Выбрать главу

— Купляеш? — спытаўся я.— Ці знаёмыя дораць?

— Знаёмыя дораць,— адказаў гаспадар, неяк хітравата ўсміхнуўшыся вачыма.— Вось гэта — ад народнага мастака такога-то, вунь тая — ад народнага мастака такога-то... Рэпрадукцыя во гэтай карціны будзе на вокладцы маёй аповесці «Далёкія брады» — яна хутка выйдзе з друку... Табе падабаюцца?

— Падабаюцца,— адказаў я шчыра. Карціны — пераважна пейзажы — мне сапраўды былі па душы.

— То пачакай, я зараз прынясу болей, у мяне яшчэ іх многа, толькі не асаджаны ў рамкі.

Усе хітрыкі майго сябра раптам, сама таго не жадаючы, выкрыла баба Данка. Пакуль Давыдкаў падбіраў у другім пакоі карціны, яна зайшла ў залу, паставіла на нізкі столік талерку з тонка наструганай луканкай і спытала:

— Ну, як мой Іван малюе? Ці хораша?

Я весела засмяяўся — не столькі ад таго, што так забаўна атрымалася, колькі ад радасці, што ўсе гэтыя творы «народных мастакоў» намаляваны, аказваецца, рукой сябра, што яго выдатнаму таленту паэта так удала спадарожнічае добры талент мастака-жывапісца.

— Хораша малюе ваш сын, баба Данка, хораша! І кнігі вельмі хораша піша. І мне цяпер зусім зразумела, чаму ў яго вершах так многа фарбаў і колераў роднай зямлі...

Сапраўды, бадай што ні ў кога з сённяшніх балгарскіх паэтаў мы не знойдзем такога раскашавання колераў, такой шматфарбнай маляўнічасці, як у Івана Давыдкава. Цяга да жывапісу словам, да мовы фарбаў — адна з характэрных асаблівасцей яго таленту. Беларускі чытач можа заўважыць гэта нават па перакладах. Адсюль — невыпадковы і вобраз мастака ў яго вершах, і такое частае звяртанне да мясцовай балгарскай флоры. (Зазначу, што, перакладаючы яго вершы, прыходзілася дзесяткі разоў заглядаць у спецыяльны «Слоўнік-траўнік і кветнік», каб знайсці дакладныя адпаведнасці ў раслінным свеце Беларусі.)

Але адзначыўшы гэту каштоўную якасць паэтычнага таленту Давыдкава, трэба сказаць, што ёсць у яго паэзіі і нешта больш істотнае, больш важнае, можа быць, самае галоўнае, чым яна прываблівае да сябе шырокія колы чытачоў і забяспечвае аўтару сваё, адметнае месца ў шэрагу сур'ёзных майстроў паэтычнага слова. Гэта — яго нязменная ўвага, павага і любоў да чалавека працы, да селяніна і рабочага, да тых, хто сваімі мазолістымі рукамі стварае ўсе багацці на зямлі. Хлебаробы, садоўнікі, пастухі, лесарубы, чыгуначнікі, рабочыя — вось яго любімыя героі, з якімі ён не расстаецца бадай што ні ў адным вершы. А ці ж не яны з'яўляюцца і сапраўднымі героямі нашага часу, мужнымі і сціплымі ў сваім высокім подзвігу, імя якога — будаўніцтва сацыялістычнага ладу? Безумоўна, так. Давыдкаў не шукае тэм выключных, незвычайных, грандыёзных. Ён спыняе ўвагу на з'явах жыцця самых простых, буднічных, штодзённых, але ўмее апаэтызаваць іх так, што заўсёды ўздымаецца да значных ідэйных абагульненняў, дзякуючы чаму творы набываюць высокае грамадскае гучанне. Яго паэзія — вельмі канкрэтная, зямная, чалавечная. І па-зямному яркая.

Адзін са старэйшын балгарскай паэзіі Атанас Далчаў пісаў: «Іван Давыдкаў недастаткова ацэнены крытыкай, але ва ўсведамленні сваіх сабраццяў ён належыць да ліку самых лепшых нашых сучасных паэтаў. Ён мае душу жывапісца, адкрытую насцеж для жыцця і з'яў, для святла і фарбаў. Прага загрэбці іх як мага больш прымусіла яго, як мне здаецца, адмовіцца ў сваіх апошніх кнігах ад традыцыйнага вершаскладання з яго абмежаваннямі. Ягоны верш, які цяпер — акцэнтаваны толькі рыфмай — развіваецца свабодна, напамінае вялікі невад, важкі ад вылаўленых вобразаў і хараства».

Справядлівая ацэнка і вельмі дакладная характарыстыка.

1979

Смех злосны, добры і... ніякі

Думкі аб сучасным стане сатыры і гумару

Тэарэтыкі-літаратуразнаўцы, здаецца, і да гэтага часу яшчэ не прыйшлі да агульнай згоды наконт таго, чым жа лічыць сатырычную і гумарыстычную творчасць: ці асобным родам літаратуры (ёсць і такая думка), ці толькі пэўным відам або нават жанрам, ці проста спецыфічным спосабам адлюстравання рэчаіснасці, своеасаблівасць і сутнасць якога — у асмяянні, у адмаўленні або сцвярджэнні гэтай рэчаіснасці пры дапамозе смеху.

Не ўдаючыся ў тэорыю, скажам, што мы ў сваім працоўным жыцці, у штодзённай літаратурнай практыцы ўвогуле правільна разумеем і ўяўляем, што гэта такое — сатыра і гумар, і гэтага практычнага разумення нам дастаткова. Мы ведаем, што смех сатырычны — гэта смех знішчальны, разбуральны, бязлітасны, бескампрамісны, мэта якога — поўнае, безагаворачнае адмаўленне заганы. Таму на яго ўзбраенні і з'едлівая, забойчая іронія, і яе вышэйшая ступень — сарказм. Сатыра выкрывае і адмаўляе такія заганы, якія з'яўляюцца небяспечным для грамадства злом, і адмаўляе іх адкрыта, тэндэнцыйна, непрымірыма, у імя сцвярджэння высокага грамадскага ідэалу. Паміж пісьменнікам-сатырыкам і прадметам ці аб'ектам асмяяння — непераходная мяжа, бездань.