Зноў жа перад намі выключная вернасць народнапаэтычным традыцыям і поўная адпаведнасць стылю верша, яго паэтычнага сінтаксісу і мовы — духу нацыянальнага фальклору!
Куляшоў не стылізаваў нейкі адзін фальклорны жанр — не! Чалавек, дасведчаны ў беларускім фальклоры, знойдзе ў гэтым творы і нешта ад сапраўды фальклорных песень паланянак, і ад народнага пахавальнага галашэння, і ад рытмічнага складу батлеечна-балаганнага народнага верша і адчуе сурова-трагічны лад старажытнай беларускай балады, пераклічку з яе матывамі і вобразамі.
Прыгледзімся адно, як насычана сама мова верша народнымі фразеалагізмамі, устойлівымі зваротамі, цытатамі з песень. «А куды я пішу — можа, свет я смяшу...», «Не прашу за сябе — за зямлю, што нас лёгка насіла...», «У чужынца на правай руцэ...» (У народнай песні: «Ляжыць нялюбы па правай руцэ — я баюся разбудзіць.), «Паліваючы кожную шпалу і рэйку слязою гарачай» і г. д., і г. д. А ў выніку — у вышэйшай ступені арыгінальны твор пра яшчэ адзін бок вайны, яшчэ адзін бок усенароднай трагедыі — пра лёс жанчын-паланянак, тысяч дзяўчат і жанок, вывезеных на катаргу ў Германію. Дарэчы, ніхто глыбей і мацней за Куляшова гэту тэму ў савецкай паэзіі не раскрыў.
Вось толькі некалькі прыкладаў, як скарбы нацыянальнага фальклору могуць паслужыць паэту, паспрыяць яму ў яго ўласнай творчасці, дапамагчы напісаць выдатную арыгінальную кнігу, паэму, верш. Але ўсе гэтыя прыклады — з мінулага, няхай сабе і з не так далёкага. Ну, а як жа служыць фальклор паэтам сёння, на сучасным этапе развіцця нашай літаратуры? У якой ступені яны абапіраюцца на фальклорную спадчыну і на сучасны фальклор? У якой меры застаюцца вернымі народна-паэтычным традыцыям? Як шчодра і як плённа выкарыстоўваюць прыёмы і сродкі фальклорнай паэтыкі?
Уважлівае прачытанне сучаснай беларускай паэзіі дае, на наш погляд, падставу для наступнага вываду: сувязь з фальклорам больш моцная ў творчасці паэтаў старэйшага і сярэдняга пакаленняў і ў цэлым больш слабая ў паэзіі маладых. Тлумачыцца гэта, відаць, тым, што да нядаўняга часу ў беларускую паэзію таленты прыходзілі выключна з вёскі, дзе іх з маленства акружала стыхія фальклорнай культуры, якую яны пачыналі засвойваць яшчэ «з малаком маці», у калысцы. Яны натуральна праходзілі эстэтычную школу нацыянальнага фальклору. Цяпер сітуацыя досыць істотна мяняецца. Паяўляюцца паэты гарадскога паходжання або з такіх сучасных вёсак, у якіх традыцыйнага фальклору ў жывым бытаванні ўжо амаль няма, і яны могуць пазнаёміцца з ім толькі праз кнігі, што далёка не адно і тое ж. Да таго ж, трэба, каб было жаданне знаёміцца — няхай сабе і па кнігах (як калісьці М. Багдановіч), а час гэтаму зусім не спрыяе. Відаць, колькасць паэтаў, выхаваных ужо на чыста літаратурных традыцыях,— з развіццём урбанізацыі і карэннай перабудовы вёскі — будзе ў нас павялічвацца.
Не буду ўспамінаць імёны паэтычных старэйшын — іх творчасць у плане нашай размовы дастаткова даследавана. Радуе тое, што глыбока арганічнае засваенне самога духу нацыянальнага фальклору і яго паэтыкі бачым мы сёння ў творчасці С. Гаўрусёва, Ул. Караткевіча, А. Вярцінскага, П. Макаля, Е. Лось, А. Лойкі, Г. Бураўкіна, Я. Сіпакова, В. Зуёнка, Р. Барадуліна, Д. Бічэль-Загнетавай, А. Грачанікава, В. Вярбы і іншых паэтаў сярэдняга пакалення. Прычым, кожны з іх натуральна хіліцца да пэўных жанраў фальклору і цікавіцца яго пэўнымі якасцямі, бярэ з народнай творчасці «сваё», што яму бліжэй, што больш адпавядае ягонай творчай натуры. Гэта і зразумела: фальклор — настолькі багатая і шматгранная эстэтычная сістэма, што можа аднолькава паспяхова служыць прадстаўнікам самых розных кірункаў і стыляў у сучаснай паэзіі — ад узнёслых рамантыкаў да самых «зямных» рэалістаў. С. Гаўрусёву, Г. Бураўкіну, В. Вярбе бліжэй, напрыклад, лірычная народная песня. Р. Барадулін і В. Зуёнак чэрпаюць не толькі з песні, але і з іншых жанраў, у прыватнасці — з народнай парэміялогіі і дзіцячага фальклору. Ул. Караткевіч і Я. Сіпакоў плённа выкарыстоўваюць паэтыку народнай балады, падання і легенды. А. Вярцінскаму і П. Макалю, побач з лірычнай песняй, імпануюць у фальклоры эпічныя творы філасофскага і павучальнага зместу — сацыяльна-бытавыя і чарадзейныя казкі, прытчы і байкі, народная драматургія. Пра Д. Бічэль-Загнетаву нават цяжка сказаць, да чаго яна бліжэй, але дух народнага паэтычнага слова адчуваецца ў яе кнігах моцна.