Выбрать главу

Люблю за свежую, нечаканую рыфму. Пра яго майстэрства рыфмоўкі можна пісаць спецыяльнае даследаванне. Панчанка ўпершыню ў нашай паэзіі сістэмна перайшоў на гэтак званы акустычны прынцып рыфмоўкі — асноўны ў вусна-паэтычнай народнай творчасці, заснаваны не на аднолькавасці, а па падобнасці гукаў у клаўзулах: дастаткова, каб сугучнасць была ўлоўлена слыхам. Вось тыповыя, характэрныя для яго рыфмы: станцыя — паганцаў, грабежніцы — бежанцах, мяне — знямеў, мёртвыя — вавёркамі, належыць — начлежным, наблыталі — бітвамі, падручнікі — перакручана, поўзалі — бярозамі, парымся — кіпарысаў, уцяміць — негрыцянак, зязюлямі — зажураны, шастаў— шчасця, аркестра — не кепска, тузанула — зануда, красой — расол. Мы часта гаворым пра паэтычную вучобу ў народа і прыводзім у доказ пераймальніцкі прымітыў «а ля фальклор». А сапраўдная фальклорная школа — вось дзе. Вось у каго бачна засваенне эстэтычнага вопыту народнай песні, вось чыё «вуха», слых выхаваны, «вышкалены» паэтычнай культурай народа-песпятворцы, культурай роднага паэтычнага слова! Па сутнасці, Панчанка — рэфарматар беларускай рыфмы, яна складае адзін з элементаў яго творчага наватарства. Да Панчанкі выкарыстанне акустычнай рыфмы ў беларускай паэзіі было эпізадычным, выпадковым. Панавала рыфма дакладная. Але Панчанка любіць і дакладную ці проста багатую рыфму: перапала — ціравала, перавале — пілавалі, землетрасеннямі — асеннімі, даверуся — верасе, прыцярпецца — цяпельца, пляткарце — плацкарце, давядзецца — вядзерца, прабірцы — прабіцца, чараўнікі — чарнавікі, сурочылі — сарочыя. Нярэдкі госць у яго і састаўная рыфма: слязу лілі — на Везувіі, Ільменя — плынь мяне, грудкамі — самакруткі мы, дзяжа ў нас — дзяржаўнасць, на аркане — наракалі, шайбаў — чай быў, на пасаг — напісаць, цытатай — ці татам. Ну, а такая сэнсавая рыфма, як начканц — начхаць? Для сатырычнага верша ёй цаны няма!

Люблю яго паэзію за дзіўную, фатальна прыродную беларускасць гучання, якая з'яўляецца, на маю думку, першапрычынай яе катастрафічных страт пры перакладзе на іншыя мовы. Калісьці на адным вялікім пісьменніцкім форуме я ўжо гаварыў, што паэзія Панчанкі да гэтага часу па-сапраўднаму не адкрыта для рускага, а значыць і для ўсесаюзнага чытача, што яго творы, на жаль, перакладзены далёка не лепшым чынам. Прайшлі гады, і сёння я хачу сказаць з яшчэ большым засмучэннем, што так і няма перакладаў з Панчанкі на рускую роўных арыгіналу, ніхто яго вершы ўсё яшчэ не ўзнавіў так, каб яны гучалі з першароднай сілай і хараством. Паэзія вельмі цяяжа перакладаецца наогул, асабліва з блізкароднасных моў. Тым не менш многія нашы паэты ў перакладах на рускую гучаць вельмі хораша, некаторыя — адшліфаваныя пяром майстра — нават лепш, чым у арыгінале. У Панчанкі ў рускіх перакладах — страты, страты і страты. І страты непазбежныя. Бо такая паэзія, як яго, не ведаю, ці перакладаецца без страт наогул. Уся справа тут, на мой погляд, у «маленькай дробязі» — у самім гучанні слова, у тым звонкім «дзе» і густым «чаго», пра якія ён сам гаворыць у адным з даўніх вершаў. Захавай у перакладзе ўсе тыя самыя па сэнсу словы — яны прагучаць інакш і здадуцца не тымі: яркія здадуцца выцвілымі, сакавітыя — сухімі і поснымі. Знікае «дробязь» — і знікае ўся прывабнасць радка, страфы. Шчырае, зямное пачуццё, жывая чалавечая душа, паэзія — робяцца газетнай публіцыстыкай, рыторыкай. І ўсё з-за страты нечага няўлоўнага для небеларускага вуха.

Вось толькі два — першыя, што трапілі пад руку — прыклады з аднаго і таго ж верша:

І любы зноў мне тыя стравы, Што у маленстве елі мы.

Перакладзіце на рускую гэтыя «стравы». «Блюда»? «Кушанья»? Адчуваеце, што ўсё ляціць бог ведае куды? Паэзія прападае імгненна.

Або:

І быў гарачы пах жніва, І водар кропавы гарода.

Як вы перакладаеце гэты «водар» на рускую? «Запах»? Не тое. «Аромат»? Зусім не тое — парфюмерыя. А ў «стравах» і ў «водары» — нешта зямное, прыроднае, калі хочаце — язычніцкае. Паэзія ў саміх словах.

Люблю вяртацца да многіх даўніх вершаў паэта. Вяртаюся, чытаю. Але што гэта? Помню, як было тады — у 1946:

Стаю ля Каспійскага мора на беразе І марай уласнае сэрца трывожу — Мая Беларусь, у рамонку і верасе, Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся І самай багатай, І самай прыгожай!