І так, да замацаванай у энцыклапедычных і іншых навуковых выданнях характарыстыкі дадаём: натхнёны і пранікнёны пясняр самых тонкіх інтымных зрухаў у чалавечай душы, пяшчотны і задушэўны лірык, чуйны да настрою ў прыродзе, глыбока падлеглы пачуццю замілаванасці яе чароўным хараством, прагны да гармоніі жыцця і паэзіі, дасканалы майстар ціхай музыкі ў слове. Аднак жа і цяпер мы не можам сказаць, што нарэшце Бураўкін адкрыўся перад намі ўсімі гранямі свайго мастацкага дару, што слова паэта цяпер ужо засвяцілася перад намі ўсімі фарбамі і колерамі яго эмацыянальнай палітры. Бо вось жа чытаем вершы з нізкі «Некалькі жартаўлівых дыялогаў», вершы «Застолле пасля абароны дысертацыі», «Спроба вясёлай песенькі пра нетыповых турыстаў» і некаторыя іншыя,— і перад намі паўстае Бураўкін, можна сказаць, раней незнаёмы, у зусім новай якасці: Бураўкін гумарыст і сатырык! Каб не здалося, што я перабольшваю і, чаго добрага, па-сяброўску прыпісваю паэту пазваную каштоўную рысу, запрашаю прачытаць разам і пераканацца:
Як на мой погляд, дык гэта бліскучая вершаваная сатыра, і можна толькі пашкадаваць, што Бураўкін так рэдка да гэтага віду паэзіі звяртаецца.
Гадоў пятнаццаць назад «чысты» датуль лірык Бураўкін апублікаваў паэму «Чужая споведзь». Паэма — ліра-эпічная, і ўсё-такі паэма, з пэўным падзейным сюжэтам, у аснове якога — лёс «ціхенькага» чалавека, што, не вытрымаўшы грузу «крыўд і страху», «сам сябе пасадзіў за краты» баязлівасці і маладушша, капітуліраваў перад цяжкасцямі і нягодамі жыцця. Ужо і па гэтай рэчы можна было меркаваць, што зварот паэта да прыёмаў і сродкаў пісьма апавядальнага невыпадковы. Так і аказалася. Услед за «Чужой споведдзю» паявілася паэма «Хатынскі снег», а затым «Паэма расстання». І нарэшце — «Ленін думае пра Беларусь».
Зрэшты, цяга да апавядальнасці, да сюжэтнасці бачна і ў некаторых лірычных вершах паэта. Напрыклад, у трыпціху «Элегіі старога саду», які аб'ядноўвае тры лірычныя ўспаміны з апавядальным пачаткам і, што асабліва важна, з апавядальнай інтанацыяй. Тое ж самае можна сказаць і пра «жартаўлівыя дыялогі» з мурашом і трутнем.