(...) Нельга забываць, што высокае прызначэнне маральнага выхавання — высвечваць усе куткі ўнутранага свету чалавека, узвышаць яго духоўныя патрэбнасці, дапамагаць кожнаму збаўляцца ад тых або іншых недахопаў, у тым ліку і ад такіх, якія да пары да часу не выяўляюцца. Мне аб гэтым ужо даводзілася гаварыць, і я паўтараюся толькі таму, што ў гэтым напрамку робіцца ў нас яшчэ вельмі мала. А праблема сур'ёзная».
А праблема — вельмі сур'ёзная і, зразумела, мае самае непасрэднае дачыненне да працы пісьменніка, да яго грамадзянскіх абавязкаў. Мне нават здавалася, калі я чытаў вышэй пададзеныя словы тав. П. М. Машэрава, што яны ў першую чаргу адрасаваны нам, работнікам літаратуры, перш за ўсё звернуты да нашага грамадзянскага сумлення. Бо хто ж павінен «высвечваць усе куткі ўнутранага свету чалавека» і «ўзвышаць яго духоўныя патрэбнасці», хто павінен «дапамагаць кожнаму збаўляцца ад тых або іншых недахопаў», як не майстры мастацкага слова? Ясней яснага, што на літаратуру ў гэтым сэнсе ўскладаецца агромністая задача. І, можа быць, асабліва — на літаратуру сатырычную і гумарыстычную. Ніводзін літаратар, калі ён сапраўдны грамадзянін, а не філістэр, не мешчанін і абывацель, не можа чуцца вызваленым ад гэтага абавязку, не можа не ўспрыняць пастаўленую партыяй задачу як задачу свайго сумлення, не можа не ўзгадняць з ёю сваю творчую праграму. Калі, паўтараю, ён сапраўды лічыць сябе байцом ідэалагічнага фронту, памочнікам партыі ў вялікай барацьбе за перамогу камуністычнай маралі, за новага чалавека.
І вось калі думаеш аб гэтым, міжволі і з горыччу ў душы мусіш прызнаць, што ў нечым мы не адказваем на патрабаванні жыцця ў поўную сілу так, як належыць, і ў прыватнасці — зусім недастаткова выкарыстоўваем у баявым арсенале літаратуры такую зброю, як сатыра і гумар. Я хацеў бы, напрыклад, назваць яркія і моцныя сатырычныя творы, скіраваныя на выкрыццё зла і небяспечных заган чалавечых,— сатырычныя раманы, аповесці, кнігі апавяданняў, паэмы, зборнікі вершаў, але — назваць няма чаго. Я падкрэсліваю: яркія і моцныя творы, таму што сякая-такая «смешная» прадукцыя сяды-тады паяўляецца, а яшчэ больш паяўляецца сатырычнай і гумарыстычнай імітацыі; але ж імітацыя — гэта шаманства, а не сапраўднае лячэнне ад хвароб. Размова ў нас ідзе пра мастацкую сатыру, а не пра газетную фельетонную крытыку. Гэтая апошняя павінна разглядацца ў Саюзе журналістаў, а нас можа цікавіць толькі сатыра, у якой, як і ва ўсякай рэалістычнай літаратуры, ёсць мастацкае абагульненне, ёсць тыпізаваныя мастацкія вобразы.
Нельга, вядома, паверыць, што ў нас проста звяліся сатырычныя таленты. Не кажучы пра новыя пакаленні пісьменнікаў, жывуць і пішуць старэйшыя таварышы, якія каля чвэрці веку назад ого якія бліскучыя ўзоры сатыры і гумару друкавалі ў газетах, у часопісах і кніжках! Сёння ж іх сфера камічнага як быццам не цікавіць або цікавіць зусім мала. Што ж датычыць маладзейшых таварышаў, многія спрабуюць далучыцца да цэху смехатворцаў і працаваць у ім, але іх цікавасць да камічнага ў большасці выпадкаў вельмі абмежаваная і павярхоўная, неглыбокая.
Так, нашай сённяшняй сатырычна-гумарыстычнай творчасці можна ў гэтым сэнсе прад'явіць сур'ёзныя патрабаванні. Напрыклад, ёй вельмі не хапае сацыяльнасці, найчасцей яна не выходзіць за межы сямейнага побыту і праблем гаспадарання.
Паводле Гётэ, ні ў чым так не выяўляецца характар людзей, як у тым, што яны знаходзяць смешным. Гартаючы нашы зборнікі гумару, сатырычныя старонкі часопісаў і газет — часцей за ўсё бачыш досціпы на адны і тыя ж сюжэты: сямейныя непаладкі і непаразуменні, асабліва ж — з удзелам цёшчы. Таўшчэзную анталогію можна скласці з гумарыстычных твораў пра цёшчу! Вось і думаеш пра «характар людзей», што забаўляюцца гэткім смехам, пра іх маральны ўзровень і духоўны гарызонт.