Нашай сатырычнай літаратуры катастрафічна не хапае глыбіні: яна — канстатуе, апісвае адмоўныя факты і з'явы, але не ўскрывае прычын, якія іх параджаюць, не выкрывае філасофію зла. А найпершая ж і найгалоўнейшая яе задача іменна ў тым, каб агаліць карэнні зла, развянчаць філасофію зла, паказаць вытокі, адкуль яно пачынаецца, чаму яно ўзнікае, нараджаецца і чаму яно такое жывучае. Яна сцябае, як лёгкай дзіцячай пужкай, розных дробных злодзеяў, п'яніц і прагульшчыкаў, гультаёў і нядбайцаў, хабарнікаў і распуснікаў і да іх падобных, але не паказвае, дзе, у чым карэнні гэтых людскіх заган, не паказвае тых умоў, што спрыяюць іх існаванню. Гэтыя ж заганы — усяго-наўсяго вонкавае праяўленне з'яў куды больш істотных і куды больш небяспечных. А іменна — такіх з'яў, як бездухоўнасць, цынізм, крывадушша, пошласць, эгаізм, мяшчанская хцівасць. Усё тое іншае, што ляжыць на паверхні і трапляе ў нашы фельетоны і гумарэскі,— паходзіць адсюль — з бездухоўнасці і цынізму, з фальшу і крывадушша, з эгаізму і хцівасці, з беспрынцыннасці і подласці. Сярод гэтага зла на першае месца я паставіў бы фальш і крывадушша. Людзей, якія толькі робяць выгляд, што служаць грамадству і нашым камуністычным ідэалам, з'яўляючыся ў сапраўднасці закаранелымі эгаістамі, хціўцамі і прыстасаванцамі, у нас яшчэ, на вялікі жаль, нямала. І найбольшая шкода для грамадства, для справы камунізма — ад іх, ад іх жыццёвай філасофіі, якой яны кіруюцца, ад іх гнілой атрутнай маралі, мікробамі якой яны заражаюць наша паветра, атмасферу, у якой мы жывём.
Відаць, многім чытачам запомнілася апублікаванае ў «Правде» пісьмо старой камуністкі Е. Платонавай, у якім яна падзялілася сваёй бядой: яе дзеці — дачка і зяць — жывуць фальшывым, крывадушным жыццём. «Муж уступіў у партыю дзеля кар'еры. А пра тое, што я была ў камсамоле, нікому гаварыць не трэба» — так заявіла матцы дачка. «Аднойчы яны сабралі вялікую кампанію, за сталом сядзела і я. Быў расказаны нядобры анекдот. Пачуўся смех. Насупраць мяне сядзеў сакратар парткома, і, гледзячы яму ў вочы, я сказала: «А анекдот жа махровы». Ён абурыўся: «Я махровы?» Кажу: «Не — анекдот». Тут дачка папрасіла мяне выйсці з пакоя. З той пары за стол мяне ніколі не запрашалі. А гэты таварыш усё яшчэ кіруе парткомам. За кароткі тэрмін ён змяніў тры кватэры».
Удумаемся толькі: які жахлівы парадокс! Ганебныя перажыткі мінулага не ў старога чалавека, што нарадзіўся да Кастрычніка, а ў маладых нашых сучаснікаў, што нарадзіліся і выраслі ва ўмовах сацыялізма! Мне здаецца, што самае небяспечнае ў нашым сённяшнім жыцці — вось гэта. Фальшыўцы, крывадушнікі, дэмагогі пралазяць на адказныя пасады і карыстаюцца заваёвамі сацыялізма, набыткамі і багаццямі народа.
Страшна, калі чалавек пачынае цаніць выгады фальшу і звыкаецца з імі. Сумна, калі ўчарашні змагар за праўду і справядлівасць сёння дарваўся да карыта або ўчапіўся ротам за салодкае сусло, смокча і маўчыць. Страшна і сумна, бо гэта значыць, што зло — перамагло.
Нашай сатыры не хапае злосці, з'едлівасці, яна амаль не ведае сарказму. Гаворачы словамі Івана Мялешкі, вядомага ў гісторыі старажытнай беларускай літаратуры, сатырык павінен «праўдай, як соллю, ў вочы кідаць». Так, сатыра — гэта перш за ўсё праўда, і праўда — непрыемная. Што і казаць, для такой сатыры патрэбна, каб у аўтара была смеласць, мужнасць, і не толькі гэта. І не толькі ў аўтара.
Сатыра — такі від літаратурна-мастацкай творчасці, які вельмі многа вымагае ад таго, хто за яе бярэцца, хто асмельваецца прэтэндаваць на прыналежнасць да гэтага роду літаратурнага войска. Справа ў тым, што сатыра — гэта своеасаблівы від грамадскай крытыкі; своеасаблівы — бо ў вобразна-мастацкай форме, тым не менш — гэта крытыка, а значыць, заўсёды можна пацікавіцца асобай сатырыка, у сэнсе: «А суддзі хто?» І калі ў нашых умовах, у нашым грамадстве пісьменнік наогул павінен быць увасабленнем адзінства мастака і грамадзяніна, мастака і чалавека, то яшчэ больш справядлівым, мабыць, з'яўляецца гэта патрабаванне ў дачыненні да пісьменніка-сатырыка.
Нашай сатырычна-гумарыстычнай літаратуры не хапае болю, горычы. Смех без болю, без горычы — гэта смех для паляпшэння стрававання, гэта — тое казытанне пятак перад сном, якое прапаноўвала Каробачка Чычыкаву — каб хутчэй і мацней заснуць. Гэтакі смех многім даспадобы, яго многія і любяць, і цэняць, і лічаць, што іншага і не трэба. Але ж у гісторыі сусветнай літаратуры да гэтага часу найвышэй мы цэнім не той смех, які забаўляе, а той, які прымушае задумацца, ад якога забаліць, ад якога захочацца дапамагчы чалавеку стаць чалавекам. Найбольшая сіла сатыры якраз у тым, што яна прымушае задумацца над сапраўднымі прычынамі зла, пашукаць схаваныя, нябачныя воку механізмы і пружыны гэтага зла.