Так працаваў у літаратуры ён — сур'ёзна, добрасумленна, самаахвярна. Так думаў аб жыцці і літаратуры ён — маштабна, глыбока, мудра, з дзяржаўным размахам, з сапраўдным грамадзянскім неспакоем і заклапочанасцю.
Хачу пагадаць радкі з яго дзённікавага запісу, зробленага праз дзень пасля смерці Міхася Ціханавіча Лынькова. Па словах Мележа, апошнія гады Лынькоў «жыў мудра», «стаяў над дробязлівасцю жыцця і добра вылучаўся сярод некаторых ссівелых пуставатых трапетуноў». Лынькоў вылучаўся сярод «трапетуноў ссівелых», а сам Мележ — сярод чарнагрывых і малайцаватых, але такіх жа мітуслівых і «пуставатых», як і тыя «ссівелыя». Вылучаўся іменна тым, што — не мітусіўся, не паддаваўся пачуццям і настроям, якія маглі б прынізіць яго як пісьменніка і грамадзяніна. Павінен засведчыць, што не паважаў Іван Паўлавіч гэтакіх «пуставатых» дзеячаў літаратуры. Колькі разоў у размовах, помню, ён адпускаў па іх адрасу кплівыя ацэнкі і характарыстыкі, часам іранічна, з разуменнем нікчэмнасці іх мітусні, усміхаючыся, а часам — часцей — гнеўна абураючыся: мітуслівасць, разумеў ён, рэч — далёка не бяскрыўдная для нашай агульнай справы.
Пры жыцці Івана Паўлавіча мне неаднойчы даводзілася чуць легенду пра нібыта занадта хваравітае ўспрыманне ім крытыкі, пра яго нібыта незвычайную крыўдлівасць у дачыненні да тых, хто выказваў аб яго творах крытычныя заўвагі. Як чалавек, які блізка ведаў Мележа на працягу добрых дваццаці гадоў, меў многа з ім сустрэч і гутарак, хацеў бы я выказаць сваю думку наконт гэтай рысы ў характары Івана Паўлавіча. Так, вядома, калі яму выказвалася тая ці іншая крытычная заўвага, Мележ не расцвітаў ад радасці, не вітаў пачутую крытыку воплескамі задавальнення. Але, па-першае, я ніколі не бачыў і не чуў, каб хто-небудзь іншы з сур'ёзных літаратараў рэагаваў па крытыку падобным чынам — радаваўся і пляскаў у ладкі. Усе мы аднолькава грэшныя, усе мы незвычайна любім, чакаем і проста дачакацца не можам, каб нам сказалі, што твор ці нешта ў творы не ўдалося. Іншая справа, што многія сваёй «радасці» і «задавальнення» не выяўляюць тут жа, адразу, а затойваюць у душы і носяць — за пазухай. Па-другое, Мележава рэагаванне на крытыку зусім не азначала яго нецярпімасці да апошняй, яго адмаўлення права іншых на крытычныя меркаванні.
Справа тут ізноў жа ў тым, што Мележ, як да сваёй працы, так і да працы любога таленавітага пісьменніка, ставіўся з павагай. Ён працаваў над сваімі творамі вельмі і вельмі сур'ёзна і таму меў усе маральныя падставы чакаць і патрабаваць, каб і да яго працы крытыкі ці чытачы ставіліся гэтак жа сур'ёзна, уважліва, з павагай. Яго крыўдзіла не крытыка, а няўважлівыя адносіны да твора, да яго працы; яго крыўдзіла і нават абурала занадта ж лёгкае абыходжанне з плёнам яго шчырага клопату, занадта павярхоўнае меркаванне аб тым, што ён выношваў у сэрцы з пакутамі і болем. Бо за гэтакім меркаваннем і абыходжаннем — і тут Мележ не памыляўся — звычайна стаяла абыякавасць і раўнадушнасць да літаратуры, адсутнасць сапраўднай цікавасці і зацікаўленасці, сапраўднай, калі хочаце, культуры. Чытача павярхоўнага, няўдумлівага, раўнадушнага Мележ не паважаў, бо не для такога чытача ён пісаў і не з такім хацеў весці размову. Ён любіў кантактавацца з чытачом шчырым і зацікаўленым, удумлівым і сур'ёзным, з чытачом — другам і добрым дарадчыкам. Калі ж несур'ёзнасць і непавага праяўляліся з боку калегі, таварыша па зброі, гэта засмучала і крыўдзіла яго тым больш.
Сёння нам асабліва павінна быць зразумела, што іначай успрымаць легкадумныя крытычныя закіды Мележ не мог. Не мог, бо ведаў сабе цану — ведаў і тады, калі іншыя, нават блізкія знаёмыя і сябры, не ведалі. А галоўнае — ён ведаў цану літаратуры, у якой працаваў, і цану сур'ёзнай літаратурнай дзейнасці. Адсутнасць пачуцця прафесійнай годнасці ў пісьменніка справядліва ацэньвалася ім як правінцыйнае ахламонства, якое прыніжае само імя і званне літаратара. Дзе-дзе, а ў літаратуры ўсё павінна мерацца вышэйшай не толькі эстэтычнай, але і маральнай меркай. Для каго-небудзь іншага словы «літаратура — гэта святыня, храм» маглі заставацца не больш чым словамі,— для каго-небудзь іншага, але не для Мележа.
Напэўна, многія з тых, хто ведаў Івана Паўлавіча асабіста, могуць прыгадаць яго ўрокі павагі да літаратуры і літаратурнай працы, да калег і таварышаў па пяру, а таксама — павагі да сваіх чытачоў. Мае першыя ўражанні аб гэтай яго выдатнай якасці склаліся яшчэ ў першыя гады нашага знаёмства.
Вясной 1957 года Іван Паўлавіч запрасіў мяне з'ездзіць разам у Барысаў на сустрэчу а чытачамі. Сустрэча прайшла хораша, цікава. Настрой у мяне быў выдатны: мала таго што вядомы пісьменнік аказаў мне такі давер, дык ён яшчэ і сказаў паважанай аўдыторыі некалькі добрых слоў пра свайго маладзейшага таварыша. Вярнуўшыся ў Мінск, Іван Паўлавіч запрасіў мяне на кватэру і ў сваім рабочым кабінеце пазнаёміў з некаторымі лістамі чытачоў, а таксама з лістамі А. А. Фадзеева. Чытачы дзякавалі за цікавую кнігу, жадалі новых поспехаў, славуты пісьменнік даваў першаму раману беларускага празаіка высокую ацэнку — лаканічную і вельмі прафесіянальную, далікатна выказваў некаторыя крытычныя меркаванні. І тыя і другія лісты Іван Паўлавіч зачытваў не без гордасці, але і без ценю самазадаволенасці або выхвалення. Было відаць, што лісты яму дарагія, ён нават хваляваўся, чытаючы іх, і спяшаўся мне патлумачыць, чаму ён іх так цэніць, як бы баючыся, што я няправільна зразумею. Так быў мне ў той дзень пададзены ўрок павагі не толькі да літаратуры і яе творцаў, але і навагі да чытачоў, да іх думкі і голасу. Гэта павага заставалася адной з прывабных рыс Івана Паўлавіча да канца яго дзён — пазней я многа разоў быў сведкам таго, як ён высока цаніў і з якой павагай ставіўся да шчырага чытацкага слова,— ужо і тады, калі быў усенародна прызнаны і любімы, калі быў у зеніце пашаны і славы і калі льга было падумаць — што можа дадаць яшчэ адзін голас яшчэ аднаго незнаёмага чытача?