў нашым уяўленні — непадзельныя) .